Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ціт 1, 1–9
Каб ты прызначыў прэзбітэраў, як я наказваў табе

Пачатак Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Павел, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры выбраных Божых і спазнання праўды адносна пабожнасці, у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах прэзбітэраў, як я наказваў табе, калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці. Таму што біскуп павінен быць бездакорны, як Божы эканом, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, але гасцінны, дабралюбны, разважлівы, справядлівы, пабожны, стрыманы, які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24 (23), 1–2. 3–4аb. 5–6 (Р.: пар. 6)

Рэфрэн: Гэта народ верны, які шукае Пана.

1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.

Рэфрэн:

3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.

Рэфрэн:

5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 15–16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ззяеце, нібы светачы, у свеце,
трымаючы слова жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 1–6
Калі сем разоў на дзень звернецца да цябе, кажучы: Каюся, — даруй яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць. Лепш было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора, чым калі б стаў ён прычынаю падзення аднога з гэтых малых.

Сачыце за сабою. Калі ж брат твой зграшыць супраць цябе, дакары яго, а калі пакаецца, даруй яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: Каюся, — даруй яму.

І сказалі Апосталы Пану: Дадай нам веры. Пан сказаў: Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора, — і яна б паслухалася вас.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць