Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Арцыбіскуп Кандрусевіч на 570-годдзе парафіі ў Свіры: «Ваш касцёл — адна з візітных картак нарачанскага краю»

23 і 24 ліпеня вернікі парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) адзначылі 570-годдзе з часу заснавання гэтай парафіяльнай супольнасці — адной з найстарэйшых у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ганаровым госцем арганізаваных з гэтай нагоды ўрачыстасцяў стаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч

У суботу свірскія вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Багуславам Маджэеўскім, дэканам Мядзельскім, сустрэлі ў сваёй парафіяльнай святыні трынаццаць копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх Марыйных санктуарыяў, якія ўжо другі год перэгрынуюць па нашай краіне. Пад марыйны спеў у выкананні свірскага парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам сястры Марыі Іватовіч прадстаўнікі парафіі ў працэсіі ўнеслі іконы ў касцёл, дзе распачалася ўрачыстая святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч, які ў прамоўленай гаміліі падкрэсліў евангелізацыйны аспект перэгрынацыі копій цудадзейных абразоў Багародзіцы.

«Калі Марыя прыйшла ў дом Альжбеты, тая ўсклікнула: „Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?“ Вернікі Свіра таксама павінны з удзячнасцю ўсклікаць: „Адкуль гэта нам, што Маці Божая ў копіях цудадзейных абразоў прыходзіць да нас?..“

Яшчэ тры дзесяцігоддзі таму свірскі касцёл быў зачынены, а людзі маліліся і марылі аб яго адкрыцці. Гэты цуд стаўся і сёння: у 570-ю гадавіну заснавання парафіі Марыя ў копіях абразоў наведвае яе»,адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх дадаў, што так, «як падчас адведзін Марыяй святой Альжбеты Божая ласка прыйшла ў яе дом, таксама і цяпер Марыя ў сваіх абразах нясе нам Езуса з Ягонай ласкай». 

«Наш народ заўсёды ўскладаў сваю надзею на Марыю, бо верыў, што Яна не пакіне і дапаможа»,— сцвердзіў арцырпастыр, заклікаўшы вернікаў «працягваць і развіваць гэтую традыцыю, асабліва ў наш складаны і поўны небяспечных маральных і грамадскіх выклікаў час».

Пасля заканчэння святой Імшы гурт спевакоў хору «Голас душы», які спецыяльна прыбыў у Свір на свята з мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены, выканаў некалькі рэлігійных спеваў, а вернікі яшчэ доўгі час маліліся перад абразамі Маці Божай, просячы праз Яе заступніцтва патрэбных ласкаў для сябе і сваіх блізкіх.

На наступны дзень, у нядзелю 24 ліпеня, у свірскай парафіі адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Шарбэля Маклуфа, прэзбітэраМенавіта ў Свіры каля касцёла з’явілася першая ў нашай краіне капліца з фігурай гэтага святога ліванскага пустэльніка, праз заступніцтва якога здзяйсняейцца шмат цудоўных аздараўленняў па ўсім свеце. Капліцу пасвяціў 6 снежня 2003 года тагачасны сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз прэлат Генрых Мечыслаў Ягадзінскі, цяпер — арцыбіскуп і Апостальскі нунцый у Гане.

Арцыбіскуп Кандрусевіч на пачатку ўрачыстай святой Імшы адзначыў, што капліца каля свірскага касцёла стала першым месцам культу святога Шарбэля ў Беларусі, паспрыяўшы яго развіццю і пашырэнню ў нашай краіне.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр аднёсся да нядзельнага Евангелля, у якім Езус вучыць апосталаў маліцца, звяртаючыся да Бога «Ойча наш», і падкрэсліў, што «Бог выслухоўвае просьбы сваіх вернікаў».

«Нашыя продкі амаль што шэсць стагоддзяў таму прасілі Бога, каб у іх была свая парафія і святыня, і Ён іх пачуў. Была заснавана парафія і пабудаваны касцёл.Гісторыя свірскай парафіі ахоплівае не адну эпоху. Змяняліся грамадска-палітычныя ўмовы, адбываліся войны, прыйшоў час ваяўнічага атэізму, калі касцёл быў забраны, а крыж з яго вежы скінулі. Здавалася, што ў яго сценах ніколі не будзе гучаць Божае слова, не будуць цэлебравацца сакрамэнты, праводзіцца катэхізацыя і іншая касцёльная дзейнасць.

Аднак і ў часы ваяўнічага атэізму людзі не адмовіліся ад веры. Сцены касцёла прамаўлялі сваёй прыгожай архітэктурай і нагадвалі, што гэта Божы дом. Вернікі жылі надзеяй, што прыйдзе час, калі ён зноў ім стане. І такі час прыйшоў: трыццаць два гады таму ў вернутай святыні зноў адбылася святая Імша», — са слязьмі на вачах узгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Цяпер ваш касцёл — адна з візітных картак нарачанскага краю, славутага сваёй прыгожай прыродай, чыстымі азёрамі і пабожнымі людзьмі, якія ў цяжкія часы захавалі вернасць Богу і Яго святому Касцёлу»,— сцвердзіў заслужаны іерарх.

Пераходзячы ад мінулага да сучаснасці, арцыпастыр падкрэсліў, што ў цяперашні секулярны час «найбольш актуальным заданнем з’яўляецца евангелізацыя людзей, іх асвячэнне і духоўнае кіраўніцтва, у чым нам можа дапамагчы прыклад і заступніцтва вядомага цудатворцы святога Шарбэля. Ён вучыць, што духоўнае аднаўленне дасягаецца праз імкненне да святасці», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён дадаў, што прысутныя ў свірскім касцёле копіі цудадзейных абразоў Маці Божай нагадваюць аб апецы Марыі, якая ў Фаціме прадказала навяртанне знявечаных прымусовай атэізацыяй народаў.

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў кароткай малітвай: «У складаны час нашай гісторыі мы скіроўваем свой позірк да цябе, Марыя, Каралева супакою, да нябесных цудатворцаў — святога Шарбеля і апекуна свірскай парафі святога Мікалая. Не пакідайце нас, апякуйцеся намі і выпрасіце ў Бога цуд супакою для нашай Бацькаўшчыны, для Украіне і ўсяго свету».

На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў адмысловую малітву ў Другі Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, благаславіўшы прысутных у касцёле старэйшых вернікаў і акрапіўшы іх асвячонаю вадою. Пасля Імшы іерарх таксама благаславіў кіроўцаў і транспартныя сродкі з нагоды ўспаміну святога Крыштафа, які адзначаецца ў Касцёле 25 ліпеня. Кожны кіроўца атрымаў у падарунак ад свірскага пробашча бірульку з выяваю святога апекуна кіроўцаў, які абараняе ад небяспекаў тых, хто ў дарозе.

Таксама паглядзець відэа перэгрынацыі ў свірскай парафіі можна на Youtube канале "Missa" https://www.youtube.com/watch?v=a94Bf6IYssU 

Паводле: catholic.by

Фота: Віктар Ведзень

-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-23-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-
-07-24-svir-

Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая, бп. Тадэвуш Кандрусевіч