Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 34, 11–12. 15–17
Я буду судзіць паміж аднымі авечкамі і другімі

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я сам буду шукаць авечак Маіх і перагледжу іх. Як пастух пераглядае статак свой у дзень, калі апынецца сярод сваіх рассеяных авечак, так і Я перагледжу авечак сваіх і вызвалю іх з усіх месцаў, па якіх рассеяліся ў пахмурны і змрочны дзень. Я буду пасвіць авечак Маіх і cам буду ўкладваць іх на адпачынак, — кажа Пан Бог. Згубленую адшукаю, зведзеную прывяду назад, параненую перавяжу і аслаблую падмацую, а тлустую і моцную буду сцерагчы, буду пасвіць яе ў праўдзе.

Адносна вас, авечкі мае, так кажа Пан Бог: Вось Я буду судзіць паміж аднымі авечкамі і другімі, паміж баранамі і казламі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 23 (22), 1–2а. 2b–3. 5. 6. (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан — пастыр добры, нічога мне не трэба.

3. Пан — мой пастыр, *
ні ў чым не буду мець нястачы,
4. Ён дазваляе спачываць мне *
на зялёных пашах.

Рэфрэн:

Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.
Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

7. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 20–26. 28
Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, каб Бог быў усё ва ўсім

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Цяпер Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека – і ўваскрашэнне мёртвых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага. Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне, і ўсялякую ўладу, і сілу.

Бо трэба, каб Ён валадарыў, аж пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае. Як апошні вораг будзе знішчана смерць. Калі ж усё будзе падпарадкавана Сыну, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мк 11, 10

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда,
якое надыходзіць!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 25, 31–46
Сядзе на троне славы сваёй і аддзеліць адных ад другіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне;
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Лістапад
    2017

    Тэатр Зніч

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.