Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 21, 1–16
Набот укаменаваны і памёр

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У той час:

У Набота ізрээляніна быў ў Ізрээлі вінаграднік каля палаца Ахаба, караля самарыйскага. І сказаў Ахаб Наботу: Аддай мне свой вінаграднік, і я зраблю з яго сад з гароднінай, бо ён блізка да майго дома. А замест яго дам табе вінаграднік лепшы за гэты, або, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе. Але Набот адказаў яму: Пан забараняе мне, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх.

І прыйшоў Ахаб да дому свайго устрывожаны і раззлаваны тым словам, якое сказаў яму Набот ізрээлянін, кажучы, “не аддам табе спадчыны бацькоў маіх”. І лёг на ложак свой, і адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба. І ўвайшла да яго жонка ягоная Ізабэль, і сказала яму: Чаму засмучана душа твая, чаму ты не ясі хлеба? Ён адказаў ёй: Бо я гаварыў з Наботам ізрээлянінам і сказаў яму: аддай мне вінаграднік свой за срэбра, або, калі пажадаеш, дам табе іншы вінаграднік замест гэтага. Тады ён сказаў: Не аддам табе вінаградніку майго. І сказала яму Езабэль, жонка ягоная: Ты цяпер валадарыш над Ізраэлем. Устань, еш хлеб і будзь спакойны: я здабуду табе вінаграднік Набота ізрээляніна.

І напісала яна ад імя Ахаба лісты, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала старэйшынам і знатным, якія былі ў ягоным горадзе і жылі з Наботам. У лістах яна пісала так: Абвясціце пост і пасадзіце Набота на чале народу, і насупраць яго пасадзіце двух нягодных людзей, якія б сведчылі супраць яго, кажучы: Ты зневажаў Бога і караля. Потым выведзіце яго і ўкаменуйце, каб ён памёр. І зрабілі так мужы горада ягонага, старэйшыны і знатныя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Ізабэль, і як пісана было ў лістах, якія паслала ім. Абвясцілі пост і пасадзілі Набота на чале народу. І ўвайшлі два нягодныя чалавекі, і селі насупраць яго, і сведчылі гэтыя нягодныя людзі супраць яго перад народам, і казалі: Набот зневажаў Бога і караля. І вывелі яго за горад, і пабілі яго камянямі, і ён памёр. І паслалі да Ізабэлі сказаць: Набот укаменаваны і памёр.

Калі Ізабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала Ахабу: Устань, вазьмі ва ўладанне вінаграднік Набота ізрээляніна, які адмовіўся аддаць яго табе за срэбра, бо Набот не жывы, ён памёр. Калі пачуў Ахаб, што Набот памёр, устаў, каб пайсці ў вінаграднік Набота ізрээляніна і ўзяць яго ва ўладанне.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 5, 2–3. 5–6. 7 (Р.: 2b)

Рэфрэн: Пане, зразумей стагнанні мае.

2. Пачуй, Пане, мае словы, *
зразумей стагнанні мае.
3. Прыслухайся да голасу крыку майго, *
Валадар і Бог мой, бо да Цябе малюся.

Рэфрэн:

5. Бо Ты Бог, які не жадае беззаконня, *
грэшнік не будзе жыць каля Цябе.
6. Несправядлівыя не вытрываюць *
перад Тваімі вачыма.

Рэфрэн:

7. Ты ненавідзіш усіх, хто чыніць беззаконне. *
Загубіш тых, хто кажа хлусню;
чалавек крыважэрны і падступны *
брыдкі для Пана.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 119 (118), 105

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Тваё — светач для маёй нагі
і святло для маёй сцежкі.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 38–42
Я вам кажу не працівіцца злому

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваімЕзус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць