Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • Юбілейны год Адама Міцкевіча ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску

Юбілейны год Адама Міцкевіча ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску

У касцёле Святога Сымона і Святой Алены адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага года геніяльнага паэта-рамантыка ХIХ стагоддзя, ураджэнца беларускай зямлі славутага Адама Міцкевіча. Трэба адзначыць, што гэта не першае мерапрыемства з юбілейнай праграмы праекта, прысвечанага 220-годдзю з дня нараджэння паэта, які па традыцыі закончыцца ў дзень нараджэння Адама Міцкевіча 24 снежня каляднай сустрэчай каля яго помніка ў аднайменным скверы на вуліцы Гарадскі Вал.

29 красавіка ў тэатральнай зале пры поўным аншлагу распачалася літаратурна-музычная імпрэза “Міцкевіч, які нас яднае”.

Адкрыў мерапрыемства ксёндз-канонік, пробашч касцёла Уладыслаў Завальнюк. У сваёй прамове ён акрэсліў: “Касцёл заўсёды актыўна ўдзельнічае ў важных грамадска-культурных падзеях, якія адзначаюцца ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні. У мінулым годзе мы шырока адзначалі 500-годдзе з дня выхаду першай беларускай кнігі – Псалтыра, выдадзенай Францыскам Скарынам. У гэтым годзе спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча – геніяльнага паэта, які нарадзіўся на беларускай зямлі, жыў далёка ад сваёй Радзімы, але ніколі не забываў яе. Не забываем і мы выдатнага сына беларускай зямлі. У касцёле яшчэ з 1908 года існавала бібліятэка “Міцкевічаўка”. Пасля разрабавання касцёла яе не стала, але ў 1998 годзе ў 200-ы год з дня нараджэння Адама Міцкевіча было вырашана яе адрадзіць. З польскага боку з Беластоку было перададзена ў дар бібліятэцы касцёла 6,5 тысяч кніг польскай класікі, у тым ліку і творы Адама Міцкевіча. А зараз у бібліятэцы каля 40 тысяч кніг. Кожны год на працягу ўжў 10 гадоў праходзяць калядныя сустрэчы каля помніка Адаму Міцкевічу. Сёння мы святкуем круглую дату з дня нараджэння Адама Міцкевіча разам з польскімі, літоўскімі і ўкраінскімі сябрамі. Можна лічыць А. Міцкевіча інтэрнацыянальным паэтам, які пакінуў адметны след у культурах многіх краін: нарадзіўся на Беларусі, вучыўся ў Літве, пісаў на польскай мове, выказваў любоў да сваёй малой Айчыны ў радках: “Litwo, ojczyzno moja! Ty jesteś jak zdrowie!”, ва Ўкраіне пісаў “Крымскія санеты”, жыў доўгі час у Францыі, дзе чытаў лекцыі ва ўніверсітэце і выказваўся з любоўю аб сваёй роднай мове, аб’ездзіў усю Еўропу, але ніколі не забываў свайго паходжання. Няхай постаць паэта, патрыёта, генія заўсёды аб’ядноўвае нашыя народы.”

Потым сцэну перадалі музыкантам, паэтам, спевакам. Трэба адзначыць, што праграма была разнапланавай і шматжанравай. У велічны Велікодны перыяд з асаблівай узнёсласлю прагучалі патрыятычныя і лірычныя радкі Адама Міцкевіча з паэмаў ”Свіцязянка”, “Гражына”, “Пан Тадэвуш”. Іх выканалі Уладзіслаў Трыпуз, Вікторыя Ермаленак і Кацярына Каленік з Грамадскай паланійнай школы пад кіраўніцтвам выкладчыцы курсаў польскай мовы кандыдата біялагічных навук Бярнарды Пятроўны Івановай. Гучалі вершы А. Міцкевіча на польскай і беларускай мовах.

У канцэрце ўзялі ўдзел інструментальны дуэт у складзе лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Марыі Русінай і Альгерда Грышчанкі, Народны ансамбль “Тутэйшая шляхта” Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Вольгі Махнач разам з нязменным заснавальнікам ансамбля Лявонам Махначом, хор касцёла „Сantus Cordis“ пад кіраўніцтвам Яніны Хвалько.

Сцэну ўпрыгожваў вялікі партрэт Адама Міцкевіча. Артысты былі апрануты ў шляхецкія строі, гралі на тагачасных інструментах.

Са сцэны паліліся словы цудоўнай паэзіі і мілагучнай музыкі ХIX стагоддзя. На паўтары гадзіны гледачы перанесліся ў далёкае мінулае, і ў зале ўтварылася асаблівая атмасфера высокіх слоў і пачуццяў.

Усё самае значнае, што напісаў паэт, прысвечана яго айчыне. Яна – крыніца паэтычнага натхнення: дзяцінства – сельскае – анёльскае, прырода, быт літвінаў, народныя песні. На стварэнне многіх твораў – паэмы “Гражына”, “Дзяды”, “Пан Тадэвуш” – А. Міцкевіча натхняла гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, жыццё насельнікаў наднёманскага краю. “Пан Тадэвуш” – твор, прысвечаны Радзіме і прасякнуты болем развітання з ёю. Акрамя вершаў, урыўкаў з балад былі выкананы музычныя творы кампазітараў М. К. Агінскага, Н. Орды і інш. Беларускія народныя песні літаратурна-музычнай кампазіцыі былі ідэальна сугучны з творамі Міцкевіча, хоць паэт не пісаў па-беларуску. Лірызму надавалі сола на дудках і скрыпках.

З вялікай цікавасцю прысутныя выслухалі паэтку і перакладчыцу Ірыну Багдановіч і яе аповед пра гісторыю верша Габрыэлі Пузыні “Да Адама Міцкевіча.” Літаратурная даследчыца прачытала радкі з верша графіні Габрыэлі Пузыні, якія тая прысвяціла Адаму Міцкевічу. Прыхільніца творчасці вялікага рамантыка, пані Габрыэля, вырашыла паслаць у Парыж паэту не толькі свой верш, але флакончык вады з Нёмана і букет кветак. Яе даручэнне выканала пані Катажына з Ліпіньскіх, якая наведала Парыж і сустрэлася з вялікім выгнаннікам, які таміўся ад настальгіі па Радзіме. Пазней з дакументаў стала вядома, што вадою з Нёмана быў ахрышчаны малодшы сын паэта, а засохлы букецік кветак застаўся з паэтам да яго апошніх дзён. Гэту кранальную гісторыю распавяла спадарыня Ірына Багдановіч, аўтарка перакладаў і прадмовы да новай кнігі Габрыэлі Пузыні “Струмень любові”, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Про Хрысто”. 

Пасля выступіў хор касцёла “Сantus Cordis“. У яго выкананні прагучаў паланез Агінскага “Развітанне з Радзімай” і танец Паланез.

Амаль дзве гадзіны ў тэатральнай зале Чырвонага касцёла гучала высокая паэзія Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Паўлюка Труса, Габрыэлі Пузыні, музыка Агінскага, народныя песні. Усе гэтыя творы, прысвечаныя нашай Радзіме, жывуць амаль два стагоддзі і мастацкая каштоўнасць іх не зніжаецца. Гэта – наш нацыянальны духоўны скарб. І самае важнае, што сёння мы ў поўнай меры можам карыстацца гэтым багаццем.

Госці мерапрыемтсва былі прыемна ўражаныя ад тых балад Міцкевіча, якія прагучалі на польскай і беларускай мове, музыкі і спеваў гурта і хора. Куратар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Галіна Івуць выказала шчырую падзяку ўсім творчым калектывам і выканаўцам за створаную шляхетную атмасферу часоў Адама Міцкевіча і пачуццёва перададзены змест яго твораў.

Праект па ушанаванню памяці Адама Міцкевіча будзе працягнуты да канца 2018 года.

Ванда Іваноўская
Эла Дзвінская
Фота Міхаіла Крыжаноўскага

DSC 0058-
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC

Меткі: Бібліятэка