Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 11, 32–40
Вераю перамагалі валадарствы... Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гэдэона, Барака, Самсона і Эфтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, мацаваліся, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.

Жонкі атрымлівалі сваіх памерлых праз уваскрашэнне. Іншыя ж былі закатаваныя, але не прынялі вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрашэнне.

Яшчэ іншыя спазналі асмяянне і бічаванне, а таксама кайданы і вязніцу. Іх каменавалі, пілавалі, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казліных скурах, церпячы нястачу, уціск, дрэннае абыходжанне. Яны, якіх свет не быў варты, блукалі па пустынях і гарах, па пячорах і цяснінах зямлі.

І ўсе яны, хоць і былі прызнаныя дзякуючы веры, не атрымалі абяцанага, таму што Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае, каб яны без нас не дасягнулі дасканаласці.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 31 (30), 20. 21–22. 23. 24 (Р.: 25)

Рэфрэн: Будзьце мужнымі ўсе, хто спадзяецца на Пана.

20. Якая ж вялікая Твая дабрыня, *
якую Ты захаваў для тых, хто Цябе баіцца,
якую Ты падрыхтаваў тым, *
хто на Цябе спадзяецца перад чалавечымі сынамі.

Рэфрэн:

21. Пад покрывам аблічча свайго †
Ты хаваеш іх ад змоў людскіх. *
хаваеш іх, як у шатры, ад сварлівых языкоў.
22. Благаслаўлёны Пан, †
які паказаў сваю цудоўную ласкавасць *
у горадзе ўмацаваным.

Рэфрэн:

23. Я сказаў у страху сваім: *
Я адкінуты ад вачэй Тваіх, —
але Ты пачуў голас малітвы маёй, *
калі я клікаў Цябе.

Рэфрэн:

24. Любіце Пана, усе Ягоныя святыя; *
Пан ахоўвае верных,
а таму, хто паступае ганарліва, *
з лішкам вяртае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 5, 1–20
Выйдзі з чалавека, нячысты дух

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і Яго вучні прыбылі на другі бок мора ў краіну гадарэнаў. А калі Ён выйшаў з чаўна, Яму насустрач адразу выйшаў чалавек з могілак, апанаваны нячыстым духам. Жыллё ягонае было сярод магілаў. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, таму што часта яго знявольвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разбіваў ланцугі і кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць. Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў грабніцах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі.

Калі ж ён здалёк убачыў Езуса, падбег і пакланіўся Яму, і закрычаў моцным голасам, кажучы: Што Табе да мяне, Езу, сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не мучай мяне. Бо Езус сказаў яму: Выйдзі з чалавека, нячысты дух. І спытаўся ў яго: Як тваё імя? Той адказаў: Маё імя легіён, бо нас шмат. І моцна прасіў Яго, каб не выганяў іх з гэтай ваколіцы.

Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней. І прасілі яго нячыстыя духі, кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх. І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і статак, каля дзвюх тысяч, з абрыву кінуўся ў мора, і патанулі яны ў моры.

Свінапасы ж паўцякалі і абвясцілі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Яны прыйшлі да Езуса і ўбачылі, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. А тыя, хто бачыў, расказалі ім пра тое, што адбылося з апантаным і са свіннямі. Тады пачалі яны прасіць Езуса, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.

Калі Езус сядаў у човен, прасіў Яго апантаны, каб застацца з Ім. Але Езус не дазволіў яму і сказаў: Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як злітаваўся над табою. Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Не будзем гадарэнамі

Рэакцыя гадарэнаў здзіўляе перад тым, што напаткала чалавека, якога вызваліў Езус: пачалі яны прасіць Езуса, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.Замест таго, каб цешыцца і дзякаваць Езусу, што вызваліў не толькі апантанага, але і іх саміх, якія таксама па-рознаму цярпелі з гэтай прычыны, просяць Яго, каб Ён адышоў. Аднак, ці часта мы самі не падобныя да іх? На колькі мы гатовыя прыняць перамену, якую прыносіць Езус? Ці часта нашае старое жыццё не з’яўляецца для нас такім каштоўным, што мы не хочам яго пакінуць? Перад абліччам Езусам немагчыма застацца абыякавым. У сувязі з гэтым часта “просім Яго” са свайго жыцця, каб нішто ў ім не змяняць, бо калі б Езус у ім застаўся, то раней ці пазней такая перамена б адбылася.

Пане Езу, застанься з намі і перамяняй у нас тое, што патрабуе перамены. Вызвалі нас, каб мы маглі цалкам з’яднацца з Табою.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.