Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 4, 1–15. 25
Каін паўстаў на свайго брата Абэля і забіў яго

Чытанне кнігі Быцця.

Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: Я нарадзіла мужчыну з дапамогаю Пана. А потым нарадзіла яна брата ягонага Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам.

сталася праз пэўны час, што Каін прынёс Пану ахвяру з пладоў зямлі. Абэль таксама прыносіў ахвяру з першынцаў статку свайго і з тлушчу іхняга. І Пан паглядзеў на Абэля і на ахвяру ягоную, а на Каіна і ягоную ахвяру не паглядзеў. Тады Каін моцна раззлаваўся, і спахмурнеў ягоны твар.

І сказаў Пан Каіну: Чаму засмуціўся ты, і чаму спахмурнеў твар твой? Калі ты робіш добра, ці не павінна быць узнята аблічча тваё? А калі не робіш добра, грэх затойваецца пры дзвярах. Ён цягне цябе да сябе, але ты можаш панаваць над ім.

І Каін сказаў Абэлю: Хадзем ў поле. А калі яны былі ў полі, Каін паўстаў на свайго брата Абэля і забіў яго. Тады Пан сказаў Каіну: Дзе Абэль, брат твой? Той адказаў: Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго? І сказаў Пан: Што зрабіў ты? Голас крыві твайго брата ўсклікае да Мяне з зямлі. Цяпер ты пракляты на зямлі, якая раскрыла свае вусны і прыняла кроў твайго брата ад рукі тваёй. Калі будзеш апрацоўваць яе, больш не будзе даваць табе пладоў сваіх. Выгнаннікам і бяздомным будзеш на зямлі.

Тады сказаў Каін Пану: Маё пакаранне занадта вялікае, каб вытрываць яго. Вось сёння Ты праганяеш мяне з паверхні зямлі, і я павінен хавацца ад аблічча Твайго і быць выгнаннікам і бяздомным на зямлі. Так кожны, хто спаткае мяне, можа забіць мяне. Але Пан сказаў: Не, калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра. І паставіў Пан знак на Каіна, каб кожны, хто сустрэне яго, не забіў яго.

Пасля Адам зноў пазнаў сваю жонку, і нарадзіла яна сына, і назвала яго Сэт, кажучы: Бог даў мне іншага нашчадка замест Абэля, якога забіў Каін.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 50 (49), 1 і 8. 16bc–17. 20–21 (Р.: 14а)

Рэфрэн: Прынось Богу ахвяру падзякі.

1. Прамовіў Пан, Бог над багамі *
і паклікаў зямлю ад усходу да захаду сонца.
8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.

Рэфрэн:

16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне *
і словы Мае кідаеш за сабою?

Рэфрэн:

20. Сядзіш і гаворыш супраць брата свайго, *
зневажаеш сына тваёй маці.
21. Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. *
Ты думаў, што Я падобны да цябе?

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 11–13
Гэтае пакаленне патрабуе знаку?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Езусам, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго. Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму.

Пасля Ён пакінуў іх, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Выпрабоўваць Езуса

Можа на словы гэтага фрагменту з Евангелля мы абураемся, што фарысеі ўвесь час дыскутавалі з Езусам і выпрабоўвалі Яго. Аднак не будзем забываць, што нягледзячы на тое, што мы вельмі часта думаем пра фарысеяў, яны былі людзьмі вельмі пабожнымі і справядлівымі. Іх дыскусія з Езусам мела рэлігійную аснову. Яны патрабавалі ад Езуса знаку, каб пераканацца, што Ён з’яўляецца тым, каго яны чакалі. Зрэшты, ім было дадзена шмат знакаў, разам з апошнім, смерцю і ўваскрасеннем Езуса. А мы ці здольныя яшчэ чакаць прыйсця Месіі? Ці распазнаём Яго, калі прабывае сярод нас? Калі апошні раз мы ўступалі з Ім у дыялог ці хоць бы ў спрэчку? Мы абураемся на фарысеяў, якія ўвесь час дыскутавалі з Езсам, аднак забываем, што самі мы вельмі часта не знаходзім часу, каб якім-небудзь чынам звярнуцца да Яго.

Пане Езу, узбудзі ў нас прагненне сустрэчы і размовы з Табою. Няхай усё, што нас сустрэне і да нас дакранецца, стане святлом Тваёй прысутнасці.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Панядзелак

Друкаваць

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • САКАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.