Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 8, 1–7. 9–13
Прынеслі каўчэг запавету Пана на яго месца, у Святое Святых, і воблака напоўніла дом Пана

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Саламон сабраў усіх старэйшын Ізраэля, усіх правадыроў плямёнаў, продкаў сыноў Ізраэля да караля Саламона ў Ерузалем, каб перанесці каўчэг запавета Пана з горада Давіда, гэта значыць з Сіёну. І ўвесь Ізраэль сышоўся да караля Саламона на ўрачыстасць у месяц этанім, а гэта сёмы месяц. Калі прыбылі ўсе старэйшыны Ізраэля, святары ўзялі каўчэг і панеслі каўчэг Пана і шацёр сходу, і ўсе святыя рэчы, якія былі ў шатры. Неслі іх святары і левіты.

Кароль Саламон і ўвесь сход Ізраэля, які прыйшоў да яго, разам з ім складалі перад каўчэгам у ахвяру авечак і быкоў, якіх нельга было палічыць з-за вялікага мноства. Святары прынеслі каўчэг запавету Пана на яго месца, у Дэбір святыні, у Святое Святых, пад крылы Херубімаў. Бо Херубімы распасціралі крылы над месцам каўчэга і прыкрывалі зверху каўчэг і жэрдкі яго. У каўчэгу не было нічога, апроч дзвюх каменных табліц, якія Майсей паклаў у яго на Гарэбе, калі Пан заключыў запавет з сынамі Ізраэля пасля іх выйсця з егіпецкай зямлі.

Калі святары выходзілі з санктуарыя, воблака напоўніла дом Пана, і не маглі святары стаяць і служыць з-за воблака, бо слава Пана напоўніла дом Пана.

Тады прамовіў Саламон: Пан сказаў, што будзе жыць у імгле. Я сапраўды збудаваў Табе дом для жылля, месца Твайго вечнага прабывання.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 132 (131), 6–7. 8–10 (Р.: 8а)

Рэфрэн:  Падыміся, Пане, да месца адпачынку.

6. Вось мы чулі пра яго ў Эфраце, *
знайшлі яго на палях Яара.
7. Увойдзем у Яго жыллё, *
паклонімся перад падножжам ног Ягоных.

Рэфрэн:

8. Падыміся, Пане, да месца Твайго адпачынку, †
Ты і каўчэг Тваёй моцы. *
9. Няхай святары Твае апрануцца ў справядлівасць,
а верныя Твае няхай узрадуюцца.
10. Дзеля Давіда, слугі Твайго *
не адвярні аблічча ад памазаніка Твайго.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 4, 23

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве
і лячыў усялякую хваробу ў людзей.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 6, 53–56
Тыя, хто дакранаўся да Яго, выздараўлівалі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і вучні Ягоныя, пераправіўшыся на другі бераг, прыбылі ў Генэзарэт і прысталі да берага.

Калі яны выйшлі з чаўна, людзі адразу, пазнаўшы Яго, аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся. І куды Ён ні прыходзіў, у вёскі, ці ў гарады, ці ў мястэчкі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб яны маглі дакрануцца хоць да краю плашча Ягонага. І тыя, хто дакранаўся да Яго, выздараўлівалі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць