Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Традыцыі святкавання Божага Нараджэння ў народаў Еўропы

Зусім хутка мы будзем адзначаць адно з самых галоўных святаў каталіцкага календара – Нараджэнне Езуса Хрыста. Ужо ў 2018-ы раз хрысціянскі свет будзе ўспамінаць, як у далёкім палесцінскім Бэтлееме нарадзіўся Той, якому было наканавана стаць Збаўцам усяго чалавецтва і да якога ўжо больш за дваццаць стагоддзяў вернікі ўзносяць малітвы, просьбы і падзякі.

Гэтае свята, насамрэч, лічыцца ў Еўропе самай чаканай і грандыёзнай падзеяй. Кажуць, што ў ноч перад Божым Нараджэннем адбываюцца самыя неверагодныя цуды. Дзеці, як і дарослыя, з нецярпеннем чакаюць гэтай падзеі і рыхтуюцца да яе загадзя.

святкавання Божага Нараджэння

У хрысціянскай Еўропе традыцыі святкавання Божага Нараджэння зарадзіліся вельмі даўно, а першыя батлейкі, якія мы бачым у касцёлах ці дамах, з’явіліся яшчэ ў XIII cтагоддзі і звязаны з дзейнасцю святого Францішка з Асізі.

Ён, вярнуўшыся са Святой Зямлі, вырашыў наблізіць атмасферу той ночы сваім братам, каб раздзяліць з імі радасць. У вігілію Божага Нараджэння 1223 года, як кажа «Першы жыццяпіс святога Францішка», ён ператварыў маленькую італьянскую вёску Грэччо ў даліне Рыетэ (пазней гэтую мясціну назавуць у яго гонар – Святы) у новы Бэтлеем: пабудавалі яслі (ночвы для корму жывёлы), паслалі салому, прывялі вала і асла. Браты францішкане спявалі, узносячы хвалу Пану Богу. Далей Францішак служыў святую Імшу…

Паступова папулярнасць і любоў да батлеек толькі расла.

Здзейснім жа невялікае падарожжа і даведаемся пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння ў некаторых еўрапейскіх народаў.

Вялікабрытанія

Асабліва старанна традыцый святкавання Божага Нараджэння прытрымліваюцца ў Вялікабрытаніі. Менавіта ў гэтай краіне здаўна прынята ўпрыгожваць дамы ярка-зялёнымі вянкамі з чырвонымі ягадамі. А ў вігілію тут прынята ўпрыгожваць свечкамі ўсе вокны касцёлаў і дамоў. Менавіта таму гэтую ноч назвалі «ноччу свечак».

святкавання Божага Нараджэння

З самай раніцы тут пачынаецца чаканне свята, нават сняданак у Божае Нараджэнне ў брытанцаў асаблівы: акрамя традыцыйнай яешні з беконам на стол ставяць сасіскі, тосты, аўсяную кашу, смажаныя почкі, апельсінавы мармелад і г.д. Многія брытанцы пякуць святочны пірог з мясам і пакідаюць яго на ноч разам са шклянкай малака.

У Брытаніі на Божае Нараджэнне прынята дарыць усім сувеніры. Як правіла, святкаванне праходзіць у цесным сямейным коле. У вігілію дзяцей кладуць спаць толькі пасля таго, як прамовяць малітвы і распавядуць казачныя гісторыі пра Божае Нараджэнне.

Германія

У Германіі святочная падрыхтоўка да Божага Нараджэння пачынаецца 1 снежня. У гэты дзень па традыцыі, якая склалася ў XVI cтагоддзі, у больш як 200 гарадах адкрываюцца святочныя кірмашы. Найбольшы з іх знаходзіцца ў баварскім Нюрнбергу. Кірмашы размяшчаюцца на галоўных плошчах перад ратушай. Гандляры пераапранаюцца ў прыгожыя сярэднявечныя строі і прадаюць ёлачныя цацкі, падарункі, імбірны хлеб, гарачае віно і смажаныя каштаны.

святкавання Божага Нараджэння

Вігілія каталіцкага Божага Наражэння, 24 снежня, у Германіі называецца Святым вечарам. У гэты дзень пасля наведвання касцёла ўся сям’я сядае за святочную вячэру. На стале стаяць ад сямі да дзевяці страў. Сярод іх абавязкова прасяная малочная каша з мёдам і маслам і фаршыраваны гусь. Яшчэ адной жаданай стравай на святочным стале з’яўляецца свініна з квашанай капустай, а таксама традыцыйны пірог штолен, які складаецца з сухафруктаў і вялікай колькасці духмянасцяў.

Падчас вячэры прынята жадаць адзін аднаму дабра, здароўя і шчасця, а таксама абменьвацца падарункамі і сувенірамі.

Вечарам 24 снежня ў гарадах Германіі быццам усё замірае, зачыняюцца крамы, кафэ і рэстараны. А ўсё таму, што Божае Нараджэнне тут – гэта выключна сямейнае свята.

Італія

Для італьянцаў Новы год – не такое важнае свята, як Божае Нараджэнне. У Італіі гэтае свята адзначаецца на дзяржаўным узроўні і працягваецца тры дні. Папа па традыцыі ў першую чаргу звяртаецца да жыхароў горада Рыма, і толькі потым – да ўсяго астатняга свету.

святкавання Божага Нараджэння

За святочны стол італьянцы сядаюць увечары 24 снежня. Многія з іх удзельнічаюць ва ўрачыстай святой Імшы. Жыхары Рыма і пілігрымы спяшаюцца на плошчу святога Пятра, дзе Імшу цэлебруе сам Папа, а таксама ўдзяляе ўрачыстае благаслаўленне Urbi et orbi – гораду і свету.

У італьянцаў ёсць прыказка: «Божае Нараджэнне адзначай з сям’ёй, а Новы год – з кім пажадаеш» (Natale con tu oi, Capodanno con chi vu oi). Таму да кожнага 25 снежня італьянцы прыязджаюць да сваіх бацькоў, каб сабрацца за адной вялікай сямейнай вячэрай.

Жыхары Італіі ніколі не сядуць за святочны стол, калі не будуць упэўненыя, што ўвесь дом блішчыць ад чысціні.

Напярэдадні Божага Нараджэння ў Італіі не ядуць мяса, таму большасць страваў – рыбныя. Найбольш такая асаблівасць назіраецца ў паўднёвых рэгіёнах краіны. У Рыме адной з самых папулярных страў з’яўляецца капітоле (capitole) – смажаны ці запечаны вугор з ікрой.

Аднак 25 снежня, калі ўжо можна есці мяса, на святочным стале з’яўляюцца смажаныя кілбаскі, запечанае з бульбай ягня, лазанья, артышокі і іншыя стравы. Жыхары сонечнай Італіі ўпэўненыя, што акрамя гэтага на стале павінна быць сачавіца: чым больш ты з’ясі сачавіцы ў гэты дзень – тым багацейшым ты станеш у наступным годзе. Адна з самых папулярных страў – індычка, якую запякаюць з арэхамі, бульбай, яблыкамі і каштанамі. На дэсерт падаюць пірог Панеттоне (Panettone), упрыгожаны садавінай, шакаладам і іншымі прысмакамі.

Падарункі італьянскім дзецям раздае мясцовы Дзед Мароз – Баббо Натале. Звычайна дзеці атрымліваюць у падарунак лялек, кнігі, а дарослыя, як правіла, карысныя для дома рэчы.

Адной з даўніх традыцый святкавання Божага Нараджэння ў Італіі з’яўляецца яркае тэатралізаванае шэсце, якое адлюстроўвае сутнасць таямніцы Нараджэння Дзіцяткі Езуса. Гэтае прадстаўленне называецца Прэзеппэ.

Іспанія

Божае Нараджэнне ў гэтай краіне – традыцыйнае нацыянальнае свята, якое прынята святкаваць шырока і вельмі весела. Іспанцы рыхтуюцца да яго доўга і грунтоўна. Кароль Іспаніі Філіп VI звяртаецца да сваіх суайчыннікаў менавіта вечарам перад урачыстасцю.

святкавання Божага Нараджэння

Большасць жыхароў апранаюцца ў нацыянальныя строі і выходзяць на вуліцы спяваць і танцаваць. Перад пачаткам святочнай Імшы ў Іспаніі прынята збірацца каля касцёлаў і таньчыць, узяўшыся за рукі. У ноч на Божае Нараджэнне тут адчынены ўсе кандытарскія лаўкі, каб свята атрымалася не толькі вясёлым, але і салодкім.

Жыхары іспанскіх правінцый прытрымліваюцца мясцовых традыцый. Напрыклад, у Валенсіі ў святочных шэсцях разам з людзьмі ідуць вялізныя лялькі, якія потым паказваюць прадстаўленне, а ў горадзе Агост адбываецца ўрачысты ўваход Караля маўраў. Яго суправаджаюць дзяўчаты, якія таньчаць.

У гэты дзень прынята дарыць падарункі. Прычым не толькі родным і блізкім, але і калегам па працы. Самыя папулярныя сярод падарункаў – наборы салодкіх гасцінцаў, сыроў, віна, прыгожа спакаваныя ў кошык.

У Іспаніі існуе і такі прыгожы звычай: дарыць пакеты з ежай і гасцінцамі бедным і бяздомным, і не толькі ў перыяд святаў Божага Нараджэння.

На святочных сталах у іспанцаў абавязкова павінен быць міндальны суп, рысавая каша, мядова-арэхавая халва, свініна, вараныя каштаны, вяндліна.

Фінляндыя

У Фінляндыі свята Божага Нараджэння – адно з самых любімых. У яго гонар нават увесь снежань называюць месяцам Божага Нараджэння (joulukuu).

Трэба адзначыць, што менавіта ў Фінляндыі традыцыі святкавання Божага Нараджэння адны з самых багатых і насычаных. Як і ў іншых еўрапейскіх краінах, на галоўных плошчах гарадоў тут ставяць вялізныя, упрыгожаныя ёлкі. Ніжнія галіны адводзяцца спецыяльна для дзяцей, якія ўвесь месяц прымаюць актыўны ўдзел у іх упрыгожванні. У кожным горадзе краіны прынята выбіраць самую ўпрыгожаную і яркую вуліцу.

святкавання Божага Нараджэння

Упрыгожаная ёлка, запаленыя свечкі, рознакаляровыя гірлянды і вянкі на дрэвах, дамах і будынках – усё гэта неад’емныя атрыбуты Божага Нараджэння па-фінску.

У Фінляндыі ў гэтае свята прынята дарыць шмат падарункаў. Па традыцыі яны недарагія – свечкі, шакалад, падсвечнікі, фігуркі анёлкаў, упрыгажэнні з саломкі, драўляныя сувеніры, пакаёвыя расліны і г. д.

Першыя дні святаў, 24 і 25 снежня, у Фінляндыі прынята праводзіць з сям’ёй або ў храме. А ўжо 26 снежня лічыцца днём для наведвання блізкіх і сяброў.

Яшчэ адна цікавая фінская традыцыя – гэта так званае «маленькае» Божае Нараджэнне.

Ужо больш за стагоддзе яго адзначаюць усёй фірмай або офісам, проста не адыходзячыся ад сваіх працоўных месцаў. Па-нашаму гэта карпаратыў у гонар свята. Фірмы арганізоўваюць вечарыны для сваіх работнікаў у рэстаранах ці адпраўляюць іх з сем’ямі на курорт. У гэтыя дні прынята дарыць калегам па працы невялікія сувеніры, кошт якіх абавязкова папярэдне агаворваецца.

Вось так вялікае свята Божага Нараджэння адзначаюць у некаторых еўрапейскіх краінах. Традыцыі ў еўрапейскіх народаў шмат у чым падобныя, а чымсьці адрозніваюцца. Але не будзем забываць і пра свае, беларускія, традыцыі, якія стагоддзямі перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Захаваем жа іх і перададзім сваім нашчадкам, а разам з імі і любоў да нованароджанага Езуса!

Са святам Божага Нараджэння!

Паводле catholic.by

Меткі: Божае Нараджэнне, Хрысціянства