Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 2, 16. 17b–18. 21–22
Заручуся з табою навекі

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню
і буду прамаўляць да яе сэрца.
І там заспявае яна,
як у дні маладосці сваёй
і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.
І ў той дзень, — кажа Пан, —
ты будзеш клікаць Мяне «Муж мой»,
і не будзеш больш звяртацца да Мяне «мой Баал».
Я заручуся з табою навекі;
заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі,
у міласці і міласэрнасці.
Заручуся з табою ў вернасці,
і ты пазнаеш Пана.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 15, 13–14. 30; 16, 5–13а
Уцякайма ад Абсалома. Няхай зласловіць, бо так яму загадаў Пан

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Прыйшоў пасланец і сказаў Давіду: Сэрцы ізраэльцянаў схіліліся да Абсалома. І сказаў Давід сваім слугам, якія былі з ім у Ерузалеме: Устаньце і ўцякайма, бо не будзе нам ратунку ад Абсалома. Спяшайцеся адысці, каб ён не апярэдзіў і не дагнаў нас, і не прынёс нам бяды, і не знішчыў горада гэтага вастрыём мяча.

Калі Давід узыходзіў на Аліўную Гару, ён ішоў і плакаў. Галава ягоная была пакрытая. Ён ішоў босы. Таксама ўсе людзі, пакрыўшы галовы свае, узыходзілі і плакалі.

Калі ж кароль Давід падышоў да Бахурыма, выйшаў адтуль чалавек з сямейства дому Саўла. Звалі яго Сэмэй, сын Гера. Ён заходзіў наперад і зласловіў, кідаючы камяні ў Давіда і ва ўсіх слугаў караля Давіда, хоць увесь народ і ўсе мужныя воіны былі злева і справа.

Сэмэй казаў так, зласловячы: Прэч, прэч, крывавы муж і нягодны чалавек. Пан адплаціў табе за ўсю кроў дому Саўла, замест якога ты пануеш. І аддаў Пан валадаранне ў рукі сына твайго Абсалома. І вось ты ў бядзе, бо ты крывавы чалавек.

Тады Абісай, сын Цэруя, сказаў каралю: Чаму гэты здохлы сабака зласловіць гаспадара майго і караля? Пайду і адсяку яму галаву. Але кароль сказаў: Што мне і вам да гэтага, сыны Цэруя? Калі ён зласловіць і калі Пан загадаў яму зласловіць Давіда, хто тады адважыцца сказаць: Чаму ты робіш так? І сказаў Давід Абісаю і ўсім слугам ягоным: Вось сын мой, які выйшаў з нутра майго, шукае згубы маёй, а гэты сын Бэньямініта тым больш. Пакіньце яго, няхай зласловіць, бо так яму загадаў Пан. Можа паглядзіць Пан на прыніжэнне маё і адплаціць мне дабром за гэты сённяшні праклён.

І пайшоў Давід і ягоныя людзі далей сваёй дарогай.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — шаснаццаты звычайны тыдзень. Год II

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 6, 1–4. 6–8
О чалавек, сказана табе, чаго патрабуе ад цябе Пан

Чытанне кнігі прарока Міхея.

Паслухайце, што кажа Пан:
Устань, судзіся перад гарамі,
няхай пагоркі чуюць твой голас.
Паслухайце, горы, суд Пана,
прыслухайцеся, моцныя падставы зямлі,
бо ў Пана спрэчка з народам Яго
і Ён судзіцца з Ізраэлем.
Народзе Мой, што Я зрабіў табе,
чым я стаміў цябе? Адкажы Мне.
Я вывеў цябе з зямлі егіпецкай,
вызваліў цябе з дому няволі
і паслаў перад табою Майсея,
Аарона і Мірыям.
З чым я з’яўлюся перад Панам
і пакланюся перад Найвышэйшым Богам?
Ці прынясу Яму ўсеспаленні
і аднагадовых цялят?
Ці спадабаюцца Пану тысячы баранаў
і дзесяткі тысяч патокаў алею?
Ці мне прынесці за маю правіну першынца майго,
плод майго ўлоння за грэх маёй душы?
О, чалавек, сказана табе, што ёсць дабром,
і чаго патрабуе ад цябе Пан:
паступаць справядліва, любіць міласэрнасць
і пакорна хадзіць перад тваім Богам?
Гэта слова Божае.

Панядзелак — шаснаццаты звычайны тыдзень. Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 14, 5–18
Даведаюцца, што Я — Пан, калі пакажу славу Маю на фараоне

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Абвешчана было каралю егіпецкаму, што народ уцёк. І адвярнулася сэрца фараона і слугаў ягоных ад гэтага народа, і сказалі яны: Што гэта мы зрабілі? Навошта мы адпусцілі ізраэльцянаў, каб яны не працавалі на нас? Фараон запрог сваю калясніцу і забраў з сабою свой народ. Узяў шэсцьсот лепшых калясніц, і ўсе егіпецкія калясніцы, і правадыроў над усімі імі.

Пан учыніў жорсткім сэрца фараона, караля егіпецкага, і ён пагнаўся за сынамі Ізраэля. Сыны ж Ізраэля выходзілі з узнятаю рукою. І пагналіся за імі егіпцяне (усе коні, калясніцы фараона, і вершнікі, і ўсё войска ягонае) і дагналі іх каля Пі-Хахірота, перад Баал-Цэфонам, калі яны разбілі лагер каля мора.

Фараон наблізіўся, а сыны Ізраэля, узняўшы вочы свае, убачылі, што егіпцяне ідуць за імі. Сыны Ізраэля вельмі спалохаліся і ўсклікнулі да Пана. Яны сказалі Майсею: Ці ж няма грабніц у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? Што гэта ты зрабіў нам, што вывеў нас з Егіпта? Ці ж не тое самае гаварылі мы табе ў Егіпце, кажучы: Пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на егіпцянаў, бо лепш нам быць у няволі ў егіпцянаў, чым памерці ў пустыні. Але Майсей сказаў народу: Не бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаванне ад Пана, якое ўчыніць вам сёння, бо егіпцянаў, якіх вы бачыце сёння, больш не ўбачыце ніколі. Пан будзе змагацца за вас, а вы будзьце спакойныя.

Сказаў Пан Майсею: Чаму ты ўсклікаеш да Мяне? Скажы сынам Ізраэля, няхай выходзяць. А ты падымі кій свой і працягні руку сваю да мора і падзялі яго, і пойдуць сыны Ізраэля сярод мора па сушы. Я ж зраблю жорсткім сэрца егіпцян, каб пайшлі яны ўслед за імі. І пакажу славу Маю на фараоне і ўсім войску ягоным, на калясніцах і вершніках ягоных. І даведаюцца егіпцяне, што Я – Пан, калі пакажу славу Маю на фараоне і ўсім войску ягоным, на калясніцах і вершніках ягоных.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 4, 1–15. 25
Каін паўстаў на свайго брата Абэля і забіў яго

Чытанне кнігі Быцця.

Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: Я нарадзіла мужчыну з дапамогаю Пана. А потым нарадзіла яна брата ягонага Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам.

сталася праз пэўны час, што Каін прынёс Пану ахвяру з пладоў зямлі. Абэль таксама прыносіў ахвяру з першынцаў статку свайго і з тлушчу іхняга. І Пан паглядзеў на Абэля і на ахвяру ягоную, а на Каіна і ягоную ахвяру не паглядзеў. Тады Каін моцна раззлаваўся, і спахмурнеў ягоны твар.

І сказаў Пан Каіну: Чаму засмуціўся ты, і чаму спахмурнеў твар твой? Калі ты робіш добра, ці не павінна быць узнята аблічча тваё? А калі не робіш добра, грэх затойваецца пры дзвярах. Ён цягне цябе да сябе, але ты можаш панаваць над ім.

І Каін сказаў Абэлю: Хадзем ў поле. А калі яны былі ў полі, Каін паўстаў на свайго брата Абэля і забіў яго. Тады Пан сказаў Каіну: Дзе Абэль, брат твой? Той адказаў: Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго? І сказаў Пан: Што зрабіў ты? Голас крыві твайго брата ўсклікае да Мяне з зямлі. Цяпер ты пракляты на зямлі, якая раскрыла свае вусны і прыняла кроў твайго брата ад рукі тваёй. Калі будзеш апрацоўваць яе, больш не будзе даваць табе пладоў сваіх. Выгнаннікам і бяздомным будзеш на зямлі.

Тады сказаў Каін Пану: Маё пакаранне занадта вялікае, каб вытрываць яго. Вось сёння Ты праганяеш мяне з паверхні зямлі, і я павінен хавацца ад аблічча Твайго і быць выгнаннікам і бяздомным на зямлі. Так кожны, хто спаткае мяне, можа забіць мяне. Але Пан сказаў: Не, калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра. І паставіў Пан знак на Каіна, каб кожны, хто сустрэне яго, не забіў яго.

Пасля Адам зноў пазнаў сваю жонку, і нарадзіла яна сына, і назвала яго Сэт, кажучы: Бог даў мне іншага нашчадка замест Абэля, якога забіў Каін.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 1, 1–11
Выпрабаванне веры вашай стварае цярплівасць

Пачатак Паслання святога апостала Якуба.

Якуб, слуга Бога і Пана Езуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў, рассеяных па свеце.

Браты мае, з вялікай радасцю ўспрымайце тое, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні. Бо ведаеце, што выпрабаванне веры вашай стварае цярплівасць. А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі поўнасцю дасканалыя, ні ў чым не маючы недахопу.

Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму. Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер. І няхай гэты чалавек не думае, што атрымае нешта ад Пана: чалавек двурушны, нясталы ва ўсіх шляхах сваіх.

Няхай прыніжаны брат хваліцца ўзвышэннем сваім, а багаты — прыніжэннем сваім, таму што праміне, як палявая кветка. Бо ўзышло сонца разам са спёкай і высушыла траву, і кветка яе апала, і прыгажосць аблічча яе знікла — так і багаты завяне на сваіх шляхах.

Гэта слова Божае.

Панядзелак I звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 1, 1–6
Бог прамовіў да нас праз Сына

Пачатак Паслання да Габрэяў.

Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет.

Ён, будучы адлюстраваннем Ягонай славы і вобразам Ягонай сутнасці і падтрымліваючы ўсё словам моцы сваёй, здзейсніў ачышчэнне ад грахоў, сеў праваруч Велічы на вышынях і стаў настолькі вышэйшым за анёлаў, наколькі больш слаўнае, чым яны, атрымаў у спадчыну імя.

Бо калі і каму з анёлаў Ён сказаў:
Ты — Сын Мой,
Я сёння нарадзіў Цябе?
І яшчэ:
Я буду Яму Айцом,
а Ён будзе Мне Сынам.
Калі ж зноў увядзе Першароднага ў свет, скажа:
Няхай паклоняцца Яму
ўсе анёлы Божыя.

Гэта слова Божае.

Панядзелак I звычайнага тыдня, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 1–8 
Саперніца ж дакучала Ганне з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне

Пачатак Першай кнігі Самуэля.

Быў адзін чалавек па імені Элькан з Раматаім-Цафіма, з узгор’я Эфраіма. Ён быў сынам Ерахама, сына Элігу, сына Тоху, сына Цуф Эфрата. Было ў яго дзве жонкі: адна па імені Ганна, а другая — Феніна. У Феніны былі дзеці, а ў Ганны дзяцей не было.

Штогод гэты чалавек хадзіў са свайго горада пакланіцца і прынесці ахвяру Пану Магуццяў у Сілом. Там былі два сыны Элія: Офні і Фінхас, святары Пана.

У той дзень, калі Элькана прыносіў ахвяру, ён даваў Феніне, сваёй жонцы, і ўсім яе сынам і дочкам па частцы. Ганне даваў падвойную частку, бо любіў Ганну, хоць Пан і замкнуў яе ўлонне. Саперніца ж яе засмучала яе моцна, бо дакучала ёй з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне. І так рабіў ён з году ў год, калі яна ўваходзіла ў дом Пана. А Феніна так насміхалася з яе, што Гана плакала і не ела. Тады сказаў ёй Элькана, муж яе: Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму смуткуе сэрца тваё? Ці ж я не лепшы для цябе, чым дзесяць сыноў?

Гэта слова Божае.

Панядзелак II звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 5, 1–10
Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі. Ён можа спачуваць тым, хто не ведае і блукае, бо і сам мае ў сабе слабасць. Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.

І ніхто сам не бярэ сабе гэтага гонару апроч пакліканага Богам, як і Аарон. Так і Хрыстус не сам сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, але той, хто сказаў Яму: Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў; як і ў іншым месцы кажа: Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка.

Хрыстус у дні цела свайго з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць. Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў. І, будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення, і Богам быў абвешчаны Першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка.

Гэта слова Божае.

Панядзелак III звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 9, 15. 24–28
Адзін раз на сканчэнні вякоў з’явіўся дзеля знішчэння граху сваёю ахвяраю, другі раз не дзеля граху з’явіцца тым, хто чакае Яго

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Хрыстус стаў Пасрэднікам Новага Запавету, каб праз смерць, якая была дзеля адкуплення ад злачынстваў, учыненых у першым запавеце, атрымалі абяцанае тыя, хто пакліканы да вечнай спадчыны.

Хрыстус увайшоў не ў святыню, пабудаваную рукамі на ўзор праўдзівых, але ў само неба, каб цяпер заступіцца за нас перад абліччам Бога; і не дзеля таго, каб шматразова прыносіць сябе ў ахвяру, дзеля чаго штогод уваходзіць першасвятар у Святое Святых з чужою крывёю, бо Яму трэба было б шмат разоў цярпець ад пачатку свету. Цяпер жа Ён адзін раз на сканчэнні вякоў з’явіўся дзеля знішчэння граху сваёю ахвяраю. І як людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд, так і Хрыстус, раз ахвяраваўшы сябе, каб панесці грахі многіх, другі раз не дзеля граху з’явіцца тым, хто чакае Яго дзеля збаўлення.

Гэта слова Божае.

Панядзелак IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 11, 32–40
Вераю перамагалі валадарствы... Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гэдэона, Барака, Самсона і Эфтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, мацаваліся, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.

Жонкі атрымлівалі сваіх памерлых праз уваскрашэнне. Іншыя ж былі закатаваныя, але не прынялі вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрашэнне.

Яшчэ іншыя спазналі асмяянне і бічаванне, а таксама кайданы і вязніцу. Іх каменавалі, пілавалі, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казліных скурах, церпячы нястачу, уціск, дрэннае абыходжанне. Яны, якіх свет не быў варты, блукалі па пустынях і гарах, па пячорах і цяснінах зямлі.

І ўсе яны, хоць і былі прызнаныя дзякуючы веры, не атрымалі абяцанага, таму што Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае, каб яны без нас не дасягнулі дасканаласці.

Гэта слова Божае.

Панядзелак XXVII звычайнага тыдня, год ІІ (без разважанняў)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 1, 6–12
Не ад чалавека я прыняў Евангелле і быў навучаны яму, а дзякуючы аб’яўленню Хрыста

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага Евангелля. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.

Але калі б нават мы ці Анёл з неба пачаў абвяшчаць вам Евангелле, адрознае ад таго, якое мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты. Як раней мы казалі, так і цяпер яшчэ кажу: калі хто абвяшчае вам Евангелле, адрознае ад таго, якое вы прынялі, няхай будзе пракляты.

Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста. Адкрываю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека. Бо і я прыняў яго і быў навучаны не ад чалавека, а дзякуючы аб’яўленню Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

Панядзелак XXVIIІ звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 4, 22–24. 26–27. 31 — 5, 1
Мы дзеці не служанкі, але свабоднай

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Напісана, што ў Абрагама было два сыны: адзін ад служанкі, другі ад свабоднай. Але той, што ад служанкі, нарадзіўся паводле цела, а той, што ад свабоднай — з абяцання. У гэтым ёсць алегорыя: гэтыя дзве жанчыны сімвалізуюць два запаветы. Адзін, на гары Сінай, які нараджае да няволі — гэта Агар.

А верхні Ерузалем свабодны, ён — нашая маці. Бо напісана: Узвесяліся, бясплодная, што не нараджала; усклікні і закрычы, якая не цярпела родаў, таму што у пакінутай больш дзяцей, чым у замужняй.

Таму, браты, мы дзеці не служанкі, але свабоднай. Дзеля свабоды Хрыстус вызваліў вас, таму трывайце і не паддавайцеся ярму рабства.

Гэта слова Божае.

Панядзелак XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 32 — 5, 8
Паступайце ў любові, як і Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.

Дык вось, наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя, і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас, і аддаў Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах.

А распуста, і ўсялякая нячыстасць, і сквапнасць няхай нават не згадваюцца сярод вас, як гэта належыць святым. Таксама і брыдота, і пустаслоўе, і непрыстойныя жарты недапушчальныя. Наадварот, няхай лепш будзе падзяка. Напэўна ведайце, што ніякі распуснік, або нячысты, ці сквапны, гэта значыць ідалапаклоннік, не мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.

Няхай ніхто не зводзіць вас марнымі словамі, бо праз гэта прыходзіць гнеў Божы на непаслухмяных сыноў. Не будзьце ж іх супольнікамі. Вы калісьці былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла.

Гэта слова Божае.

Панядзелак XXXII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ціт 1, 1–9 
Каб ты прызначыў прэзбітэраў, як я наказваў табе

Пачатак Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Павел, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры выбраных Божых і спазнання праўды адносна пабожнасці, у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах прэзбітэраў, як я наказваў табе, калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці. Таму што біскуп павінен быць бездакорны, як Божы эканом, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, але гасцінны, дабралюбны, разважлівы, справядлівы, пабожны, стрыманы, які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.

Гэта слова Божае.

Панядзелак XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 1, 1–4; 2, 1–5а 
Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся

Пачатак кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. І Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго Анёла да слугі свайго Яна, які засведчыў пра слова Божае і сведчанне Езуса Хрыста ўсё, што бачыў.

Шчаслівы, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.

Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі духаў, што перад Ягоным тронам.

Я пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу эфескага Касцёла: Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых светачаў. Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасць тваю, і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы. Ты маеш цярплівасць і пакутваў дзеля імя Майго, і не знямогся.

Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі так, як ты рабіў спачатку.

Гэта слова Божае.

Панядзелак XXXIV звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 14, 1–3. 4b–5 
Імя Хрыста і імя Айца Ягонага напісана на чолах іхніх

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, убачыў: вось Ягня стаіць на сіёнскай гары, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах іхніх.

І пачуў я голас з неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. А голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх. Яны спяваюць быццам новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі. Гэта тыя, якія ідуць следам за Ягнцам, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, як пачаткі Богу і Ягняці. У вуснах іхніх няма падману: яны беззаганныя.

Гэта слова Божае.

Панядзелак у актаве Пасхі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 2, 14. 22–33
Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У дзень Пяцідзесятніцы ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю і прамовіў моцным голасам да іх: Мужы Ізраэля, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэту быў Мужам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, што Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце. Вызначаная воля і прадбачанне Божае выдала Яго, а вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі Яго. Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад мукаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго. Давід жа гаворыць пра Яго: Я заўсёды меў Пана перад сабою, бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся. Таму ўсцешылася сэрца маё і ўзрадаваўся язык мой, і цела маё будзе спачываць у надзеі. Бо не пакінеш душы маёй у адхлані, не дасі Святому Твайму ўбачыць тленне. Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця. Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім.

Мужы і браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень. Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне патомка ягонага. Ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што не засталася душа Яго ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыла тлення. Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі. Вось, узнесены правіцаю Бога і, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, Ён выявіў тое, што вы бачыце і чуеце.

Гэта слова Божае.

Серада XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 6, 1–9
Слухайцеся, як нявольнікі Хрыстовыя

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. «Шануй бацьку свайго і маці» — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі.

І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана. Нявольнікі, слухайцеся гаспадароў вашых паводле цела з бояззю і трымценнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста. Служыце не толькі для вока, каб спадабацца людзям, але як нявольнікі Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы, служачы добраахвотна, як Пану, а не як людзям. Ведайце, што кожны, нявольнік ён, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, атрымлівае тое ж ад Пана.

І вы, гаспадары, рабіце з імі тое самае: перастаньце пагражаць, ведаючы, што і над вамі, і над імі ёсць у нябёсах Пан, які не зважае на асобы.

Гэта слова Божае.