Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

V Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 58, 7–10
Заззяе, як золак, святло тваё

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 112 (111), 4–5. 6–7. 8а і 9 (Р.: 4а)

Рэфрэн: Узыходзіць у цемры як святло для праведных.
Або: Аллелюя.

4. Узыходзіць у цемры як святло для праведных *
ласкавы, міласэрны і справядлівы.
5. Шчаслівы чалавек, які міласэрны і пазычае,*
які справядліва вядзе свае справы.

Рэфрэн:

6.Ён не пахіснецца ніколі, *
у вечнай памяці будзе справядлівы.
7. Ён не пабаіцца дрэннай навіны, *
моцнае сэрца яго, якое спадзяецца на Пана.

Рэфрэн:

8. Умацаванае сэрца яго не будзе баяцца. *
9. Раскідаў, раздаў бедным;
справядлівасць ягоная трывае навекі,
моц ягоная ўзвысіцца ў славе.

Рэфрэн:

6. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 2, 1–5
Я абвясціў вам таямніцу ўкрыжаванага Хрыста

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Калі я прыйшоў да вас, браты, я не прыйшоў абвяшчаць вам сведчанне Божае ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.

І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў выяўленні духа і сілы, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 13–16
Вы — святло свету

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Стаць святлом

Словы Езуса, што мы з’яўляемся святлом свету, варта разумець у кантэксце іншага Яго выказвання: Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця (Ян 8, 12). Па-першае, мы з’яўляемся святлом на столькі, наколькі ідзём за Езусам, г. зн. з’яўляемся Яго паслядоўнікамі, вучнямі. Па-другое, чым больш мы рэалізуем пакліканне да быцця вучнямі, тым больш прыпадабняемся да Настаўніка і так, як Ён, можам стаць святлом, якое свеціць Яго бляскам. Езус хоча, каб мы аб’явілі Яго ўсяму свету, але не будзем забываць, што гэтае заданне вельмі складанае і вымагае поўнага навяртання. У іншым выпадку Яго святло не зможа выявіць нашыя добрыя ўчынкі, а толькі нашу слабасць і нявернасць.

Пане Езу, сапраўднае Святло, пакажы нам шлях, якім мы павінны ісці, і дапамагай нам на гэтым шляху сведчыць пра Цябе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.