Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана, Год А

ПРАЦЭСІЯ З ПАЛЬМАМІ

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 21, 1–11
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: Ідзіце ў вёску, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх.

І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: Скажыце дачцы Сіёна: Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.

Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх сваё адзенне, і Ён сеў на яго. І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі:

Гасанна Сыну Давіда!
Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!
Гасанна на вьшынях!

І калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: Хто гэта? А народ адказваў: Гэта прарок Езус з Назарэту галілейскага.

Гэта слова Пана.


ІМША

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 50, 4–7
Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і ведаю, што не зазнаю сораму

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад.

Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання.

Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 22 (21), 8–9. 17–18а. 19–20. 23–24 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Божа, мой Божа, чаму мяне пакінуў?

8. Усе, хто бачыць мяне, насміхаюцца з мяне, *
адкрываюць вусны і галавой ківаюць:
9. Ён спадзяваўся на Пана, няхай жа вызваліць яго, *
няхай уратуе, калі Яму ён любы.

Рэфрэн:

17. Сабакі акружылі мяне, *
зборышча злачынцаў мяне абступіла,
прабілі рукі мае і ногі. *
18. Я магу палічыць усе мае косці.

Рэфрэн:

19. Яны дзеляць вопратку маю між сабою *
і жэрабя кідаюць аб адзежы маёй.
20. Але Ты, Пане, не адыходзь ад мяне; *
сіла мая, паспяшайся мне на дапамогу.

Рэфрэн:

23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, *
на сходзе буду праслаўляць Цябе.
24. Вы, што баіцеся Пана, праслаўляйце Яго. †
Усё патомства Якуба, усхваляй Яго. *
Няхай баіцца Яго ўсё патомства Ізраэля!

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Флп 2, 6–11
Прынізіў сябе, таму Бог узвысіў Яго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 8–9

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.

Хрыстус прынізіў сябе,
будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.

Чытанне ці спеў апісання Мукі Пана адбываецца без свечак і без каджэння над кнігай. Лектар

не вітае людзей і не робіць знакаў крыжа над кнігай і на сабе.

Муку Пана могуць чытаць дыяканы ці святары наперамен з хорам. Калі неабходна, целебрант чытае словы Хрыста. Муку Пана могуць чытаць таксама свецкія, але словы Хрыста, пажадана, каб чытаў целебрант. Колькасць чытачоў залежыць ад абставінаў.

Толькі дыяканы перад спяваннем Мукі Пана просяць цэлебранта аб благаслаўленні, як звычайна перад Евангеллем. Для зручнасці чытання Мукі Пана ў тэксце змешчаны наступныя знакі:
Е. — словы Хрыста
Ев. — словы евангеліста
І. — словы адной асобы
Л. — словы некалькіх асобаў

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 27, 11–54
Мука Пана нашага Езуса Хрыста.

Пілат дапытвае Езуса

Ев. У той час прывялі Езуса да намесніка. І спытаўся ў Яго намеснік: I. Ты Кароль Юдэйскі? Ев. Езус сказаў яму: Е. Ты кажаш. Ев. І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады кажа Яму Пілат: І. Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе? Ев. І Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

Езуса асуджаюць на смерць

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання народу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Барабба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: I. Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Бараббу ці Езуса, званага Хрыстом? Ев. Бо ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. А калі ён засядаў у судзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: I. Не рабі нічога таму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела з-за Яго. Ев. Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі за Бараббу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: I. Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам? Ев. Яны сказалі: Л. Бараббу. Ев. Кажа ім Пілат: І. А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом? Ев. Кажуць усе: Л. Няхай будзе ўкрыжаваны! Ев. Ён жа сказаў: І. Што дрэннага зрабіў Ён? Ев. Але яны яшчэ мацней крычалі: Л. Няхай будзе ўкрыжаваны! Ев. Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а хваляванне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад людзьмі, кажучы: І. Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі. Ев. І ўвесь народ адказаў: Л. Кроў Яго на нас і на дзецях нашых. Ев. І адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Жаўнеры насміхаюцца з Езуса

Тады жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. Распранулі Яго і накінулі на Яго чырвоны плашч, сплялі вянок з церня і ўсклалі Яму на галаву, і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: Л. Вітай, Кароль Юдэйскі! Ев. І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі высмеялі, знялі з Яго плашч і апранулі ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаванне.

Укрыжаванне Езуса

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынейца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае: Месца чэрапа, далі Яму выпіць віна, змешанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Тыя, хто ўкрыжаваў Яго, падзялілі ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы, пільнавалі Яго там. І змясцілі над галавой Ягонай надпіс з віной Ягонай: Гэта Езус, Кароль Юдэйскі. Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: Л. Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні адбудоўваеш яе, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа. Ев. Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі насміхаліся і казалі: Л. Іншых ратаваў, а самога сябе не можа ўратаваць. Ён – Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: Я – Сын Божы. Ев. Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

Смерць Езуса

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай, усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: Е. Элі, Элі, лема сабахтані? Ев. Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Л. Ён кліча Іллю. Ев. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе ў воцат, насадзіў на трысціну і даў Яму піць. А другія казалі: Л. Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго. Ев. А Езус зноў ускрыкнуў моцным голасам і сканаў.

Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне

І вось заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі. І выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, і ўвайшлі ў святы горад, і паказаліся многім.

А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: Л. Сапраўды, гэта быў Сын Божы.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць