Мінская копія Плашчаніцы
Святая Плашчаніца называецца Турынскай, паколькі вось ужо больш за чатырыста гадоў яна захоўваецца ў саборы Святога Яна Хрысціцеля ў італьянскім горадзе Турыне. Мільёны хрысціян лічаць, што гэта каштоўнае палатно з’яўляецца сапраўдным пахавальным Саванам Езуса Хрыста, на якім загадкава праявілася Яго выява.
Турынскую Плашчаніцу лічаць непасрэдным сведкам Яго Пакуты, Смерці і Уваскрасення, якія адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму і Пятым Евангеллем, напісаным не пяром і чарнілам, а кроўю самога Збаўцы.
Плашчаніца лічыцца самай свяшчэннай рэліквіяй хрысціян усіх канфесій. Яна ўяўляе сабой ільняное палатно 4,36 м у даўжыню і 1,1 м у шырыню, вагой каля 2,45 кг. На Саване бачныя два адбіткі чалавечага цела ў позе, характэрнай для пахавальных абрадаў: адзін з відавога боку цела, а другі – са спіны. Па ўсёй даўжыні выявы цела ёсць плямы крыві карычнева-чырвонага колеру. Сляды самага моцнага крывацёку назіраюцца на запясцях і ступнях, акрамя таго, відаць рана на правым баку гэтага адбітку, што дакладна супадае з апісаннем ран, нанесеных Хрысту падчас укрыжавання. На палатне таксама бачныя сляды крыві на галаве і на твары, што адпавядае біблейскаму апісанню ўкаранавання цярновым вянком і бічавання, якія папярэднічалі ўкрыжаванню.
Плашчаніца захоўвае і сляды падзей, якія адбыліся ў час двух пажараў. У іх выніку на тканіне засталіся ромбападобныя сляды вады, якая трапіла на Плашчаніцу падчас тушэння пажару, а таксама падпаліны - трохкутнікі ў выніку кропляў расплаўленага срэбра, якім было акантавана месца захавання Плашчаніцы. Пазней палотнішча было адрэстаўравана сёстрамі-манахінямі.
Адным з самых захапляльных момантаў у гісторыі Турынскай Плашчаніцы з’яўляецца адкрыццё, зробленае ў 1898 годзе фатографам-аматарам Сэкандам Піа. Яму было дазволена зрабіць фатаграфіі Плашчаніцы, выстаўленай на ўсеагульны агляд з нагоды 50-годдзя прабывання Святой Рэліквіі ў Турыне. На негатывах праступілі вельмі яскравыя абрысы постаці, якія азначалі, што на тканіне Плашчаніцы захаваны негатыўны малюнак, а пазітыўнае можна атрымаць, сфатаграфаваўшы яе. І наадварот, сляды крыві на Плашчаніцы, якія на тканіне выглядалі цёмнымі, на фатаграфіях сталі белымі. З таго часу Турынскую Плашчаніцу сталі даследаваць вучоныя.
У 1981 годзе на сустрэчы ў Нью-Лондане (ЗША) навукоўцы паведамілі: на валокнах адсутнічаюць якія б то ні былі пігменты, фарбы або фарбавальнікі. Гэта азначае, што выява не рукатворная. Даследаванні з дапамогай рэнтгена і мікрахімічнага аналізу выключылі магчымасць таго, што на палатне было выкарыстана якое-небудзь фарбуючае рэчыва. Эксперыменты з ультрафіялетавым і інфрачырвоным выпраменьваннем пацвярджаюць выснову феномена Уваскрасення Езуса Хрыста.
На падставе гэтага большасць навукоўцаў выказвае меркаванне, што сам характар выявы паказвае на наяўнасць радыяцыйнага апёку, які быў выкліканы хутчэй святлом, чым цёплым, пры гэтым павялічылася канцэнтрацыя радыёактыўных ізатопаў, тым самым тканіна «памаладзела» ў параўнанні з яе сапраўдным узростам. Узнікла вельмі адважная тэорыя аб тым, што ў момант Уваскрасення Хрыста меў месца нейкі важны беспрэцэдэнтны феномен. Магчыма, гэта была кароткачасовая ўспышка святла, што ішла з Цела Хрыста, якая сігналізавала пра Яго вяртанне да жыцця і акуратна «выпаліла» Яго Вобраз на Плашчаніцы. Такія гіпотэзы аспрэчваюць просты лабараторны разлік, у выніку якога тканіна была датаваная Сярэднімі стагоддзямі. Гэта асабліва важна, паколькі радыёвугляродная датыроўка – гэта адзіны аналіз, які аспрэчваецца ў цяперашні час.
Поўнамаштабная копія Турынскай Плашчаніцы знаходзіцца ў Мінску і захоўваецца ў Касцёле Св. Сымона і Св. Алены з 3 мая 2002 г. Перададзена яна была з Турына (Італія) як “сімвал сяброўства, місіі міра”. Паўтара года з верасня 2002 г. па травень 2004 г. па просьбе ўкраінскага кардынала Любаміра Гузора яна вандравала на ўкраінскай зямлі, потым пілігрымавала па Мінскай і Віцебскай вобласці. За гэты час яна стала адной з галоўных Святых Рэліквій нашай краіны, якая ўдзельнічае ў хрысціянскіх святах, крыжовых і святочных шэсцях па г. Мінску.
Пры касцёле дзейнічае навукова-даследчы Цэнтр “Святая Плашчаніца Турынская”, куды ўваходзяць акадэмікі, дактары навук, іншыя навукоўцы. Пад рэдакцыяй кандыдата гістарычных навук, ксяндза-пробашча Уладыслава Завальнюка выйшаў у свет больш чым на шэсцьсот старонак навуковы том “Евангелле ад Езуса Хрыста“ (аўтары – прафесар Міхаіл Цяўлоўскі і яго жонка Люцыя), якія з 1980 года праводзілі тэарэтычныя доследы, збіралі факты, што тычыліся Плашчаніцы.
У 2004 г. ксяндзом-магістрам Уладыславам Завальнюком перакладзена на расейскую мову і выдадзена Чырвоным касцёлам кніга прафесара Эмануэлі Марынэлі “Саван – Туринская Плащаница”.
Аддаць пашану і пакланенне Святой Рэліквіі можна падчас экскурсій, якія штодзённа праводзяцца ў касцёле Св. Сымона і Св. Алены. На базе касцёла сумесна з дэпартаментам Міністэрства па турызму ў 2010, 2011 і 2012 гг. было праведзена тры семінары для экскурсаводаў Беларусі. Штодзённа да Святой хрысціянскай Рэліквіі прыходзяць з ушанаваннем каля 300 экскурсантаў з усіх куткоў свету.
Беларускі навуковец-фізік Валерый Шалатонаў – дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, які даследуе Мінскую копію Плашчаніцы, сцвярджае, што “якасць прасторы ў пэўных месцах вакол копіі Плашчаніцы рэзка змяняецца”. Такога феномена не назіралася, калі вымярэнні праводзілі ў тым жа месцы, але без Плашчаніцы. Таму і праяўляюцца законы быція праз шматлікія цуды, якія назіраюцца за гэты час у Чырвоным касцёле каля Мінскай копіі Плашчаніцы…
У Іспаніі, г. Валенсія, 28.04 – 30.04. 2012г. адбыўся Міжнародны Кангрэс, прысвечаны Святой Турынскай Плашчаніцы, у якім бралі ўдзел каля 300 делегатаў з розных краін свету. Мінскі навукова-даследчы Цэнтр “Святая Плашчаніца Турынская” таксама атрымаў запрашэнне на вылучэнне делегата ад Беларусі, ім быў навуковец-фізік Валерый Шалатонаў.
У 1506 годдзе Папа Юлій II аб’явіў дзень 4 мая святам Плашчаніцы. Кожны год у гэты дзень вернікі-хрысціяне ў сваіх святынях малітоўна яднаюцца з усімі вернікамі свету і духоўна пакланяюцца Святой Рэліквіі. Адкрывалася Турынская Плашчаніца ў разгорнутым выглядзе для ўшанавання прыкладна адзін раз у 25-30 гадоў. Выключэннем стаў юбілейны год хрысціянства (2000 г.) і 2011 г., калі Турын наведваў Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI, дарэчы , у гэтым жа годдзе шмат пілігрымаў з Беларусі наведалі Турын з Мітрапалітам Філарэтам. Калі Святая Рэліквія будзе ізноў адкрыта для пакланення – дакладна невядома. Да беларускай копіі Турынскай Плашчаніцы можна дакрануцца штогод, кожны дзень.…
Святое Палатно – гэта маўклівы сведка Божай любові. Наяўнасць на беларускай зямлі самай дасканалай і лепшай поўнамаштабнай копіі Турынскай Плашчаніцы з’яўляецца гістарычнай падзеяй у духоўным жыцці не толькі хрысціян каталіцкай і праваслаўнай канфесій, але і знамянальнай падзеяй у культурным і грамадскім жыцці Рэспублікі Беларусь.
Поўнамаштабная Мінская копія Плашчаніцы занесена ў дзяржаўны рэестр і з’яўляецца дзяржаўнай каштоўнасцю.
Кусташ-захавальнік
Мінскай копіі Плашчаніцы,
кандыдат гістарычных навук,
магістр тэалогіі,
ксёндз-дэкан
Уладыслаў Завальнюк