Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 6, 1–10
Выяўляем сябе як слугаў Божых

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна. Бо Ён кажа:

У час спрыяльны Я пачуў цябе,
і ў дзень збаўлення дапамог табе.

Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення. 

Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не знайшлося заганы ў нашым служэнні, а ва ўсім выяўляем сябе як слугаў Божых: у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску, пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце, у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай, у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і ў левай руцэ, праз славу і бясслаўе, праз ганьбу і пахвалу. Мы нібы ашуканцы, але праўдзівыя; нібы невядомыя, але нас пазнаюць; нібы паміраючыя, але вось мы жывём; нібы пакараныя, але не забітыя; нібы засмучаныя, але заўсёды радуемся; нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем.

Гэта слова Божае.

16 ліпеня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17
Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, – кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.
І Я пасялюся пасярод цябе,
і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне.
Пан возьме ва ўладанне Юду,
сваю спадчыну на Святой зямлі,
і зноў выбера Ерузалем.
Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана,
бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.

Гэта слова Божае.

20 жніўня — успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 15, 1–6
Накорміць яго хлебам разважнасці і вадою мудрасці напоіць яго.

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Хто баіцца Пана, будзе рабіць дабро,
а хто трымаецца Закону, здабудзе мудрасць.
Як маці, яна выйдзе насустрач яму
і, як маладая жонка, прыме яго.
Накорміць яго хлебам разважнасці
і вадою мудрасці напоіць яго.
Ён абапрэцца на яе і не сагнецца,
даверыцца ёй і не зведае сораму.
Яна ўзвысіць яго па-над бліжнімі яго
і на сходзе адкрые яму вусны.
Ён знойдзе радасць і вянок весялосці
і атрымае ў спадчыну вечнае імя.

Гэта слова Божае.

21 жніўня — успамін св. Пія Х, папы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 2, 2b–8
Мы пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Мы адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. Бо заахвота наша не паходзіць з памылкі, нячыстасці ці падману, але, як мы былі выпрабаваны Богам, каб паверыць ў Евангелле, так і абвяшчаем для таго, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае сэрцы нашыя. Бо, як ведаеце, мы ніколі не з’яўляліся з ліслівымі словамі ані з карыслівай мэтай, Бог сведка. Мы не шукалі славы ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.

Гэта слова Божае.

23 ліпеня — свята св. Брыгіты, законніцы, апякункі Еўропы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 19–20
Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Браты: Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.

Гэта слова Божае.

27 жніўня — успамін св. Монікі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 26, 1–4. 16–21 (гр. 1–4. 13–16)
Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана, так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Шчаслівы муж, які мае добрую жонку,
колькасць ягоных дзён падвоіцца.
Дасканалая жонка цешыць мужа свайго,
і ён дасягне паўнаты свайго ўзросту ў спакоі.
Добрая жонка — гэта шчаслівая доля,
якая дастанецца тым, хто баіцца Пана.
Тады задаволена сэрца і багатага, і беднага,
і ў кожную часіну вясёлы твар яго.
Любасць добрай жонкі прыносіць асалоду яе мужу,
а яе ўмеласць умацоўвае ягоныя косці.
Дар Пана — маўклівая жонка,
а выхаваная душа не мае цаны.
Любасць над любасцю — сарамлівая жонка,
і няма нічога больш каштоўнага, чым цнатлівая душа.
Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана,
так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе.

Гэта слова Божае.

28 жніўня — успамін св. Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16
Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас

Чытанне Першага паслання святога Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Гэта слова Божае.

3 верасня — успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 1–2. 5–7
Абвяшчаем Хрыста Езуса, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі. Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем слова Божага, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

Мы не сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса як Пана, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса. Таму што Бог, які загадаў святлу заззяць з цемры, асвятліў нашыя сэрцы, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Езуса Хрыста.

Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас.

Гэта слова Божае.

3 ліпеня — свята св. Тамаша, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22
Умацаваныя на падмурку апосталаў

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

Гэта слова Божае.

31 ліпеня — успамін св. Ігнацыя Лаёлы, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 10, 31—11, 1
Усё рабіце на славу Божую

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, не шукаючы сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя. Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.

Гэта слова Божае.