Брацтва кармэліцкага шкаплера
Брацтва кармэліцкага шкаплера — гэта аб’яднанне вернікаў, якія імкнуцца да дасканалай любові ў свеце згодна з духам закону кармэлітаў, удзельнічаюць у жыцці гэтага закону і маюць удзел у яго духоўных ласках праз унутранае з’яднанне з Марыяй у думках, жаданнях і ўчынках.
Гісторыя шкаплера паходзіць з ХІІІ стагоддзя. На гары Кармэль ў Палестыне існаваў закон, члены якога, духоўныя сыны прарока Іллі, называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх габіт, зроблены з нефарбаванай шэрсці, складаўся з тунікі, падперазанай на бёдрах скураным пасам, накінутага на туніку шкаплера і каптура. Кармэліты вялі жыццё, адданае малітве, працы і пакаянню, захоўваючы цноты чыстасці, убоства і паслухмянасці. У канцы ХІІІ стагоддзя, у сувязі з пераследваннямі з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і заняпадам Касцёла ў Святой Зямлі, законнікі былі вымушаныя выехаць у Еўропу. Тут, у новым асяроддзі, перад малавядомым законам узнікла пагроза роспуску. У такім цяжкім становішчы пабожны генерал закону Сымон Сток просіць Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй закон. У адказ на шчырую малітву Марыя аб’явілася святому Сымону ўноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года ў атачэнні анёлаў і, указваючы на яго шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага». Пасля таго аб’яўлення зніклі ўсе перашкоды і закон пачаў паступова развівацца ва ўсёй Еўропе. Праз 70 гадоў Маці Божая аб’явілася Святому Айцу Яну ХХІІ і, пацвярджаючы папярэднія прывілеі — асаблівую апеку ў зямным жыцці і выбаўленне ад агню пякельнага, — абяцала, што кожны, хто ў момант смерці будзе мець на сабе Яе шкаплер, у першую суботу пасля смерці будзе выведзены з чыстца ў неба.
З таго часу пачынаецца развівацца шкаплернае набажэнства ва ўсім Касцёле. Шкаплер ужо не з’яўляецца прывілеем толькі для кармэлітаў, ён становіцца знакам апекі Марыі для кожнага, хто прагне яго прыняць. У традыцыі Кармэля шкаплер сведчыць аб прысвячэнні сябе Марыі, даверу да Яе матчынай любові і жаданні так, як Яна, прысвяціць сябе служэнню бліжнім.
Шкаплер з’яўляецца знакам імкнення да свядомай і сяброўскай любові да Найсвяцейшай Панны. Езус дазваляе нам прымаць удзел у сваіх сыноўніх пачуццях да Маці, Ён выказаў гэта падчас агоніі на крыжы, просячы, каб мы прынялі Яе ў дом нашых сэрцаў. Тады распачынаецца зусім новы этап унутранага жыцця. Па-першае, таму што мы рашаемся «ўзяць Яе да сябе» (Мц 1, 20), чаго вельмі моцна жадаў Езус, у чым праяўляецца Яго надзвычай пяшчотная любоў да кожнага з нас. Па-другое, Марыя — гэта Маці святасці, Яна заўсёды з Езусам і прычыняецца да ўзнікнення і ўзрастання духоўнага жыцця чалавека.
Шкаплернае набажэнства, як і ўся марыйная пабожнасць Касцёла, вядзе да больш глыбокай еднасці з Хрыстом. Нельга думаць пра еднасць з Марыяй, не наследуючы Яе, як нельга таксама думаць пра наследаванне Марыі без яднанная з Ёю. Шкаплернае набажэнства, як справа наследавання Марыі, дазваляе ўзнавіць у душы прыклад і вучэнне Езуса, а значыць яно вядзе да хрысціянскай сталасці. У знаку шкаплера Марыя вучыць нас адкрытасці на Бога і на Яго волю, якую мы можам адкрыць у падзеях штодзённага жыцця; вучыць слухаць Божае слова, скіраванае да нас у Святым Пісанні; вучыць практыкаванню веры і нястомнай малітве.
Шкаплер з’яўляецца знакам нашага клопату пра дабро для ўсіх людзей. Ён сведчыць аб наследаванні клопату Марыі пра Яе сваячку Альжбету (Лк 1, 38-40) і пра маладажонаў з Каны Галілейскай (Ян 2, 3-5). Той, хто апрануты ў шкаплер, становіцца як бы вачыма, рукамі і нагамі Марыі, дзякуючы ім Яна можа дайсці да ўсіх церпячых. Дапамога Марыі не абмяжоўваецца выключна матчыным пачуццём любові да нас, яна заўсёды канкрэтная і дзейсная.
Шкаплер, урэшце, з’яўляецца знакам удзелу ў духоўным дабры Кармэля. Ужо ў часы Сярэднявечча праз утварэнне брацтваў кармэліты перадавалі вернікам некаторыя элементы свайго харызмату, такія, як вера ў мацярынскі клопат Марыі, літургічная і прыватная малітва, справы міласэрнасці, услухоўванне ў Божае слова і ўнутранае навяртанне.
Галоўная ўрачыстасць брацтва — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, які адзначаецца 16 ліпеня. Цяпер да шкаплернай сям’і належаць кармэліткі і кармэліты, Свецкі Кармэліцкі Закон (калісьці яго называлі Трэцім законам), аб’яднаныя ў шкаплерныя брацтвы людзі, якія прынялі шкаплер і жывуць яго духоўнасцю.
Святы Ян Павел ІІ прыняў шкаплер у кляштары босых кармэлітаў у сваіх родных Вадавіцах і насіў яго на працягу ўсяго жыцця. У лісце з нагоды 750-годдзя шкаплерных аб’яўленняў ён напісаў: «У знаку шкаплера заключаецца пераканаўчы сінтэз марыйнай духоўнасці, якая ажыўляе пабожнасць веруючых людзей, абуджаючы іх успрымальнасць да поўнай любові прысутнасці Панны Марыі як Маці ў іх жыцці. Шкаплер, па сутнасці, — гэта «габіт». Той, хто яго прымае, далучаецца да кармэлітаў, больш або менш цесна яднаецца з Законам Кармэлю, прысвечаным служэнню Найсвяцейшай Маці для дабра ўсяго Касцёла. (...) Такім чынам, знак шкаплера паказвае дзве праўды: адна з іх гаворыць пра пастаянную апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, і не толькі на жыццёвым шляху, але таксама ў хвіліны пераходу да паўнаты хвалы вечнай; другая праўда — гэта ўсведамленне таго, што набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі не можа абмяжоўвацца толькі малітвамі і ўшанаваннем Яе з розных нагодаў, але павінна ўяўляць сабою своеасаблівы „габіт“, яно павінна надаваць пастаянны накірунак дзейнасці хрысціяніна, якая абапіраецца на малітву і ўнутранае жыццё праз частае прыняцце сакрамэнтаў і канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці для цела і душы. Так шкаплер становіцца знакам „запавету“ і ўзаемнай камуніі паміж Марыяй і вернікамі, таму што ў ім канкрэтным чынам праяўляецца дар, які Езус на крыжы ўчыніў для Яна, а праз яго — і для ўсіх нас, — дар сваёй Маці, а таксама нагадвае нам пра тое, што Езус даручыў свайго ўмілаванага апостала і нас Той, якую ўстанавіў нашаю духоўнаю Маці».
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
АБЯЦАННІ
- Хто памрэ адзеты ў Шкаплер, той не спазнае агню пякельнага.
- Хто носіць Шкаплер і аддае пашану Маці Божай, той мае Яе апеку над душой і целам у гэтым жыцці і, асабліва, ў хвіліну смерці.
- Кожны, хто пабожна носіць Шкаплер і захоўвае чыстасць паводле стану, будзе выбаўлены з чыстца ў першую суботу пасля сваей смерці.
- Тыя, хто прыняў Шкаплер, далучыліся да кармеліцкага ордэна і маюць удзел у яго духоўных дабротах у гэтым жыцці і пасля смерці, а менавіта: у святых Імшах, святых Камуніях, пастах, адпустах, малітвах, адрачэннях.
АБАВЯЗКІ
- Наследаваць цноты Насвяцейшай Маці і распаўсюджваць Яе хвалу.
- Днём і ноччу насіць на сабе Шкаплер.
- Штодзённа маліцца малітву, вызначаную ў дзень прыняцця Шкаплера.
- Рабіць добрыя учынкі адносна бліжніх.
ПРАПАНОВЫ ДЛЯ ТЫХ, ХТО НОСІЦЬ ШКАПЛЕР
- Калі гэта дазваляюць умовы, хаця б адзін раз у месяц, а таксама ў святы Маці Божай прыступаць да споведзі і святой Камуніі.
- Часта наведваць святыню і хаця бы некалькі хвілін памаліцца праз заступніцтва Божай Маці.
- Час ад часу з любові да Марьі адракацца ад чаго-небудзь.
ПРАКТЫЧНЫЯ ПАРАДЫ АДНОСНА СВЯТОГА ШКАПЛЕРА
- Шкаплер павінен быць наложаны святаром альбо дыяканам згодна з рытуалам, зацверджаным Апостальскай Сталіцай.
- Шкаплер з тканіны і медалік шкаплерны маюць аднолькавую духоўную каштоўнасць. Падчас прыняцця павінен выкарыстоўвацца шкаплер з тканіны, паздней яго можна замяніць шкаплерным медалікам. зрабіць гэта можна самому. На шкаплерным медаліку (насіць яго дазволіў папа Пій Х у 1910 г.) з аднаго боку павінна быць выява Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а з другога - Маці Божай са Шкаплерам у руцэ.
- Прыняцце шкаплера адбываецца толькі адзін раз. Калі шкаплер знішчыцца альбо згубіцца, то можна самому налажыць новы. Пры гэтым не абавязкова асвячаць новы шкаплер альбо медалік.
- Не прымаюцца да брацтва альбо сям'і Шкаплернай асобы, якія не прысутнічаюць ў абрадзе прыняцця ў Шкаплер. Выключэнне: асобы цяжка хворыя, салдаты альбо вязні. Можна пераслаць ім асвечаны шкаплер. Аднак, калі ўжо не будзе перашкодаў, то яны павінны яшчэ раз прыняць яго з рук святара.
- Знішчаны шкаплер з тканіны трэба спаліць. Нельга выкідваць яго на сметнік, бо гэта б сведчыла аб неналежнай пашане як да самога знаку, так і да Той, ад каго мы яго атрымалі.
- Кал! хто, прыняўшы Шкаплер, доугі час не насіў яго па розных прычынах (забыўся, занядбаў альбо згубіў), можа сам налажыць яго, перапрашаючы за занядбанне.
- Калі б хто адкінуў Шкаплер з пагарды, а зразумеўшы, што ўчыніў злое, хацеў бы нанова распачаць практыку набажэнства, павінен атрымаць Шкаплер з рук святара.
- Апостальская Сталіца не бачыць перашкод у тым, каб шкаплер адзяваць таксама малым дзецям. Прапануе аднак, каб яны былі сталымі адносна разумення асноўных праўдаў веры, ведалі, кім з'яўляецца Марыя, каб маглі плённа прыняць дар Яе мацярынскай любові.
- Шкаплер носіцца на шыі. Не выконвае абавязкаў шкаплернага набажэнства той, хто прыняўшы шкаплер вешае яго на сцяне ў памяшканні. Абяцанні Марыі датычаць тых, хто з пашанай носіць шкаплер на сабе.
Меткі: духоўнае жыццё, кармэль, малітоўны рух