Рух «Сужэнскiя сустрэчы»
«Сужэнскiя сустрэчы» — рух у Каталіцкім Касцёле, якi арганiзоўвае рэкалекцыi для сужэнцаў. Мэтай гэтых рэкалекцый з’яўляецца паглыбленне i аднаўленне сужэнскай еднасцi i любовi. Падчас сустрэч кожная сужэнская пара можа перажыць свежасць узаемных пачуццяў, паглыбiць сваё каханне альбо адкрыць яго нанава, аднавiць адчуванне сутнасцi таямнiцы шлюбу. Мужу i жонцы прапаноўваецца дыялог, якi вядзецца толькi памiж iмi i дапамагае лепшаму ўзаемаразуменню, дапамагае радавацца сужэнскаму жыццю, нанава адкрываць яго прыгажосць. Паводле досведу, на рэкалекцыi могуць прыязджаць i сужэнцы, якiя перажываюць сур’ёзныя канфлiкты. Наогул, запрашаецца кожная сужэнская пара, якая намерваецца развiваць сваё супольнае жыццё. Рух «Сужэнскiя сустрэчы» праводзiць таксама «Вечары для закаханых» i «Вечарыны для нарачоных», якiя падрыхтоўваюць маладых людзей да таямнiцы шлюбу.
Рэкалекцыi, якія праводзяцца 2–3 разы ў год, распачынаюцца ў пятнiцу а 17-й гадзiне, а завяршаюцца ў нядзелю каля 15.00. Iх праводзяць падрыхтаваныя сужэнскiя пары i святар. Рэкалекцыi арганізоўваюцца ў рэкалекцыйных дамах альбо ў iншых памяшканнях з дастатковай колькасцю пакояў для ўдзельнiкаў (10–15 сужэнскiх пар). Падчас рэкалекцый кожная сужэнская пара мае асобны пакой.
Дзейнасць «Сужэнскiх сустрэч» скiравана на дасягненне паўнаты хрысцiянскага жыцця i дасканаласцi кахання. Яна спрыяе рэалізацыі паклiкання кожнага чалавека да святасцi праз таямнiцу шлюбу i сям’ю. Асноўным у працы руху з’яўляецца прапанова сужэнскiм парам жыць, ведучы дыялог. Псiхалагiчныя i тэалагiчныя асновы гэтага дыялога распрацаваны ў Асацыяцыi. Iстотнае значэнне маюць i «прынцыпы дыялога», а менавiта: болей слухаць, чым гаварыць, разумець, а не ацэньваць, дзялiцца, а не дыскутаваць, а самае галоўнае — прабачаць. Гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове ўсіх формаў працы руху. Яны датычаць адносiн у шлюбе i сям’i, у асяроддзі арганiзатараў i ўдзельнiкаў супольнасцi, а таксама пры ўзаемаадносiнах з iншымi людзьмi. Асаблiвым чынам яны датычаць малiтвы, усведамлення рэальнасцi i прыняцця штодзённых рашэнняў, а таксама жыцця перад Богам. Больш чым трыццацiгадовы вопыт працы паказаў, што «Сужэнскiя сустрэчы» з’яўляюцца дзейснай формай яднання сужэнцаў i сям’i, а таксама супрацьстаяць распаду сям’i.
Рух зарадзiўся ў Польшчы ў 1977–1978 гадах. Заснавальнiкамi «Сужэнскiх сустрэч» як руху, а пасля Асацыяцыi нацыянальнага i міжнароднага маштабу ў краiнах Цэнтральнай i Усходняй Еўропы, з’яўляюцца Iрэна i Ежы Гжыбоўскiя. Iнiцыятарам першай, эксперыментальнай сустрэчы быў Станiслаў Багушэўскi. Iрэна i Ежы Гжыбоўскiя заклалi аснову далейшага развiцця праграмы, займалiся стварэннем новых апостальскiх праграм, духоўным навучаннем усiх зацiкаўленных, а таксама заснаваннем іншых цэнтраў у Польшчы i краiнах Цэнтральнай i Усходняй Еўропы. Большасць праграм створаны ў Польшчы i перанесены ў Беларусь, Лiтву, Латвiю, Малдову, Расею, Румынiю, Украiну i Казахстан.
У Беларусi рэкалекцыi «Сужэнскiх сустрэч» праходзяць рэгулярна з 2004 года (2–3 разы ў год). Удзельнiкамi могуць быць усе жадаючыя сужэнствы, нягледзячы на канфесiйную прыналежнасць i наяўнасць касцёльнага шлюбу. Запрашаюцца і пары, якія жывуць без дзяржаўнай рэгістрацыі. Сужэнствы, якія прынялі ўдзел у рэкалекцыях i пажадалі далей паглыбляць свой дыялог, кожны месяц збiраюцца на спецыяльныя заняткi.
Першаасновай працы з’яўляюцца Евангелле i навучанне Касцёла. «Сужэнскiя сустрэчы» маюць выразны экуменiчны характар. Асацыяцыя мае намер прыўнесцi пачуццё евангельскай любовi i дыялога ва ўсе сферы грамадскага жыцця, захаваць адзiнства ў разнастайнасцi i будаваць гэтае адзiнства з любоўю да Бога i блiжняга.
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
Спатканне - апошняя нядзеля кожнага месяца ў 16:00.
Адказныя - сужэнцы Вольга Чэрнікава і Сяргей Галушка
Сайт руху - www.suvstrechi.by
«Рабіць прапанову і браць шлюб я не наважваўся». Дапамаглі «Вечары для закаханых»
«Я ехала на ўік-энд, не ведаючы, што там будзе». Гісторыя сям’і Яўгена і Вольгі Хілько
«Дзень сям'і» прайшоў у мінскім Чырвоным касцёле
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыі ўдзельнікаў «Сужэнскіх сустрэч»
«Вечары для закаханых» умацавалі нашыя адносіны: гісторыя сям’і Місан
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыі ўдзельнікаў «Сужэнскіх сустрэч»-2
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыі ўдзельнікаў «Сужэнскіх сустрэч»-3
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыі ўдзельнікаў «Сужэнскіх сустрэч»-4
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыя сям’і Ганны і Юрыя Лугаўцовых
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця: «Мы цалкам даверылі нашыя адносіны Нябеснаму Айцу»
Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця: «Бог пакрыху, маленькімі крокамі прыходзіў у нашае жыццё»
Сужэнскія сустрэчы (рэкалекцыі):
14 – 16 лютага 2020 г.
20 - 22 сакавіка 2020 г.
г.Мінск (в. Ляскоўка, цэнтр «Карытас» (каля Бараўлянаў)
Адзіны нумар для запісу і дадатковай інфармацыі:
+375 29 652-11-44 (А1-Velcom)
Меткі: духоўнае жыццё, Сямейны Кансультант, Сужэнскія сустрэчы