Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Літургія Вялікага Тыдня

Ушанаванне мукі i ўваскрасення Пана Езуса доўжыцца поўныя тры днi. Распачынаецца яно ў Вялiкi чацвер вечарам, а заканчваецца вечарам у нядзелю. Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца своеасаблiваю кульмiнацыяй усяго літургічнага году. Гэта не падрыхтоўка да Вялiкадня, а само ўшанаванне Хрыстовай Пасхi, праз удзел у Яго муцы, смерцi i ўваскрасенні. Вернiкi павiнны прымаць шчыры ўдзел у гэтых абрадах, прыступаць да святой Камунiі, таму варта паспавядацца яшчэ да Вялiкага чацвярга.

Каб па-сапраўднаму зразумець сэнс Святога Пасхальнага Трыдуума, трэба памятаць, што смерць i ўваскрасенне Хрыста — адно цэлае. Хрыстус адкупiў чалавецтва не толькi праз сваю смерць, але i праз уваскрасенне, — значыць, усёю Пасхальнаю мiстэрыяй.

Вялікі чацвер

Вялікі ЧацверУ гэты дзень ажыццяўляецца св. Імша Хрызма, цэлебраваная ў катэдральным касцёле біскупам і прэзбітэрамі дадзенай дыяцэзіі. Падчас гэтай святой Імшы біскуп блаславіць алеі хворых і катэхумэнаў і кансэкруе алей-хрызма. Святары забіраюць новыя алеі ў свае парафіі, а старыя спальваюцца.

Вечарам усе вернiкi збiраюцца разам са сваiмi душпастырамi, каб ушанаваць Апошнюю Вячэру ў часе ўрачыстай святой Iмшы. У евангельскім чытанні гэтай Iмшы гаворыцца пра абмыванне ног Апосталам (Ян 13, 1–15). Узаемная любоў павiнна быць умоваю i плёнам Эўхарыстыi. Наследуючы Хрыста, святар можа, паводле Евангелля, абмыць ногi дванаццацi мужчынам. На Gloria звоняць званы, а пасля змаўкаюць аж да Пасхальнай вiгiлii.

Пасля святой Iмшы Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай працэсii пераносiцца да цямнiцы (бочная каплiца), дзе вернiкi адаруюць Пана Езуса да поўначы, разважаючы над Яго пакутаю ў Алiўным садзе. З алтара здымаюць убранне як сiмвал таго, што з Езуса здзерлi шаты.

У Вялiкi чацвер таксама ўзгадваецца ўстанаўленне сакрамэнту святарства. Таму ранiцаю ў катэдрах бiскуп цэлебруе ўрачыстую святую Iмшу разам са святарамi сваёй дыяцэзii. У часе святой Iмшы асвячаецца алей i хрызма, а святары складаюць святарскую прысягу.


Вялікая пятніца

Вялікая ПятніцаУ гэты дзень св. Імшы на знак вялікай пашаны да ахвяры Езуса Хрыста на крыжы за грахі ўсяго свету не цэлебруюцца. Вечарам у рымскім Калізеі пад кіраўніцтвам Папы адбываецца Крыжовы шлях.

У цэнтры гэтага дня – літургія Мукі Пана. Пасля поўдня вернiкi збiраюцца на набажэнства, каб ушанаваць муку Хрыста. Самае важнае ў часе гэтага набажэнства — ушанаванне таямнiцы крыжа.

Набажэнства распачынаецца пры алтары, на якiм няма крыжа, свечак i абрусаў. Уся лiтургiя скiравана на тое, каб засяродзiць увагу вернiкаў на алтары, якi сiмвалiзуе самога Хрыста.

Набажэнства ў Вялiкую пятнiцу складаецца з наступных частак:

- лiтургiя слова: святар з мiнiстрантамi ва ўбраннi чырвонага колеру ў цiшы падыходзiць да алтара, чытае малiтву, потым адбываецца лiтургiя слова. Яна складаецца з двух чытанняў — апiсанне мукi Хрыста паводле св. Яна (Ян 18, 1–19, 42), казання i ўрачыстай малiтвы верных (за ўсё чалавецтва, за Касцёл, пастыраў i вернiкаў);

- адарацыя Крыжа: унясенне Крыжа, пакрытага жалобнаю фiялетаваю тканiнаю. Потым тканiна паступова адсланяецца з Крыжа, i ў гэты час святар тройчы спявае: «Вось дрэва Крыжа, на якiм памёр Збаўца свету». Вернiкi адказваюць: «Пойдзем з паклонам». Распачынаецца адарацыя Крыжа — народ Божы падыходзiць да Крыжа, цалуе гэта збавеннае дрэва з удзячнасцi за адкупленне;

- святая Камунiя: жыццядайным плёнам смерцi Хрыста з’яўляецца Эўхарыстыя, таму вернiкам удзяляецца святая Камунiя, кансэкраваная ў Вялiкi чацвер. Праз гэта Касцёл падкрэслiвае еднасць Ахвяры Вячэрнiка з Ахвяраю Крыжа;

- працэсiя да гробу Пана: пасля абрадаў Вялiкай пятнiцы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносяць у манстранцыi да так званага гробу Божага. Вернiкi там адаруюць Найсвяцейшы Сакрамэнт да Нядзелі Уваскрасення Пана.

З Вялікай Пятніца распачынаецца Навэна да Божай Міласэрнасці, якая працягвацца 9 дзён.


Вялікая субота

Вялікая СуботаУ Вялікую суботу Касцёл трывае ля Гроба Панскага, разважаючы пра пакуты і смерць Хрыста. Літургія Пасхальнай вігіліі належыць ужо да нядзелі Змёртвыхпаўстання. Вернікі прыносяць у гэты дзень для асвячэння велікодныя стравы ў кошычках.

У велікодны кошычак трэба пакласці: хлеб (сімвал Езуса), яйка (сімвал плоднасці, адраджаючага жыцця і знак перамогі Езуса над смерцю), мяса і вяндліны (сімвал дастатку сям’і), соль (захоўвае ад псавання, мае таксама ўласцівасць ачышчэння), хрэн, сыр, велікодную булку, фігурку ягня (сімвал Змёртвыхпаўсталага Езуса, пакоры і лагоднасці) і ваду


Пасхальная вігілія і Велікодная нядзеля

Змартвыхпаўстанне

Ноч перад Нядзеляю Уваскрасення Пана (Вялiкая Ноч) для хрысцiянаў была ночаю чування. Яе праводзiлi ў малiтве i слуханнi Слова Божага.

Хрысцiяне перанялi практыку чування i чакання ў гэту ноч вяртання ўваскрослага Хрыста. У касцёлах адбываецца лiтургiя Пасхальнай вiгiлii, якая складаецца з наступных частак:

Лiтургiя святла
Перад касцёлам святар благаслаўляе агонь, потым запальвае пасхал (вялiкую свечку, якая сiмвалiзуе ўваскрослага Хрыста). З працэсiяй пасхал уносяць у касцёл, дзе патушана святло. Святар тройчы спявае «Святло Хрыстова», а вернiкi з удзячнасцю адказваюць «Дзякуем Богу» i запальваюць ад пасхала свае свечкi. Потым святар цi дыякан спявае пасхальнае пасланне «Exsultet», старажытны хрысцiянскi гiмн хвалы (VII ст.). У гэтым гiмне ўслаўляецца ўваскрослы Хрыстус, якога сiмвалiзуе запаленае святло.

Лiтургiя слова
Складаецца з дзевяцi чытанняў Святога Пiсання: сем са Старога Запавету i два з Новага Запавету (epistola i Евангелле). Перад чытаннем з Новага Запавету (epistola) святар пачынае спяваць гiмн Gloria, i пачынаюць званiць званы. Перад Евангеллем зноў спяваецца пасля саракадзённага перапынку радаснае Alleluja.

Лiтургiя хросту
Пасля «Лiтанii да ўсiх святых» святар благаслаўляе хрысцiльную ваду i ўдзяляе сакрамэнт святога хросту. Калi няма кандыдатаў да святога хросту i не благаслаўляецца хрысцiльная вада, то святар благаслаўляе ваду для акраплення. Затым адбываецца аднаўленне абяцанняў сакрамэнту хросту i акрапленне вернiкаў вадою — гэта напамiн пра наша хрышчэнне i пра нашу вернасць Хрысту.

Эўхарыстычная лiтургiя
Пасля начнога чування ўваскрослы Езус запрашае нас на пасiлак, якi прыгатаваў праз сваю смерць i ўваскрасенне. Эўхарыстычная лiтургiя распачынаецца прыгатаваннем дароў. Тэксты i спевы — велiкодныя. Гэта першая велiкодная святая Iмша, нават калi яна скончыцца перад поўначчу Вялiкай суботы.

Рэзурэкцыйная працэсiя
Адразу пасля вiгiлiйнай Iмшы, альбо раніцаю адбываецца ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсiя, у часе якой нясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт i сiмвал уваскрасення (фiгурку Хрыста і крыж, перавязаны чырвонаю стулаю). Працэсiя пачынаецца ад гробу Пана i абыходзiць адзiн альбо тры разы касцёл пад радасны велiкодны спеў.

«...Няхай сапраўды жыццё вашае стане ўваскрослым жыццём з Хрыстом, жыццём шчырых сведкаў узнёслай праўды змёртвыхпаўстання перад усiм светам» (Ян Павел II).

Паводле slowo.grodnensis.by і ave-maria.by

Меткі: Хрысціянства, Урачыстасць, Традыцыі, Літургія

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.