Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак XXVII звычайнага тыдня, год ІІ (без разважанняў)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 1, 6–12
Не ад чалавека я прыняў Евангелле і быў навучаны яму, а дзякуючы аб’яўленню Хрыста

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага Евангелля. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.

Але калі б нават мы ці Анёл з неба пачаў абвяшчаць вам Евангелле, адрознае ад таго, якое мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты. Як раней мы казалі, так і цяпер яшчэ кажу: калі хто абвяшчае вам Евангелле, адрознае ад таго, якое вы прынялі, няхай будзе пракляты.

Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста. Адкрываю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека. Бо і я прыняў яго і быў навучаны не ад чалавека, а дзякуючы аб’яўленню Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 111 (110), 1–2. 7–8. 9 і 10c (Р.: 5b)

Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.

1. Буду славіць Пана ўсім сваім сэрцам *
у коле праведных і на сходзе.
2. Вялікія справы Пана, *
жаданыя для ўсіх, хто іх любіць.

Рэфрэн:

7. Справы рук Ягоных праўдзівыя і справядлівыя, *
пэўныя ўсе Яго наказы,
8. умацаваныя на вякі вякоў, *
устаноўленыя ў праўдзе і справядлівасці.

Рэфрэн:

11. Ён адкупленне спаслаў свайму народу, *
навекі ўстанавіў свой запавет.
Ягонае імя святое і грознае. *
10. Хвала Яго будзе трываць вечна.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 13, 34

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, —
каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 25–37
Хто мой бліжні?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?

Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць.

Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні?

Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на сваю жывёлу, прывёз у заезд і паклапаціўся пра яго. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся пра яго. І як патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойніка?

Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі таксама.

Гэта слова Пана. 

Меткі: Разважанні, Панядзелак

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.