“Маці Божая не абмінула маленькую парафію”. Выявы Святой Багародзіцы сустрэлі ў Акалова
21 студзеня, у Нядзелю Божага Слова перэгрынацыя спісаў цудадзейных абразоў Маці Божай адбылася ў Акалоўскай парафіі св. Міхала Арханёла.
У невялікі касцёлік Вілейскага дэканату абразы прыбылі з суседняй Плешчаніцкай парафіі св. Ганны, дзе тыдням раней Багародзічныя вобразы ўшаноўвалі тутэйшыя вернікі.
Стаўшы 95-м месцам прыбывання спісаў Марыйных абразоў, перэгрынацыя ў парафіі адбылася ў фармаце аднаго набажэнства. Ксёндз пробашч Томаш Маліноўскі MSF, які апякуецца гэтай парафіяльнай супольнасцю адзначыў, што, хоць молімся сёння ў скарочаным часе, але Маці Божая не абмінула маленькую парафію. Яна хоча, каб мы звярталіся да Яе, бо адчувае ад гэтага вялікую радасць. У адказ Яна супакойвае нашы душы, заносіць нашы просьбы да Пана Бога.
“Маці Божая дае ласкі з неба, але каб мы не перасталі быць удзячнымі і былі гатовы ўбачыць, што найбольш патрэбна для кожнага з нас. – звярнуўся да прысутных святар. Святая Марыя суцяшае нас, умацоўвае і дае кірунак у нашым паўсядзённым жыцці. Маці Божая сама ішла дарогай веры, і таксама, вядзе нас гэтым шляхам”, – дадаў айцец Томаш.
Фота: Віктар Ведзень
Хоць абразы знаходзіліся ў парафіі нядоўга, адправіўшыся ў наступную, аднак парафіяне змогуць даведацца больш пра гісторыю кожнага з абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі падчас 17 нядзельных святых Імшаў.
Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая