У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім; кожны з іх меў па шэсць крылаў.
Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы: Святы, святы, святы, Пан Магуццяў. Уся зямля поўная хвалы Яго. І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам.
І сказаў я: Гора мне, бо Я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі і жыву я сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.
Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой.
Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 43, 16-21 Вось Я ўчыню новае і дам піць народу свайму
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан, які зрабіў шлях ў моры і сцежку ў магутных водах; які вывеў калясніцы, і коней, і магутнае войска. Усе разам палеглі, не ўстануць больш. Задзьмулі іх і пагасілі, як кнот.
Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае. Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта? Я зраблю шлях у стэпе і рэкі ў пустыні. Уславяць Мяне дзікія звяры, шакалы і страусы, бо Я дам у стэпе ваду, у пустыні – рэкі, каб напаіць Мой выбраны народ. Гэты народ Я стварыў для сябе, ён будзе абвяшчаць Маю хвалу.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 26, 2. 7–9. 12–13. 22–23 Пан аддаў цябе ў мае рукі, а я не захацеў падняць руку
Чытанне Перашай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Падняўся Саўл і з трыма тысячамі чалавек, выбраных сярод сыноў Ізраэля, рушыў у пустыню Зіф, каб шукаць у пустыні Зіф Давіда.
Тым часам уначы Давід і Абісай наблізіліся да войскаў ягоных і знайшлі Саўла, які ляжаў і спаў у лагеры сярод палатак. Яго дзіда была ўторкнутая ў зямлю каля галавы ягонай, а Абэнэр і людзі спалі вакол яго. І сказаў Абісай Давіду: Сёння Пан аддаў ворага ў твае рукі, таму дазволь мне адным ўдарам прыбіць яго дзідай да зямлі, другога ўжо не спатрэбіцца. І сказаў Давід Абісаю: Не забівай яго, бо хто можа беспакарана падняць руку на памазаніка Пана?
Тады Давід ўзяў дзіду і збан з вадою, які стаяў каля галавы Саўла, і яны адышлі. Ніхто не убачыў, не заўважыў і не прачнуўся, але ўсе спалі, таму што Пан спаслаў на іх глыбокі сон. А Давід перайшоў на другі бок і стаў на версе гары, так што паміж ім была вялікая адлегласць.
І Давід закрычаў Саўлу: Вось каралеўская дзіда, няхай адзін са слугаў прыйдзе і возьме яе. А Пан адплаціць кожнаму паводле справядлівасці і вернасці ягонай. Бо сёння Пан аддаў цябе ў мае рукі, а я не захацеў падняць руку сваю на памазаніка Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 2, 9–14 (Vlg) Я заставаўся невідушчым
Чытанне кнігі Тобія.
Я, Тобій, у ноч Пяцідзесятніцы, пасля таго, як пахаваў мёртвага, пайшоў на двор свой і заснуў каля сцяны на двары, і з-за спёкі я не накрываў свайго твару. Я не ведаў, што на сцяне нада мною былі вераб’і, і іх цёплы гной зваліўся мне на вочы і навёў на іх бельмы. І я хадзіў лячыцца да лекараў, аднак чым больш яны мазалі мне вочы лекамі, тым больш слеплі мае вочы ад бельмаў, пакуль я не аслеп цалкам. Б/
На працягу чатырох гадоў я заставаўся невідушчым, і ўсе мае браты былі засмучаны з-за мяне. Архікар ўтрымліваў мяне два гады, перш чым адправіўся ў Элімаіду. У той час мая жонка Ганна выконвала для заробку жаночыя працы, прадучы лён. Тое, што зрабіла, яна пасылала гаспадарам, а яны плацілі ёй заробак. У сёмы дзень месяца дыстра яна выткала сукно і аддала яго гаспадарам, і яны поўнасцю заплацілі ёй, даўшы таксама казляня для спажытку. Б/
Калі казляня падышло да мяне, яно пачало бляяць. Я паклікаў жонку і спытаўся: Адкуль гэтае казляня? Ці, выпадкам, яно не крадзенае? Аддай яго гаспадарам ягоным: нам нельга спажываць нічога крадзенага. Яна ж мне казала: Мне падаравалі яго ў дадатак да заробку. Аднак я не верыў ёй, кажучы, каб аддала яго гаспадарам, і раззлаваўся на яе з-за гэтага. Тады яна сказала мне ў адказ: Ну і дзе твая міласціна? Дзе твая справядлівасць? Цяпер усё пра цябе вядома.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 55, 10–11 Слова Маё споўніць тое, што Я хацеў
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:
Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай, і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту і хлеб для таго, хто есць, так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 11, 19–26 Прамаўлялі таксама да грэкаў, прапаведуючы Пана Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Тыя, хто рассеяўся з-за ганенняў, што сталіся пасля Стэфана, дайшлі аж да Фінікіі, Кіпра і Антыёхіі, і нікому, апроч юдэяў, не абвяшчалі слова. Некаторыя з іх былі з Кіпра і Кірынеі. Яны прыйшлі ў Антыёхію і прамаўлялі таксама да грэкаў, прапаведуючы Пана Езуса. І рука Пана была з імі, і вялікае мноства паверыла і навярнулася да Пана.
Вестка пра іх дайшла да Касцёла ў Ерузалеме. І паслалі Барнабу ў Антыёхію. Калі ён прыйшоў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, узрадаваўся і заахвочваў усіх, каб шчырым сэрцам трывалі ў Пане. Бо ён быў муж добры, поўны Духа Святога і веры. І шмат людзей прыхілілася да Пана.
Потым Барнаба пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. Увесь год яны працавалі разам ў Касцёле і навучалі вялікую колькасць людзей. У Антыёхіі ўпершыню вучні былі названыя хрысціянамі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 4–5. 17–19 Устанавіў цябе прарокам для народаў
Чытанне Кнігі прарока Ераміі
У дні Ёсіі:
Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў.
Ты падпяражаш свае бёдры, устанеш і скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх, інакш Я напоўню цябе страхам перад імі. Вось Я зрабіў цябе сёння ўмацаваным горадам, жалезным слупом і меднымі мурамі супраць усёй зямлі, супраць каралёў юдэйскіх, супраць правадыроў іхніх, супраць святароў і народу гэтай зямлі.
Яны будуць ваяваць з табою, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, — кажа Пан, — каб ратаваць цябе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нав 5, 9а. 10-12 Народ Божы, увайшоўшы ў абяцаную зямлю, святкуе Пасху
Чытанне кнігі Езуса Навіна.
У тыя дні:
Пан сказаў Езусу Навіну: Сёння зняў Я з вас ганьбу егіпецкую.
I разбілі сыны Ізраэля лагер у Галгале, і ўвечары на чатырнаццаты дзень месяца яны святкавалі Пасху на ерыхонскай раўніне. I на другі дзень Пасхі елі з пладоў гэтай зямлі, праснакі і пражанае зерне ў гэты ж дзень.
А манна перастала падаць на другі дзень пасля таго, як яны сталі есці з пладоў зямлі. І не было больш манны ў сыноў Ізраэля, і елі яны ў гэты год плён зямлі ханаанскай.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 3, 1–8а. 13–15 ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Майсей пасвіў авечак цесця свайго Етры, святара мадыянскага. І завёў ён авечак далёка ў пустыню, і прыйшоў да Гарэба, Божай гары. І з’явіўся яму Анёл Пана ў полымі агню з сярэдзіны цярновага куста. І бачыў ён, як куст палаў агнём, але не згараў.
І сказаў Майсей: Падыду я бліжэй і пагляджу на гэтую вялікую з’яву: чаму куст не згарае. Убачыў Пан, што ён наблізіўся, каб паглядзець, і паклікаў яго з сярэдзіны куста, кажучы: Майсей, Майсей.
Той адказаў: Вось я.
І сказаў Бог: Не набліжайся сюды, здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля. І сказаў яшчэ: Я — Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба.
І схаваў Майсей твар свой, таму што баяўся паглядзець на Бога.
І сказаў Пан: Я добра бачыў пакуты народа Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні. Таму сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў і вывесці яго з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд.
І сказаў Майсей Богу: Вось я прыйду да сыноў Ізраэля і скажу ім: Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас. А калі яны спытаюцца ў мяне: Якое ў Яго імя? Што адказаць мне ім? Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас.
І гаварыў далей Бог Майсею: Так скажаш сынам Ізраэля: Пан Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё навекі і гэта напамін пра Мяне з пакалення ў пакаленне.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 21, 1–11 Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: Ідзіце ў вёску, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх.
І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: Скажыце дачцы Сіёна: Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх сваё адзенне, і Ён сеў на яго. І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі:
Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях!
І калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: Хто гэта? А народ адказваў: Гэта прарок Езус з Назарэту галілейскага.
Гэта слова Пана.
ІМША
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 50, 4–7 Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і ведаю, што не зазнаю сораму
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад.
Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання.
Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму.