23 лістапада — успамін св. Клімэнта І, папы і мучаніка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 5, 1–4
Пасвіце статак Божы, што пры вас
Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.
Умілаваныя:
Старэйшых сярод вас я заклікаю як адзін са старэйшых, як сведка цярпенняў Хрыстовых і супольнік славы, што павінна адкрыцца.
Пасвіце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім не пад прымусам, але добраахвотна, згодна з воляй Божай, не дзеля агіднай нажывы, але са шчырым жаданнем. Не злоўжывайце ўладаю над падданымі, але станьце прыкладам для статка. А калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр, вы здабудзеце неўвядальны вянок славы.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 89 (88), 2–3. 4–5. 21–22. 25 і 27 (Р.: пар. 2а)
Рэфрэн: Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.
2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, *
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.
Рэфрэн:
4. Я заключыў запавет з выбраным Маім, *
прысягнуў Давіду, слузе Майму:
5. Навекі ўмацую патомства тваё *
і трон твой устанаўлю з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэн:
21. Знайшоў Давіда, слугу Майго, *
Я намасціў яго маім святым алеем.
22. Рука моцы маёй заўсёды будзе з ім, *
і плячо маё яго падтрымае.
Рэфрэн:
25. З ім мая вернасць і міласэрнасць, *
у маім імені ўзвялічана яго моц.
27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і скала збаўлення майго.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 17
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ідзіце за Мною, — кажа Пан, —
і Я зраблю вас рыбакамі людзей.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 16, 13–19
Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.
Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні