Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 8, 1–7. 9–13
Прынеслі каўчэг запавету Пана на яго месца, у Святое Святых, і воблака напоўніла дом Пана

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Саламон сабраў усіх старэйшын Ізраэля, усіх правадыроў плямёнаў, продкаў сыноў Ізраэля да караля Саламона ў Ерузалем, каб перанесці каўчэг запавета Пана з горада Давіда, гэта значыць з Сіёну. І ўвесь Ізраэль сышоўся да караля Саламона на ўрачыстасць у месяц этанім, а гэта сёмы месяц. Калі прыбылі ўсе старэйшыны Ізраэля, святары ўзялі каўчэг і панеслі каўчэг Пана і шацёр сходу, і ўсе святыя рэчы, якія былі ў шатры. Неслі іх святары і левіты.

Кароль Саламон і ўвесь сход Ізраэля, які прыйшоў да яго, разам з ім складалі перад каўчэгам у ахвяру авечак і быкоў, якіх нельга было палічыць з-за вялікага мноства. Святары прынеслі каўчэг запавету Пана на яго месца, у Дэбір святыні, у Святое Святых, пад крылы Херубімаў. Бо Херубімы распасціралі крылы над месцам каўчэга і прыкрывалі зверху каўчэг і жэрдкі яго. У каўчэгу не было нічога, апроч дзвюх каменных табліц, якія Майсей паклаў у яго на Гарэбе, калі Пан заключыў запавет з сынамі Ізраэля пасля іх выйсця з егіпецкай зямлі.

Калі святары выходзілі з санктуарыя, воблака напоўніла дом Пана, і не маглі святары стаяць і служыць з-за воблака, бо слава Пана напоўніла дом Пана.

Тады прамовіў Саламон: Пан сказаў, што будзе жыць у імгле. Я сапраўды збудаваў Табе дом для жылля, месца Твайго вечнага прабывання.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — сёмы звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 1, 1–10
Першай з усяго была створана мудрасць

Пачатак кнігі Мудрасці Сіраха.

Усякая мудрасць паходзіць ад Бога,
і яна застаецца з Ім навекі.
Марскі пясок, кроплі дажджу
і дні вечнасці хто палічыць?
Нябесную высь, зямную шыр,
бездань і мудрасць хто даследуе?
Першай з усяго была створана мудрасць,
і розум мудры існуе адвеку.
Каму адкрыўся мудрасці корань?
І хто спазнаў яе вялікія справы?
Адзін толькі мудры і вельмі грозны,
які сядзіць на троне сваім.
Пан сам стварыў яе,
агледзеў, і разлічыў яе,
і праліў яе на ўсе свае справы
і на кожнае цела паводле свайго дару,
і надзяліў ёю тых, хто любіць Яго.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 3, 13–18
Калі ў сэрцы вашым сварлівасць, то не хваліцеся

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Умілаваныя:

Хто з вас мудры і разумны? Няхай добрымі паводзінамі пакажа свае ўчынкі ў мудрай лагоднасці. Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, то не хваліцеся і не хлусіце насуперак праўдзе.

Бо гэта не мудрасць, якая прыходзіць звыш, але зямная, цялесная, д’ябальская. Бо дзе зайздрасць і сварлівасць, там бязладдзе і ўсякая ліхая справа. А мудрасць, якая прыходзіць звыш, найперш — чыстая, потым — міралюбная, лагодная, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная. А плод справядлівасці сеюць ў спакоі тыя, хто чыніць спакой.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 32, 15-25. 30-34
Народ гэты зрабіў вялікі грэх: яны зрабілі сабе залатых багоў

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей вярнуўся з гары, несучы ў руках сваіх дзве табліцы Сведчання, на якіх было напісана з абодвух бакоў. На адным і на другім баку было на іх напісана. А табліцы былі справай Бога, і пісьмёны былі пісьмёнамі Бога, высечанымі на табліцах.

Калі Езус Навін пачуў шум і крык народа, ён сказаў Майсею: У лагеры чутны шум бітвы. Той адказаў: Гэта не гул пераможнага воклічу і не гул паражэння, але я чую голас спеву.

Калі ж ён наблізіўся да лагера, убачыў цяля і пляскі. І распаліўся гнеў Майсея, і ён кінуў табліцы з рук сваіх, і разбіў іх каля падножжа той гары. Узяў цяля, што яны зрабілі, і спаліў яго ў агні. Сцёр яго ў пыл, і высыпаў у ваду, і загадаў піць яе сынам Ізраэля.

Тады Майсей сказаў Аарону: Што ж зрабіў табе народ гэты, што ты навёў на яго вялікі грэх? І адказаў Аарон: Няхай не абураецца гаспадар мой, бо ты ведаеш што гэты народ схільны да зла. Яны сказалі мне: Зрабі нам багоў, якія б ішлі на чале нас, бо мы не ведаем, што здарылася з гэтым Майсеем, мужам, які вывеў нас з егіпецкай зямлі. Тады я сказаў ім: Хто мае золата, няхай здыме з сябе. І яны далі мне, і я кінуў яго ў агонь, і атрымалася гэтае цяля.

І ўбачыў Майсей, што народ раскілзаны, бо Аарон папусціў яму лейцы на пасмешышча перад ворагамі іхнімі.

У наступны дзень Майсей прамовіў да народа: Вы зрабілі вялікі грэх. Цяпер жа я ўзыду да Пана і, можа, мне ўдасца перапрасіць за грэх ваш. І вярнуўся Майсей да Пана, і сказаў: О, народ гэты зрабіў вялікі грэх: яны зрабілі сабе залатых багоў. А цяпер, ці можаш адпусціць грэх іхні. Калі не, то сатры мяне з кнігі сваёй, якую ты напісаў. І Пан сказаў Майсею: Таго, хто зграшыў супраць Мяне, Я сатру з кнігі сваёй. А ты ідзі і вядзі народ гэты, куды Я казаў табе. Вось анёл Мой пойдзе перад табою. А ў дзень пакарання Майго, Я пакараю іх за іхні грэх.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 13, 1–11
Гэты народ як пояс, ні да чаго не прыдатны

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так сказаў мне Пан:

Ідзі, купі сабе льняны пояс і падперажы ім сцёгны свае, але ў ваду не кладзі яго. І я купіў пояс паводле слова Пана, і падперазаў ім свае сцёгны.

І другі раз было скіравана да мяне слова Пана: Вазьмі пояс, які ты купіў і якім ты падперазаў свае сцёгны. Устань, пайдзі да Еўфрата і схавай яго там ў расколіне скалы. І я пайшоў, і схаваў яго каля Еўфрата, як загадаў мне Пан.

Калі мінула шмат дзён, Пан сказаў мне: Устань, ідзі да Еўфрата і забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там. І я пайшоў, знайшоў і ўзяў пояс адтуль, дзе я схаваў яго. І вось пояс збуцвеў і стаў ні да чаго не прыдатны.

Тады Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Вось кажа Пан: Так я знішчу пыху Юды і вялізную пыху Ерузалема. Гэты грэшны народ не хоча слухаць Маіх словаў, жыве ва ўпартасці свайго сэрца і ходзіць за чужымі багамі, каб служыць ім і пакланяцца ім. Ён будзе, як гэты пояс, ні да чаго не прыдатны. Бо, як пояс прылягае да сцёгнаў мужчыны, так Я прылучыў да сябе ўвесь дом Ізраэля і ўвесь дом Юды, — кажа Пан, — каб ён быў для Мяне народам, імем, хвалою і славаю. Але яны не слухалі.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трынаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 18, 16-33
Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?

Чытанне кнігі Быцця.

Калі мужы адышлі ад дубоў Мамрэ, яны скіраваліся ў Садом. Абрагам ішоў разам з імі, каб правесці іх. І сказаў Пан: Ці магу Я ўтаіць ад Абрагама тое, што павінен зрабіць, бо ён стане вялікім і магутным народам, і будуць благаслаўлёныя ў ім усе народы зямлі? Бо Я выбраў яго, каб ён наказаў сваім дзецям і свайму дому пасля сябе трымацца шляху Пана і чыніць справядлівасць і правасуддзе, каб Пан здзейсніў на Абрагаме ўсё, што казаў яму. I сказаў Пан: Узмоцніўся крык супраць Садома і Гаморы, і грахі іхнія сталі вельмі цяжкімі. Сыду і пагляджу, ці сапраўды чыняць згодна з нараканнем, якое даходзіць да Мяне, ці не; Я даведаюся.

I павярнуліся мужы гэтыя, і пайшлі ў Садом. Абрагам жа яшчэ стаяў перад Панам. Наблізіўшыся, Абрагам сказаў: Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам? Калі знойдзецца ў горадзе пяцьдзесят справядлівых, няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш горада дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэтак, каб забіць справядлівага з нягоднікам, і ўчыніць са справядлівым, як з нягоднікам, не рабі так! Ці ж суддзя ўсёй зямлі не чыніць правасуддзя?

I Пан сказаў: Калі я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзесят справядлівых, то Я дарую ўсяму гораду дзеля іх.

I сказаў Абрагам у адказ: Вось я, будучы пылам і попелам, адважыўся гаварыць з Панам. А што, калі да пяцідзесяці будзе неставаць пяці справядлівых? Знішчыш ўвесь горад дзеля пяці?

Ён сказаў: Не знішчу, калі знайду там сорак пяць.

I зноў кажа Яму: Можа, знойдзецца там сорак.

Ён сказаў: Не ўчыню і дзеля сарака.

I сказаў: Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу: можа, знойдзецца там трыццаць.

Ён сказаў: Не ўчыню, калі знайду там трыццаць.

I сказаў: Вось жа, я пачаў гаварыць з Панам: можа, знойдзецца там дваццаць?

Ён сказаў: Не зруйную дзеля дваццаці.

I сказаў: Прашу, няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу яшчэ раз: можа, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: Не знішчу дзеля дзесяці.

I адышоў Пан, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся на сваё месца.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 2, 6-10. 13-16
Сціраюць у пыл галовы бедных

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Так кажа Пан:

За тры злачынствы Ізраэля і за чатыры не адвярну свайго пакарання, бо справядлівага прадаюць за срэбра і беднага — за пару сандаляў. Сціраюць у пыл зямны галовы бедных і шлях паслухмяных скрыўляюць. Бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб знеслаўляць Маё святое імя. На вопратцы, узятай у заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка і віно асуджаных п’юць у доме Бога свайго. А Я знішчыў перад абліччам іх Амарэя, які быў высокі як кедр і моцны, як дуб; Я знішчыў плод яго наверсе і карэнне яго ўнізе.

А вас Я вывеў з зямлі егіпецкай і вадзіў вас па пустыні сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэйскую. Вось Я прыцісну вас да зямлі, як цісне воз, нагружаны снапамі. І хуткі не зможа ўцячы, і моцны не ўзмоцніць сваёй сілы, і магутны не ўратуе свайго жыцця, не выстаіць ні лучнік, ні хутканогі не ўцячэ, ні вершнік не ўратуе свайго жыцця. І самы адважны ў сэрцы сярод моцных уцячэ голы ў той дзень, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 12–17
Мы прынялі Духа ўсынаўлення, у якім клічам: Абба, Ойча!

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Мы даўжнікі не цела, каб жыць паводле цела: бо калі жывяце паводле цела, мусіце памерці; а калі духам забіваеце цялесныя ўчынкі, жыць будзеце. Бо ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Бо вы не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 32 — 5, 8
Паступайце ў любові, як і Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.

Дык вось, наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя, і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас, і аддаў Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах.

А распуста, і ўсялякая нячыстасць, і сквапнасць няхай нават не згадваюцца сярод вас, як гэта належыць святым. Таксама і брыдота, і пустаслоўе, і непрыстойныя жарты недапушчальныя. Наадварот, няхай лепш будзе падзяка. Напэўна ведайце, што ніякі распуснік, або нячысты, ці сквапны, гэта значыць ідалапаклоннік, не мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.

Няхай ніхто не зводзіць вас марнымі словамі, бо праз гэта прыходзіць гнеў Божы на непаслухмяных сыноў. Не будзьце ж іх супольнікамі. Вы калісьці былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 1, 1–7
Мудрасць – гэта чалавекалюбны дух, Дух Пана напаўняе свет

Пачатак кнігі Мудрасці Саламона.

Любіце справядлівасць тыя, хто судзіць зямлю,
разважайце пра Пана ў дабрыні
і ў прастаце сэрца шукайце Яго.
Бо знаходзяць Яго тыя, хто не выпрабоўвае Яго,
і аб’яўляецца Ён тым, хто не зняверыўся ў Ім.
Бо ліхія думкі аддаляюць ад Бога,
і калі выпрабоўваюць Ягоную моц, яна пераконвае неразумных.
Мудрасць не прыйдзе да падступнай душы
і не паселіцца ў целе, што зняволена грахом.
Бо святы Дух выхавання пазбегне падману
і аддаліцца ад неразумных думак,
і засароміцца, калі прыйдзе несправядлівасць.
Мудрасць — гэта чалавекалюбны дух,
але таго, хто блюзніць вуснамі сваімі, яна не пакіне без пакарання,
таму што Бог — сведка ягонага нутра,
праўдзівы дазорац ягонага сэрца
і слухач ягонай мовы.
Бо Дух Пана напаўняе свет,
і той, які ахоплівае разам усё, ведае мову.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ціт 1, 1–9
Каб ты прызначыў прэзбітэраў, як я наказваў табе

Пачатак Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Павел, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры выбраных Божых і спазнання праўды адносна пабожнасці, у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах прэзбітэраў, як я наказваў табе, калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці. Таму што біскуп павінен быць бездакорны, як Божы эканом, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, але гасцінны, дабралюбны, разважлівы, справядлівы, пабожны, стрыманы, які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць першы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 11, 29-36
Бог замкнуў ўсіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Дары і пакліканне Божае нязменныя. Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз непаслухмянасць іхнюю, гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і самі яны памілаваныя былі. Таму што Бог замкнуў ўсіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць.

О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату? Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 2, 1–4
Дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Калі ёсць які заклік ў Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 1, 10–15. 41–43. 54–57. 62–64
І вялікі гнеў упаў на Ізраэль

Чытанне Першай кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Выйшаў корань граху — Антыёх Эпіфан, сын караля Антыёха, які быў заложнікам у Рыме, і пачаў валадарыць у сто трыццаць сёмым годзе панавання грэкаў.

У тыя дні выйшлі з Ізраэля сыны беззаконныя і пераконвалі многіх, кажучы: Пойдзем і заключым запавет з народамі, якія вакол нас, бо ад таго часу, як мы аддаліліся ад іх, спаткала нас шмат злога. І спадабалася гэтая іхняя прапанова. Некаторыя з народу ахвотна пайшлі да караля, і ён даў ім уладу выконваць абрады язычнікаў. І пабудавалі яны ў Ерузалеме язычніцкую гімназію, і пагардзілі абразаннем, і адступіліся ад святога запавету, і далучыліся да язычнікаў, і прадаліся, каб чыніць зло.

І напісаў кароль усяму каралеўству свайму, каб усе сталі адным народам і каб кожны пакінуў свой Закон. І ўсе народы прынялі гэты каралеўскі загад. Многім з Ізраэля спадабалася яго рэлігія, і прыносілі яны ахвяры ідалам, і зневажалі суботу.

У пятнаццаты дзень месяца кіслеў, сто сорак пятага года, узнеслі на ахвярніку спусташальную агіду, а ў навакольных гарадах юдэйскіх пабудавалі алтары і перад дзвярыма дамоў і на вуліцах прыносілі ахвяру каджэння, і кнігі Закону, якія знаходзілі, рвалі і палілі, а ў каго знаходзілі кнігу запавету, і хто выконваў Закон, таго па загаду караля забівалі.

Але многія сярод Ізраэля заставаліся непахіснымі і цвёрда вырашылі не есці нечыстага. Яны былі гатовыя нават памерці, каб не апаганіцца ежаю і не парушыць святы запавет; і яны памерлі. І вялікі гнеў упаў на Ізраэль.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 1, 1–4; 2, 1–5а
Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся

Пачатак кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. І Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго Анёла да слугі свайго Яна, які засведчыў пра слова Божае і сведчанне Езуса Хрыста ўсё, што бачыў.

Шчаслівы, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.

Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі духаў, што перад Ягоным тронам.

Я пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу эфескага Касцёла: Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых светачаў. Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасць тваю, і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы. Ты маеш цярплівасць і пакутваў дзеля імя Майго, і не знямогся.

Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі так, як ты рабіў спачатку.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 1, 1–6. 8–20
Сярод іх усіх не знайшлося такіх, як Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя

Пачатак кнігі прарока Даніэля.

У трэці год панавання Ёакіма, караля юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, кароль Бабілёна, да Ерузалема і аблажыў яго. І Пан аддаў у рукі ягоныя Ёакіма, караля юдэйскага, і частку начыння з дому Божага. І павёў іх Навухаданосар у зямлю Шынаар, у дом багоў сваіх, і занёс гэтае начынне ў скарбніцу багоў сваіх.

І сказаў кароль Ашфэназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб з ліку сыноў Ізраэля, з патомства каралеўскага і шляхетнага прывёў хлопцаў без заганы, прыгожых з выгляду, адораных усякай мудрасцю, абазнаных у навуках і здольных да навучання, якіх можна было б паставіць на службу ў каралеўскім палацы і навучыць іх пісанню і мове халдэяў. І прызначыў ім кароль штодзённую порцыю з каралеўскіх страваў і віна, якое сам піў. Загадаў выхоўваць іх тры гады, каб пасля яны сталі перад абліччам караля. Былі ж сярод гэтых сыноў Юды Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.

Даніэль жа вырашыў у сэрцы сваім не апаганьвацца ежаю караля і віном, якое піў той, і папрасіў кіраўніка еўнухаў, каб дазволіў яму не апаганьвацца. Бог жа даў Даніэлю прыхільнасць і спачуванне ў вачах кіраўніка еўнухаў. І сказаў кіраўнік еўнухаў Даніэлю: Я баюся гаспадара майго, караля, які сам прызначыў вам ежу і пітво. Калі ён пабачыць, што твары вашыя худзейшыя, чым у іншых юнакоў, аднагодкаў вашых, то вы зробіце вінаватай галаву маю перад каралём. І сказаў Даніэль Амелсару, якога кіраўнік еўнухаў паставіў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем: Прашу, выпрабуй нас на працягу дзесяці дзён; няхай даюць нам есці агародніну і ваду для піцця. Тады паглядзіш на твары нашыя і твары юнакоў, якія харчуюцца каралеўскай ежай, і зробіш са сваімі слугамі паводле таго, што ўбачыш.

Ён паслухаўся гэтай іхняй прапановы і выпрабоўваў іх дзесяць дзён. Пасля ж дзесяці дзён іх твары сталі прыгажэйшымі, а целы – больш мажнымі, чым у юнакоў, якіх кармілі каралеўскай ежай. Тады Амелсар забіраў іхнюю ежу і пітво і даваў ім агародніну.

І даў Бог гэтым чатыром юнакам веды і ўменні ва ўсякім пісанні і мудрасці, а Даніэлю даў яшчэ разуменне ўсіх бачанняў і сноў. Як скончыліся тыя дні, калі кароль загадаў іх прывесці, кіраўнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара. Кароль размаўляў з імі, і сярод іх усіх не знайшлося такіх, як Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя. І сталі яны служыць каралю. Калі кароль пытаўся ў іх наконт кожнай справы, якая патрабавала мудрасці і разумення, ён знаходзіў іх ў дзесяць разоў лепшымі за ўсіх магаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім ягоным валадарстве.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 14, 1–3. 4b–5
Імя Хрыста і імя Айца Ягонага напісана на чолах іхніх

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, убачыў: вось Ягня стаіць на сіёнскай гары, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах іхніх.

І пачуў я голас з неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. А голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх. Яны спяваюць быццам новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі. Гэта тыя, якія ідуць следам за Ягнцам, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, як пачаткі Богу і Ягняці. У вуснах іхніх няма падману: яны беззаганныя.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 5, 1–7. 10
Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Усе плямёны Ізраэля прыйшлі да Давіда ў Гэброн і сказалі: Вось мы косць твая і цела тваё. І ўчора, і яшчэ даўней, калі Саўл панаваў над намі, ты быў правадыром Ізраэля. І сказаў Пан табе: Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль, і ты будзеш кіраўніком Ізраэля.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля ў Гэброн, і кароль Давід заключыў з імі запавет у Гэброне перад Панам; і намасцілі Давіда каралём Ізраэля. Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён пачаў валадарыць, і валадарыў ён сорак гадоў. У Гэброне ён валадарыў над Юдаю сем гадоў і шэсць месяцаў, а ў Ерузалеме валадарыў трыццаць тры гады над усім Ізраэлем і над Юдаю.

І разам са сваімі людзьмі пайшоў кароль на Ерузалем супраць эбусеяў, якія жылі на гэтай зямлі. Яны сказалі Давіду: Ты не ўвойдзеш сюды, бо адгоняць цябе сляпыя і кульгавыя. Азначала гэта: Давід сюды не ўвойдзе. Але Давід узяў цвярдыню Сіён, гэта значыць горад Давіда.

Давід станавіўся ўсё больш магутным, і Пан Бог Магуццяў быў з ім.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — Трэці тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 24, 2–7. 15–17а
Узыходзіць зорка ад Якуба

Чытанне Кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Узняў Валаам вочы свае і ўбачыў Ізраэля, які размясціўся плямёнамі сваімі, і сышоў на яго Дух Божы. І сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: Кажа Валаам, сын Бэора, кажа муж з вокам адкрытым, кажа той, хто чуе Божыя словы, які бачыць тое, што Усемагутны паказвае яму; які падае, і адкрываюцца вочы ягоныя. Якія прыгожыя шатры твае, Якубе, жыллё тваё, Ізраэль!

Распасціраюцца яны як даліны, як сады каля ракі, як альясавыя дрэвы, што пасадзіў Пан, як кедры каля водаў. Паліецца вада з вёдраў ягоных, і насенне яго будзе ў мностве вады; і пераўзыдзе Агага ягоны кароль, і ўзвысіцца валадарства ягонае.

І закончыўшы прароцтва сваё, сказаў: Кажа Валаам, сын Бэора, кажа муж з вачыма адкрытымі, кажа той, хто чуе Божыя словы, які пазнаў разуменне Усявышняга, які бачыць тое, што Усемагутны паказвае яму; які падае, і адкрываюцца вочы ягоныя. Бачу яго, але не цяпер яшчэ, гляджу на яго, але не зблізку. Узыходзіць зорка ад Якуба, і падымаецца жазло ад Ізраэля.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 28, 10–22а
Убачыў лесвіцу і Анёлаў Божых, якія ўзыходзілі і сыходзілі па ёй

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і скіраваўся да Харана. Дайшоўшы да пэўнага месца, ён захацеў адпачыць пасля захаду сонца. Узяў адзін з камянёў, што там ляжалі, падклаў сабе пад галаву і заснуў на гэтым месцы.

І ўбачыў у сне лесвіцу, якая стаяла на зямлі і сваім верхам дасягала да неба, а таксама Анёлаў Божых, якія ўзыходзілі і сыходзілі па ёй. І вось Пан стаяў над ёю і казаў:

Я — Пан, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім. І тваё патомства будзе як пыл зямны; і ты пашырышся на захад і на ўсход, на поўнач і поўдзень; і благаслаўлёныя будуць ў табе і ў патомстве тваім ўсе плямёны зямлі. Вось Я з табою і буду захоўваць цябе, куды б ты ні пайшоў, і вярну цябе на гэтую зямлю. І не пакіну цябе, пакуль не выканаю ўсяго, што абяцаў табе.

Калі Якуб прачнуўся, сказаў: Сапраўды Пан ёсць на месцы гэтым, а я не ведаў. І з бояззю казаў: Якое страшнае тое месца! Гэта нішто іншае, як дом Божы і брама ў неба.

Устаўшы рана, Якуб узяў камень, які падкладаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў зверху алей на яго. І назваў гэтае месца Бэтэль, раней жа яно называлася Люз.

Пасля Якуб пакляўся, кажучы: Калі Бог будзе са мною і захавае мяне на гэтым шляху, якім я іду; калі Ён дасць мне хлеб для спажытку і адзенне, каб апрануцца; калі я паспяхова вярнуся да дому бацькі майго, тады Пан будзе для мяне Богам, а гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым.

Гэта слова Божае.