Серада — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан, 5, 1–6. 13–14. 16–17. 23–28
З’явіліся пальцы чалавечай рукі і пісалі
Пачатак кнігі прарока Даніэля.
У тыя дні:
Кароль Балтазар наладзіў вялізную гасціну для тысячы вяльможаў сваіх і піў віно перад гэтаю тысяччу. Пакаштаваўшы віна, Балтазар загадаў прынесці залатое і срэбнае начынне, якое Навухаданосар, ягоны бацька, забраў з ерузалемскай святыні, каб пілі з яго кароль і вяльможы ягоныя, жонкі і наложніцы ягоныя.
Тады прынеслі залатое начынне, якое было забрана з ерузалемскай святыні. І пілі з яго кароль і вяльможы ягоныя, жонкі і наложніцы ягоныя. Пілі і праслаўлялі сваіх багоў залатых і срэбных, медных і жалезных, драўляных і каменных.
Але ў той самы момант з’явіліся пальцы чалавечай рукі і пісалі насупраць падсвечніка на тынку сцяны ў каралеўскім палацы, і кароль бачыў кісць рукі, якая пісала. Тады змянілася аблічча караля, і думкі ягоныя ўсхвалявалі яго, і аслаблі суставы бёдраў, і калені сталі біцца адно аб адно.
І прывялі Даніэля да караля, і кароль так прамовіў да яго: Ты Даніэль, які паходзіш з палонных сыноў Юды і якога кароль, мой бацька, прывёў з Юдэі? Я чуў пра цябе, што ты маеш духа багоў і вызначаешся бліскучымі ведамі і нязвыклай мудрасцю. Таксама чуў я, што ты можаш растлумачыць цьмянае і развязаць заблытанае. Калі ж здолееш прачытаць гэты надпіс і растлумачыць мне яго, апрануць цябе ў пурпуру, залаты ланцуг павесяць на шыю табе і будзеш трэцім ва ўладзе над каралеўствам маім.
Тады адказаў Даніэль каралю, кажучы: Падарункі твае няхай застануцца табе, і ўзнагароды твае пакінь іншаму, але надпіс я прачытаю, кароль, і растлумачу табе яго.
Супраць Пана нябёсаў паўстаў ты. Да цябе прынеслі начынне з дому Ягонага, і ты з вяльможамі сваімі, жонкі твае і наложніцы твае пілі з іх. І хваліў ты багоў срэбных, залатых і медных, жалезных, драўляных і каменных, якія не бачаць, не чуюць і не адчуваюць. Аднак Бога, які мае ў руках сваіх дыханне тваё і ўсе шляхі твае, ты не праславіў. Таму гэта Ім была спаслана кісць рукі, якая выразала надпіс гэты. Зроблены ж вось які надпіс: Мэнэ, мэнэ, тэкель, упарсін. А гэта тлумачэнне словаў: мэнэ — палічыў Бог валадаранне тваё і паклаў яму канец; тэкель — узважылі цябе на вагах, і ты аказаўся занадта лёгкім; пэрэс — падзелена валадарства тваё і аддадзена медыйцам і персам.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Дан 3, 62–63. 64–65. 66–67 (Р.: 59b)
Рэфрэн: Хваліце і ўзвялічвайце Пана навекі.
62. Благаслаўляйце Пана, сонца і месяц, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
63. Благаслаўляйце Пана, нябесныя зоркі,
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
Рэфрэн:
64. Благаслаўляйце Пана, усе дажджы і росы, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
65. Благаслаўляйце Пана, усе вятры,
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
Рэфрэн:
66. Благаслаўляйце Пана, агонь і спёка, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
67. Благаслаўляйце Пана холад і гарачыня,
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 12–19
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Будзь верны аж да смерці, — кажа Пан, —
і Я дам табе вянок жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 12–19
Усе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.
Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе.
Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні