Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Навэнна да св.Юды Тадэвуша

Першы дзень

Святы Юда Тадэвуш, хвалебны Апостал і вялікі заступнік перад Богам за тых, хто прыходзіць да цябе з глыбокім даверам!

Адкрываю перад табою маё заклапочанае сэрца і прашу, і малю апекавацца мною. Глыбока прагну таксама быць сярод тых, хто цябе праслаўляе, і тых, для каго ты выпрасіў у Бога ўсемагутнага ласку, якой яны прасілі.

Яны таксама абвяшчаюць, што ты, святы Юда, не адмовіў ім у сваёй апецы ў найцяжэйшыя, роспачныя і безнадзейныя хвіліны іхняга жыцця. Гэты іхні голас і нязломная вера ў цябе прывабілі і мяне. І вось я каля тваіх ног горача і сардэчна прашу быць заступнікам у маёй справе... (назваць просьбу).

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Другі дзень...

О святы Юда Тадэвуш! Ты стаў хвалебным Апосталам, бо па закліку Езуса Хрыста пайшоў за Ім, аддаючы Яму сваё сэрца, поўнае любові, веры і праслаўлення.

У Хрысце, Яго навуцы і ў Яго Боскай місіі ты знайшоў натхненне для сваёй вялікай апостальскай працы і стаў адным з першых будаўнікоў Каталіцкага Касцёла, любові і хрысціянскай маральнасці.

Я прагну, о святы Юда Тадэвуш, ісці па жыцці, углядаючыся ў твае сляды, і горача прашу цябе: будзь натхненнем для маіх думак і ўчынкаў, і я стану карысным для нашага Каталіцкага Касцёла, буду свяціць сваім бліжнім добрым прыкладам. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Трэці дзень

Святы Юда Тадэвуш, хвалебны Апостал! Якаясьці цудоўная моц ахінае маё сэрца, калі мае думкі шукаюць цябе і спыняюцца пры табе, мой заступнік! Тады я спазнаю цудоўнае пачуццё веры, што ты ёсць побач са мною, чуваеш нада мною, гасячы маю трывогу перад небяспекай, якая мне пагражае.

Дай мне, о святы Юда Тадэвуш, ласку, каб гэты мой сардэчны давер, які я маю да цябе, ніколі не згасаў, каб пры жыцці гэты давер быў для мяне шчытом, абаронаю і прывёў маю душу пасля смерці да тваёй светлай постаці, а праз цябе і да Найсвяцейшага Аблічча Езуса Хрыста, нашага Збаўцы. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Чацвёрты дзень

О святы Юда Тадэвуш! Паколькі ты ўжо ведаеш патрэбы і жаданні маёй душы, дай мне дастаткова сілы і ўмацоўвай маю волю, каб я прыкладным жыццём як найлепш выконваў мае штодзённыя абавязкі, а адначасна і місію пашырэння Божай хвалы, якой патрабуе ад нас Хрыстус. Дапамажы мне ісці дарогай любові і хрысціянскай маральнасці да праўдзівага чалавечага шчасця ў нашым зямным жыцці і да збаўлення душы.

Хрыстус Пан абвяшчаў, што шчасце чалавецтва на зямлі знаходзіцца ў вечнай і найвялікшай праўдзе, якой з’яўляецца любоў да бліжняга. Няхай жа гэты найпрыгажэйшы пачатак Хрыстовай навукі праменіцца на мяне і на тых, хто разам са мною жыве, працуе і ідзе па жыцці пад штандарам Езуса Хрыста. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Пяты дзень

Святы Юда Тадэвуш! Праз памяць мукі і смерці Езуса Хрыста, праз трывогу і боль, якія прадчувала Тваё сэрца, выпрасі мне ў Бога ласку мужна несці крыж, які Божы Провід усклаў на мяне. Дапамажы мне прыняць яго з Божых рук, калі не з радасцю, як гэта чыніў ты і святыя, то, прынамсі, з ціхім падпарадкаваннем Божай волі ў духу веры і жалю за свае грахі.

О святы Апостал, сведка жыцця і смерці Езуса Хрыста! Узгадай тую слодыч, якую адчувала тваё сэрца, калі твой дарагі Настаўнік Хрыстус вучыў цябе і іншых Апосталаў маліцца святую малітву «Ойча наш». Прашу цябе выпрасіць для мяне ласку, каб я заўсёды, нават у хвіліны найвялікшай слабасці служыў твайму Боскаму Настаўніку — ажно да канца майго жыцця. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Шосты дзень

Дзякую табе, о святы Юда Тадэвуш, дарагі мой і праслаўлены Апостал, за тое, што ты ўмацаваў маю сілу волі, якая дазваляе мне з надзеяй глядзець у маю будучыню.

Шчырым сэрцам дзякую табе за тое, што ты аддаляеш ад мяне боязь за пагаршэнне ўмоваў майго жыцця, што знішчаеш ува мне пакутлівую сілу трывогі перад новымі небяспекамі, якія так прыгняталі мяне.

Умацоўвай, о святы Юда Тадэвуш, гэтую палёгку ў маім сэрцы і ўзмацняй мой душэўны спакой. Няхай ён станецца для мяне жаданай ласкай дару Хрыстовай любові. Учыні, каб я чэрпаў з таго дару сілы і моц у кожнай патрэбе майго жыцця. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Сёмы дзень

О святы Юда Тадэвуш! Пасля агромністага смутку ты зведаў невымоўную радасць, калі зноў убачыў свайго дарагога Настаўніка, які на трэці дзень пасля сваёй смерці паўстаў з мёртвых, каб з’явіцца перад сваімі вучнямі — апосталамі. Выпрасі ў Бога ласку адраджэння ўва мне добрых пачаткаў, каб я быў годны Хрыстовай міласэрнасці. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Восьмы дзень

О святы Юда Тадэвуш! Ты ў сваёй апостальскай працы вучыў, што светам кіруе Божая ўсемагутнасць, што гэтая вечная сіла панавання ўсё пранікае і ажыўляе, і што на гэтай сіле пабудаваны ката­ліцкі Касцёл. Учыні, мой заступнік, каб я ў цяжкія хві­лі­ны майго жыцця імкнуўся ў ягоныя брамы і каля ног Хрыста знайшоў супакаенне. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Дзевяты дзень

О святы Юда Тадэвуш, хвалебны Апостал! Няхай навекі будзе благаслаўлёна тваё імя, няхай расце колькасць тых, хто цябе ўшаноўвае, да якіх і я ажно да апошняга майго ўздыху буду належаць, бо маё сэрца, душа і кожная клетка майго цела адчуваюць збаўленчую праўду, якая ідзе да нас з глыбіні вякоў, праўду пра тое, што ты ніколі не адмовіш у сваім заступніцтве таму, хто працягне да цябе рукі і шчыра, у найвялікшай веры папросіць у цябе паратунку і дапамогі.

Буду шанаваць цябе і абвяшчаць хвалу твайго імя, бо праз тваё заступніцтва плыве да мяне Божае благаслаўленне. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Меткі: малітоўнік