Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

6 студзеня — урачыстасць Аб'яўлення Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 60, 1–6
Слава Пана ўзышла над табою

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Устань, свяціся, Ерузалем,
бо прыйшло тваё святло,
і слава Пана ўзышла над табою.
Бо вось цемра пакрые зямлю,
і змрок — народы,
а Пан узыдзе над табою,
і слава Ягоная з’явіцца над табою.
І пойдуць народы да твайго святла,
і каралі да бляску твайго ўсходу.
Узнімі вочы свае і паглядзі навокал:
усе яны збіраюцца, ідуць да цябе.
Сыны твае прыходзяць здалёк,
і дачок тваіх нясуць на руках.
Тады ўбачыш ты і заззяеш,
затрапеча ад радасці сэрца тваё,
бо багацці мора паплывуць да цябе,
прыйдзе да цябе скарб народаў.
Закрые цябе мноства вярблюдаў,
маладых вярблюдаў з Мадыяну і з Эфы.
Усе яны прыйдуць з Сабы,
прынясуць золата і кадзіла,
і абвяшчаць будуць хвалу Пану.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 72 (71), 1–2. 7–8. 10–11. 12–13 (Р.: пар. 11)

Рэфрэн: Усе народы свету будуць служыць Пану.

1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.

Рэфрэн:

7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад Ракі аж да краю зямлі.

Рэфрэн:

10. Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, *
Каралі Аравіі і Сабы складуць даніну.
11. І паклоняцца Яму ўсе каралі, *
усе народы будуць служыць Яму.

Рэфрэн:

12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, *
і прыгнечанага, які дапамогі не мае.
13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім *
і душы бедных уратуе.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 2–3а. 5–6
Цяпер адкрылася, што язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі абяцання

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Вы чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас, бо праз аб’яўленне мне была адкрыта таямніца.

Яна не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа. Гэта значыць, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 2, 2

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе
і прыйшлі пакланіцца Яму.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 2, 1–12
Прыйшлі пакланіцца Яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, вось мудрацы з усходу прыбылі ў Ерузалем, кажучы: Дзе нованароджаны кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Месія?

Яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Валадар, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля.

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзіце і старанна шукайце Дзіця, калі ж знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі.

І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль не прыйшла і не стала над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру.

І папярэджаныя ў сне, каб не вярталіся да Ірада, іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Пакорна шукаць

Візіт трох мудрацоў з Усходу (якіх у нашай традыцыі мы называем каралямі) прыпамінае вельмі важную праўду. Каб знайсці Бога, нам патрэбна пакора. Гэтыя трое мужчын былі людзьмі адукаванымі і багатымі. Ім хапала “таго, што зямное”. Нягледзячы на гэта яны шукалі чагосьці большага, шукалі сапраўднага Бога. Яны хацелі знайсці Месію, пра якога чулі, што Ён нарадзіўся. Яны дазволілі зорцы весці сябе. Калі прыбылі на месца, маглі адчуць сябе расчараванымі. Што гэта за Сын Божы, які нарадзіўся ў такіх бедных умовах? Аднак яны не паддаліся таму, што ўбачылі, але засталіся вернымі таму, на што паказвала ім зорка – даверыліся. Не складана шукаць Бога такога, якога мы б чакалі, але важна прыняць Яго такога, якім Ён ёсць.

Пане, дай мне вытрываласць у пошуках Цябе. Дай мне таксама на столькі пакоры, каб я быў здольны прыняць Тваю волю ў сваім жыцці, каб не думаў толькі аб тым, што для мяне найлепшае, але каб я адкрыўся на тое, што Ты хочаш мне ахвяраваць.

Разважанні кс. Марывуша Краўца SSP
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Урачыстасць, Божае Нараджэнне

Друкаваць

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.