Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 11, 4b–15
Я не магу адзін несці ўвесь гэты народ

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Сыны Ізраэля казалі: Хто дасць нам мяса пад’есці? Мы ўспамінаем рыбу, што елі ў Егіпце задарма, агуркі і дыні, пер’е і галоўкі цыбулі і часнок. А цяпер сасмагла душа наша, і вочы нашы не бачаць нічога, апроч манны.

Манна ж была падобная да насення карыяндру і выглядала, як смалістая камедзь. Людзі выходзілі і збіралі яе, потым малолі ў жорнах або таўклі ў ступах, гатавалі яе ў катлах і рабілі з яе ляпёшкі, якія нагадвалі смакам печыва на алеі. Калі ўначы раса выпадала на лагер, выпадала на яго і манна.

І пачуў Майсей, як наракае народ у сем’ях сваіх, кожны каля ўваходу да сваёй палаткі. І моцна запалаў гнеў Пана, і Майсей таксама засмуціўся, і сказаў Пану: Чаму Ты кепска абыходзішся са сваім слугою? Чаму я не знаходжу прыхільнасці ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар ўсяго народа гэтага? Хіба я зачаў ўвесь народ гэты і нарадзіў яго, каб Ты казаў: Як карміцелька носіць немаўля, нясі яго на руках сваіх на зямлю, якую Ты абяцаў яго продкам? Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму гэтаму народу? Яны плачуць перада мною, кажучы: Дай нам мяса пад’есці. Я не магу адзін несці ўвесь гэты народ, бо ён занадта цяжкі для мяне. Калі Ты робіш гэтак са мною, то лепш забі мяне; забі мяне, калі я знайшоў прыхільнасць ў вачах Тваіх, каб мне больш не бачыць нядолі сваёй.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 81 (80), 12–13. 14–15. 16–17 (Р.: 2а)

Рэфрэн:  Спявайце Богу, цвярдыні нашай.

12. Але народ Мой не слухаў голасу Майго, *
і не згадзіўся Ізраэль са Мною.
13. Таму Я пакінуў іх дзеля ўпартасці іхніх сэрцаў, *
няхай ходзяць паводле сваіх задумаў.

Рэфрэн:

14. Калі б Мой народ Мяне паслухаў, *
калі б Ізраэль хадзіў Маімі шляхамі,
15. я хутка пакарыў бы ворагаў іхніх *
і павярнуў бы руку сваю супраць іх прыгнятальнікаў.

Рэфрэн:

16. Ненавіснікі Пана ліслівілі б Яму, *
а іх пакаранне трывала б вечна.
17. Я карміў бы іх найлепшай пшаніцай, *
насыціў бы іх мёдам са скалы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 4, 4b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 14, 13–21
Паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.

Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.

Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць