Субота — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 15–27
Валадарства і ўлада будуць дадзены народу святых Найвышэйшага
Пачатак кнігі прарока Даніэля.
Я, Даніэль, адчуў, што затрапятаў дух мой з-за гэтага, і ўбачанае ў маёй галаве спалохала мяне. Я падышоў да аднаго з тых, хто стаяў поруч, і спытаўся ў яго пра сапраўднае значэнне ўсяго гэтага. Ён сказаў мне і растлумачыў значэнне візіі: Гэтыя чатыры вялікія жывёлы — гэта чатыры валадарствы, якія паўстануць з зямлі. Але валадарства прымуць святыя Бога Найвышэйшага і атрымаюць валадарства назаўсёды і на вякі вякоў.
Пасля гэтага я пажадаў дакладна даведацца пра чацвёртую жывёлу, якая моцна адрознівалася ад усіх іншых і была надзвычай жахлівай, мела жалезныя зубы і медныя кіпцюры, пажырала і руйнавала, а рэшткі таптала сваімі нагамі; і пра дзесяць рагоў, якія былі ў яе на галаве, і пра іншы рог, які вырас і перад якім выпалі тры рогі; і пра той рог, які здаваўся большым за астатнія і меў вочы і вусны, што казалі ганарыста. Я глядзеў, і вось рог той падняў вайну супраць святых і перамагаў іх, пакуль не прыйшоў Старадаўні, і суд быў аддадзены святым Найвышэйшага, і настаў час, каб валадарствам авалодалі святыя.
І так сказаў ён: Чацвёртая жывёла будзе чацвёртым валадарствам на зямлі, якое стане большым за ўсе валадарствы і будзе пажыраць ўсю зямлю, таптаць і руйнаваць яе. А дзесяць рагоў — гэта дзесяць каралёў валадарства; і іншы паўстане пасля іх, і будзе адрознівацца ад папярэдніх, і скіне трох каралёў. Ён будзе казаць словы супраць Найвышэйшага і будзе нішчыць святых Найвышэйшага і лічыць, што можа змяніць часы і Закон, і святыя аддадзены будуць у рукі ягоныя на час, часы і палову часу. Аднак адбудзецца суд, і адабрана будзе ўлада ў яго, каб ён згінуў і быў знішчаны дашчэнту. А валадарства, і ўлада, і мноства валадарстваў, што ёсць пад усім небам, будуць дадзены народу святых Найвышэйшага, валадарства якога — вечнае валадарства, і ўсе каралі будуць з паслухмянасцю служыць Яму.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Дан 3, 82–83. 84–85. 86–87 (Р.: 59b)
Рэфрэн: Хваліце і ўзвялічвайце Пана навекі.
82. Благаслаўляйце Пана, чалавечыя сыны, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
83. Няхай Ізраэль благаслаўляе Пана, *
хваліць і ўзвялічвае Яго навекі.
Рэфрэн:
84. Благаслаўляйце Пана, святары Ягоныя, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
85. Благаслаўляйце Пана, слугі Ягоныя, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
Рэфрэн:
86. Благаслаўляйце Пана, духі і душы справядлівых, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
87. Благаслаўляйце Пана, святыя і пакорныя сэрцам, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 36
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Чувайце ўвесь час і маліцеся,
каб маглі стаць перад Сынам Чалавечым.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 34–36
Чувайце, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні