Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

1 студзеня — урачыстасць святой Багародзіцы Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 6, 22–27
І будуць заклікаць імя Маё над сынамі Ізраэля, і Я благаслаўлю іх

Чытанне кнігі Лічбаў.

Прамовіў Пан да Майсея, кажучы:

Скажы Аарону і сынам ягоным: Так благаслаўляйце сыноў Ізраэля, кажучы ім:

Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе!
Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай.
Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам.
І будуць заклікаць імя Маё над сынамі Ізраэля, і Я благаслаўлю іх.

Гэта слова Божае.

10 студзеня – Свята Хросту Пана (Год В)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 55, 1–11
Ідзіце да водаў: паслухайце і жыць будзе душа ваша

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў.
І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце.
Ідзіце купляйце без срэбра
і без платы віно і малако.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое,
што не ёсць хлебам,
а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца?
Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро,
і няхай душа вашая нацешыцца тукам.
Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне,
паслухайце і жыць будзе душа ваша.
І дам вам запавет вечны — нязменныя ласкі для Давіда.
Вось я ўчыніў яго для народаў сведкам,
правадыром і настаўнікам для народаў.
Вось ты паклічаш народ, якога не ведаў,
і народы, якія не ведалі цябе, пабягуць да цябе,
дзеля Пана Бога твайго
і Святога Ізраэля, бо Ён уславіў цябе.
Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе,
клічце Яго, пакуль Ён блізка!
Няхай бязбожны пакіне шлях свой,
а чалавек беззаконны ­– свае намеры;
няхай вернецца да Пана, і Ён змілуецца над ім,
да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне.
Бо май думкі – гэта не вашыя думкі,
і вашыя шляхі – не мае шляхі, – гаворыць Пан.
Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю,
так шляхі мае – над шляхамі вашымі
і думкі мае – над думкамі вашымі.
Падобна як дождж і снег падае з неба
і туды не вяртаецца,
але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай,
і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту
і хлеб для таго, хто есць,
так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх,
не вернецца да Мяне без плёну,
пакуль не споўніць тое, што Я хацеў,
і з поспехам дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго.

Гэта слова Божае.

12 студзеня – Свята Хросту Пана. Год А.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 42, 1–4. 6–7
Вось слуга Мой, якога ўпадабала душа Мая

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Вось  слуга Мой, якога Я падтрымаю,
выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Я спаслаў Духа свайго на Яго;
Ён прынясе народам Правасуддзе.
Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць,
на вуліцы не будзе чутна голасу Яго.
Ён не зломіць надломленай трысціны
і не пагасіць тлеючана кноту;
для праўды прынясе Ён Правасуддзе.
Не аслабне і не надломіцца,
пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі,
і наказаў Ягоных чакаюць астравы.
Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці,
і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе,
і ўчыніў запаветам для людзей,
святлом для народаў,
каб Ты адкрыў вочы сляпым
і з вязніцы вывеў палонных,
з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.

Гэта слова Божае.

13 студзеня – Свята Хросту Пана (Год С)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 1-5. 9-11
З’явіцца слава Пана, і ўбачыць яе кожнае цела

Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

Суцешце, суцешце народ Мой! –
кажа ваш Бог.
Прамаўляйце да сэрца Ерузалема
і абвяшчайце яму,
што скончыўся час барацьбы ягонай,
што адплочаны беззаконні ягоныя,
бо атрымаў ён з рукі Пана
ўдвая за ўсе свае грахі.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор – далінаю.
І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Узыйдзі на высокую гару, Сіён,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, не бойся!
Скажы гарадам юдэйскім:
Вось Бог ваш!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю,
і плячо Ягонае, што мае ўладу.
Вось узнагарода Ягоная з Ім,
і адплата Ягоная перад Яго абліччам.
Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой;
ягнятаў будзе браць на рукі
і насіць на грудзях сваіх,
з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.

Гэта слова Божае.

19 сакавіка — урачыстасць святога Юзафа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 7, 4–5а. 12–14а. 16
Дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан скіраваў да Натана наступныя словы: Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: так кажа Пан: Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам.

І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі.

Гэта слова Божае.

24 снежня — вігілія урачыстасці Нараджэння Пана

Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 62, 1–5

Ты спадабаўся Пану

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Дзеля Сіёну не буду маўчаць,
дзеля Ерузалема не супакоюся,
пакуль не ўзыдзе, як святло, справядлівасць яго
і яго збаўленне не запалае, як паходня.
І ўбачаць народы тваю справядлівасць,
і ўсе каралі – тваю славу;
і назавуць цябе новым іменем,
якое вызначаць вусны Пана.
І будзеш каронаю славы ў руцэ Пана,
і каралеўскай дыядэмай на далоні твайго Бога.
Ужо не скажуць пра цябе: Пакінуты, –
і зямлю тваю не будуць больш называць пустыняй.
Але будуць называць цябе:
Маё ўпадабанне ў ім, –
а зямлю тваю замужняй,
бо ты спадабаўся Пану,
і зямля твая атрымае мужа.
Бо, як юнак бярэ замуж дзяўчыну,
так возьмуць цябе сыны твае;
як жаніх радуецца нявесце,
так узрадуецца табою твой Бог.

Гэта слова Божае.

25 снежня — урачыстасць Нараджэння Пана

Імша ў начы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 9, 1–6
Сын дадзены нам

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Народ, які хадзіў у цемры,
убачыў святло вялікае;
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
Ты памножыў народ,
павялічыў радасць.
Ён весяліцца перад Табою,
як весяляцца ў час жніва,
як цешацца пры падзеле здабычы.
Бо ярмо, што гняло яго,
і кій на плячах ягоных,
і розгу прыгнятальніка ягонага
Ты зламаў, як у дзень Мадыяма.
Бо ўсякі бот ваюючага жаўнера
і адзенне, забруджанае крывёю,
будзе кінута ў пажар на ежу агню.
Бо Дзіця нарадзілася нам,
Сын дадзены нам;
і ўлада спачыла на плячах Яго,
і дадуць імя Яму:
Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны,
Спрадвечны Айцец, Князь Спакою.
Будзе вялікім панаванне Яго,
і міру не будзе канца
над тронам Давіда і над яго валадарствам,
якое Ён умацуе і падтрымае ў правасуддзі і справядлівасці
адгэтуль і навекі.
Руплівасць Пана Магуццяў учыніць гэта.

Гэта слова Божае.

29 верасня — свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 9–10. 13–14
Тысячы тысячаў служылі Яму

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўні, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

6 студзеня — урачыстасць Аб'яўлення Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 60, 1–6
Слава Пана ўзышла над табою

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Устань, свяціся, Ерузалем,
бо прыйшло тваё святло,
і слава Пана ўзышла над табою.
Бо вось цемра пакрые зямлю,
і змрок — народы,
а Пан узыдзе над табою,
і слава Ягоная з’явіцца над табою.
І пойдуць народы да твайго святла,
і каралі да бляску твайго ўсходу.
Узнімі вочы свае і паглядзі навокал:
усе яны збіраюцца, ідуць да цябе.
Сыны твае прыходзяць здалёк,
і дачок тваіх нясуць на руках.
Тады ўбачыш ты і заззяеш,
затрапеча ад радасці сэрца тваё,
бо багацці мора паплывуць да цябе,
прыйдзе да цябе скарб народаў.
Закрые цябе мноства вярблюдаў,
маладых вярблюдаў з Мадыяну і з Эфы.
Усе яны прыйдуць з Сабы,
прынясуць золата і кадзіла,
і абвяшчаць будуць хвалу Пану.

Гэта слова Божае.

8 снежня — урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 9–15.20
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю

Чытанне Кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

І назваў Адам жонку сваю Евай, бо яна маці ўсіх жывых.

Гэта слова Божае.

Арцыбіскуп Кандрусевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне Яўгену Вінтову

24 жніўня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі дыякан Яўген Вінтоў прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Інаўгурацыя катэдральнага капітула прайшла ў мінскай катэдры

12 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле прайшла цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, падчас якой грэміяльныя і ганаровыя канонікі склалі прысягу.

Літургія Вялікага Тыдня

Ушанаванне мукі i ўваскрасення Пана Езуса доўжыцца поўныя тры днi. Распачынаецца яно ў Вялiкi чацвер вечарам, а заканчваецца вечарам у нядзелю. Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца своеасаблiваю кульмiнацыяй усяго літургічнага году. Гэта не падрыхтоўка да Вялiкадня, а само ўшанаванне Хрыстовай Пасхi, праз удзел у Яго муцы, смерцi i ўваскрасенні. Вернiкi павiнны прымаць шчыры ўдзел у гэтых абрадах, прыступаць да святой Камунiі, таму варта паспавядацца яшчэ да Вялiкага чацвярга.

Каб па-сапраўднаму зразумець сэнс Святога Пасхальнага Трыдуума, трэба памятаць, што смерць i ўваскрасенне Хрыста — адно цэлае. Хрыстус адкупiў чалавецтва не толькi праз сваю смерць, але i праз уваскрасенне, — значыць, усёю Пасхальнаю мiстэрыяй.

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2017

«Падобна Мудрацам з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу і потым вярнуліся дадому іншай дарогай, таксама і мы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу, што знаходзіцца ў яслях, павінны вярнуцца да нашых дамоў, месцаў працы, вучобы і адпачынку дарогай, поўнай Божай ласкі і любові», – адзначае арцыбіскуп.

Святкаванне ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста адбылося на плошчы перад Чырвоным касцёлам у Мінску

У нядзелю 14 чэрвеня на плошчы перад касцёлам святога Сымона і святой Алены ў Мінску адбылася Імша і Эўхарыстычная працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святы Тамаш: Божы Сын прыняў нашую натуру, каб учыніць людзей багамі

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста прапануем духоўнае разважанне св. Тамаша Аквінскага на тэму збавеннага сакрамэнту Эўхарыстыі з сённяшняй літургічнай Гадзіны чытанняў.

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

Догмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г., быў часткаю праграмы Папы Пія ХІІ, які ўсім сэрцам клапаціўся пра распаўсюджванне марыйнай пабожнасці.

Пій ХІІ лічыў, што распаўсюджванне марыйнай пабожнасці з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце і адкрытасці людзей на дары і ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць, каб дапамагчы свету падняцца «з жудасных бедстваў» – і мінулых і тых, якія адбываюцца ў сучаснай гісторыі. Папа верыў, што абвяшчэнне новага марыйнага догмату стане вялікім імпульсам да развіцця культу Маці Божай, і гэта накіруе свет на добры шлях.

Унебаўшэсце Пана

Сёння мы ўзгадваем вельмі важны момант. Гэта момант, калі Езус у апошні раз убачыў сваіх вучняў, а яны ў апошні раз убачылі Яго. Аднак гэтая падзея не напоўніла вучняў смуткам, тугой, як было тады, калі Хрыстус памёр; яна не выклікала тое, што Яго вучні рассеяліся і вярнуліся да сваіх заняткаў, але — цалкам наадварот — напоўніла іх радасцю.

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Каталіцкім Касцёле – свята, прысвечанае ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста. Адзначаецца ў пятніцу, на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела Хрыста і на дванаццаты дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Сэрца Хрыста з’яўляецца сімвалам любові Бога да людзей, такім чынам, гэтае свята адлюстроўвае падзяку Богу за Яго любоў і дараванае збаўленне.

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 11, 1. 3–4. 8c–9
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Гэта кажа Пан:

Калі Ізраэль быў дзіцём, Я палюбіў яго,
і паклікаў з Егіпту сына майго.
Я сам вучыў Эфраіма хадзіць,
насіў іх на сваіх руках, а яны не разумелі, што Я апекаваўся імі.
Я прыцягваў іх повязямі чалавечнасці, повязямі любові,
і быў для іх як той, хто памае дзіця да сківіцаў сваіх,
Я схіліўся над ім і карміў яго.
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё
і распаліўся разам жаль Мой.
Полымя гневу Майго не распалю
і не буду знішчаць больш Эфраіма,
бо Я — Бог, а не чалавек,
Святы сярод цябе,
таму не прыйду ў гневе.

Гэта слова Божае.

  • 1
  • 2