Субота — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 22, 1–7
Ночы ўжо не будзе, бо Пан Бог будзе свяціць над імі

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Анёл Пана паказаў мне, Яну, раку вады жыцця, бліскучую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Ягняці. Пасярод плошчы горада і па той бок ракі і па гэты — дрэва жыцця, якое прыносіць дванаццаць пладоў, кожны месяц дае плод свой; і лісце дрэва — на аздараўленне народаў.

І нічога праклятага ўжо не будзе. А трон Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. І ўбачаць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на іх чолах. І ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на вякі вечныя.

І сказаў мне: Гэтыя словы пэўныя і праўдзівыя, і Пан, Бог духаў прароцкіх, паслаў Анёла свайго паказаць слугам сваім тое, што павінна адбыцца неўзабаве. І вось прыйду неўзабаве. Шчаслівы той, хто захоўвае словы прароцтва гэтай кнігі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 95 (94), 1–2. 3–5. 6–7а (Р.: 1 Кар 16, 22b і Ап 22, 20c)

Рэфрэн: Марана та! Прыйдзі, Пане Езу!

1. Прыйдзіце, заспяваем Пану, *
усклікнем Богу, скале нашага збаўлення.
2. Станем з падзякаю перад абліччам Ягоным, *
у песнях усклікнем Яму.

Рэфрэн:

3. Таму што Бог — вялікі Пан і Валадар вялікі над усімі багамі,*
4. у руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і вяршыні гор – Ягоныя.
5. Мора належыць Яму, і Ён стварыў яго, *
і сушу стварылі Ягоныя рукі.

Рэфрэн:

6. Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзём, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.
7. Бо Ён — наш Бог, *
а мы — народ Ягонай пашы і авечкі Ягонай рукі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 36

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Чувайце ўвесь час і маліцеся,
каб маглі стаць перад Сынам Чалавечым.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 34–36
Чувайце, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць