Маці Божая ў Залатагорскай парафіі
29-м майскім вечарам спісы 17 цудадзейных пілігрымуючых Марыйных абразоў сустрэла сталічная парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.
Менавіта тры гады таму з гэтага месца (тады яшчэ 8 копій з найбольш вядомых Марыйных санктуарыяў нашай краіны) вернікі неслі абразы ў працэсіі Божага Цела, якая адбылася на цвінтары пры касцёле. Пасля гэтага абразы былі дастаўлены ў размешчаную непадалёк Апостальскую нунцыятуру, дзе іх благаславіў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне арцыбіскуп Антэ Ёзіч, тым самым даўшы пачатак першай малітоўна-пакутніцкай пілігрымкі ўздоўж межаў Беларусі.
Сустракаючы па парозе старажытнай святыні, якая паўстала дзякуючы князую Ягайле яшчэ напрыканцы 14 стагоддзя, ксёндз-канонік пробашч парафіі Юрый Санько адзначыў, што наша зямля заўсёды была вызначана вялікай адданасцю Марыі. І гэта гэта мы можам назіраць праз тыя Марыйныя абразы, якія прадстаўлены з санктуарыях і святынь нашай краіны. “Каб мы маглі ведаць нашу вялікую духоўную спадчыну, якую мы маем, і каб заўсёды шанавалася Багародзіца і праслаўляўся Айцец наш Нябесны – маем магчымасць сёння разам ушанаваць нашу нябесную заступніцу ў Яе шматлікіх разнастайных выявах”, – дадаў залатагорскі душпастыр.
Паходжання назвы, дзе размяшчаецца цяпер неагатычны касцёл мае некалькі версій. Паводле адной з іх, у гэтых мясцінах нібы знаходзілі шмат залатых скарбаў. А рэлігійнае тлумачэнне паходжання гэтай назвы звязана з тым, што калі святар пасля набажэнства абвясціў збор сродкаў на пабудову святыні, людзі склалі на зняты ім арнат цэлую горку залатых манетаў. Сабраная ахвяра пайшлі на будаўніцтва касцёла. Пазней ён атрымаў і другі тытул ў гонар святога Роха – абаронцы людзей і жывёлы ад пошасцяў, які напрыканцы 18 ст. уратаваў жыхароў Мінска ад страшэннай эпідэміі халеры.
Менавіта тады, каля 1790 г., на Залатой Горцы з'явіліся могілкі, дзе пазней і была пабудаваная драўляная капліца. Каменны касцёл быў пабудаваны ў 1861 годзе. 1 лістапада 1864 г. па дэлегацыі біскупа Вайткевіча святыню пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха на Залатой Горцы кансэкраваў ксёндз Валіцкі ў прысутнасці мінскага дэкана ксяндза Тамашэвіча і парафіянаў.
Духоўны куратар перэгрынацыі айцец Станіслаў Станеўскі CSsR, які ўзначаліў святую Імшу дадаў, што абразы сведчаць таксама аб тым, што наш народ вельмі моцна палюбіў Марыю, і што сапраўды прыняў Яе як сваю нябесную апякунку. “Яна заклікае нас будаваць нашыя адносіны з Езусам Хрыстом праз малітву, праз дыялог з Богам. Марыя заахвочвае нас адкрыць у сваім жыцці вялікі скарб прысутнасці Яе Сына і нашага Збаўцы ў сённяшняй рэальнасці, якой з’яўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт”.
Фота: Віктар Ведзень
Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая