Аўторак — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Мак 6, 18–31
Пакіну годны прыклад, каб яны ахвотна і годна прымалі смерць за законы
Чытанне Другой кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Элеязара, аднаго з галоўных кніжнікаў, чалавека ўжо старога ўзросту, але надзвычай прыгожага з выгляду, прымушалі, раскрыўшы яму рот, есці свініну. Ён жа, аддаючы перавагу хвалебнай смерці над апаганеным жыццём, добраахвотна ішоў да прылады катавання і выплёўваў, як і належыць рабіць тым, хто мае адвагу адмовіцца ад таго, чаго не дазвалялася каштаваць нават дзеля любові да жыцця. Тады людзі, якім даручылі блюзнерчае ахвяраванне, ведаючы гэтага чалавека з даўніх часоў, адвялі яго і сам-насам угаворвалі яго, каб ён зрабіў выгляд, што есць ахвярнае мяса, прынесенае ад караля, а на самой справе з’еў бы прынесенае і прыгатаванае імі мяса, якое дазвалялася есці. Зрабіўшы гэтак, ён змог бы ўратавацца ад смерці і з ім абышліся б прыхільна дзеля старога сяброўства з ім.
Аднак ён прыняў добрае высакароднае рашэнне, якое было годнае ягонага ўзросту, і старэчай павагі, і дасягнутай ім хвалебнай сівізны, і з дзяцінства пабожных паводзін, а больш за усё – святога і Богам дадзенага Закону. Адпаведна гэтаму ён адказваў, кажучы, каб неадкладна паслалі яго на смерць.
Бо не выпадае ў нашым узросце крывіць душою, каб многія маладыя людзі падумалі, што дзевяностагадовы Элеязар перайшоў у язычніцтва. Тады б мая крывадушнасць дзеля кароткага і няўхопнага моманту жыцця магла б увесці іх у зман, а я зганьбіў бы і спляміў сваю старасць. Бо калі цяпер я і пазбегну пакарання ад людзей, то рукі Усемагутнага я не пазбегну ні пры жыцці, ні пасля смерці. Таму, калі зараз мужна развітаюся з жыццём, то сам акажуся годным старасці, а маладым пакіну годны прыклад, каб яны ахвотна і годна прымалі смерць за пачэсныя і святыя законы.
Сказаўшы гэта, ён адразу пайшоў на катаванне. Тады і нядаўняя прыхільнасць тых, хто вёў яго, змянілася на нянавісць з прычыны вышэйсказаных словаў, бо яны палічылі гэта вар’яцтвам. Перад самай смерцю пад ударамі, ён са стогнам сказаў: Для Пана, які мае святое пазнанне, відавочна тое, што, хоць я мог уратавацца ад смерці, зношу на целе жорсткія пакуты бічавання, а душою ахвотна цярплю іх з-за боязі перад Ім.
Такім вось чынам ён загінуў, пакідаючы сваёю смерцю не толькі маладым, але і многім з народу прыклад высакароднасці і помнік цноты.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 3, 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 6b)
Рэфрэн: Мяне падтрымлівае Пан і Бог мой.
2. Пане, шмат стала ворагаў маіх, *
шмат тых, хто паўстае супраць мяне.
3. Многія кажуць душы маёй: *
Няма ратунку ў Богу.
Рэфрэн:
4. Аднак Ты, Пане, шчыт мой і мая слава, *
Ты галаву маю ўздымаеш.
5. Голасам маім я ўсклікаў да Пана, *
і Ён адказаў мне з гары сваёй святой.
Рэфрэн:
6. Я кладуся і засынаю, *
прачынаюся, бо мяне падтрымлівае Пан.
7. Не пабаюся дзесяці тысяч людзей, *
якія сталі вакол мяне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Ян 4, 10b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Бог Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго
як уміласціўленне за грахі нашыя.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 1–10
Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме.
Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.
А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.
Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні