Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Серада XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 6, 1–9
Слухайцеся, як нявольнікі Хрыстовыя

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. «Шануй бацьку свайго і маці» — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі.

І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана. Нявольнікі, слухайцеся гаспадароў вашых паводле цела з бояззю і трымценнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста. Служыце не толькі для вока, каб спадабацца людзям, але як нявольнікі Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы, служачы добраахвотна, як Пану, а не як людзям. Ведайце, што кожны, нявольнік ён, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, атрымлівае тое ж ад Пана.

І вы, гаспадары, рабіце з імі тое самае: перастаньце пагражаць, ведаючы, што і над вамі, і над імі ёсць у нябёсах Пан, які не зважае на асобы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 145 (144), 10–11. 12–13аb. 13cd–14 (Р.: 13c)

Рэфрэн: Пан верны ва ўсіх сваіх словах.

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

12. Няхай сыны чалавечыя даведаюцца пра Тваю магутнасць *
і пра веліч славы Твайго Валадарства.
13. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў,
і панаванне Тваё — з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

Пан верны ва ўсіх сваіх словах *
і святы ва ўсіх сваіх справах.
14. Пан падтрымлівае ўсіх, хто падае, *
і падымае ўсіх прыгнечаных.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Тэс 2, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пан паклікаў нас праз Евангелле,
каб мы атрымалі славу Пана нашага Езуса Хрыста.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 22–30
Прыйдуць з усходу і з захаду, і сядуць за стол у Валадарстве Божым

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.

І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?

Ён жа сказаў ім: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Пане, адчыні нам. Але Ён скажа ў адказ: Не ведаю вас, адкуль вы.

І пачнеце казаць: Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты. Але Ён скажа вам: Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць.

Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе — выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Той, хто паступае справядліва, будзе збаўлены

Пытанне, якое скіравалі Езусу, з самага пачатку з’яўляецца памылковым. Яно датычыць лічбы збаўленых, а не таго, як збавіцца. Тут жа крыецца выключна цікаўнасць, а не жаданне прабываць з Богам у шчаслівай вечнасці. Адказ Езуса адкрывае надзвычайныя перспектывы. Натоўпы з усіх бакоў свету немагчыма палічыць, але можна заўважыць, каго сярод іх няма. Вось гэтых з самай сярэдзіны. Калісьці ізраэльцяне лічылі Ерузалем цэнтрам свету, а саміх сябе выбраным народам. Бог, Які ёсць любоўю, прагне адчыніць дзверы свайго валадарства і збавіць усіх. Але дасягнуць гэтага толькі тыя, якія паступаюць справядліва і якія паслухмяныя Богу з пашанай і бояззю ў прастаце сэрца, як дзеці сваім бацькам.

Хрысце, Ты перасцерагаеш мяне, што для ўваходу на вечную гасціну недастаткова толькі карміцца Тваім Словам і Целам. Узмоцнены Табою я прыношу добры плод, каб Ты адчыніў мне дзверы.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Панядзелак

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.