Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 1, 10–15. 41–43. 54–57. 62–64
І вялікі гнеў упаў на Ізраэль

Чытанне Першай кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Выйшаў корань граху — Антыёх Эпіфан, сын караля Антыёха, які быў заложнікам у Рыме, і пачаў валадарыць у сто трыццаць сёмым годзе панавання грэкаў.

У тыя дні выйшлі з Ізраэля сыны беззаконныя і пераконвалі многіх, кажучы: Пойдзем і заключым запавет з народамі, якія вакол нас, бо ад таго часу, як мы аддаліліся ад іх, спаткала нас шмат злога. І спадабалася гэтая іхняя прапанова. Некаторыя з народу ахвотна пайшлі да караля, і ён даў ім уладу выконваць абрады язычнікаў. І пабудавалі яны ў Ерузалеме язычніцкую гімназію, і пагардзілі абразаннем, і адступіліся ад святога запавету, і далучыліся да язычнікаў, і прадаліся, каб чыніць зло.

І напісаў кароль усяму каралеўству свайму, каб усе сталі адным народам і каб кожны пакінуў свой Закон. І ўсе народы прынялі гэты каралеўскі загад. Многім з Ізраэля спадабалася яго рэлігія, і прыносілі яны ахвяры ідалам, і зневажалі суботу.

У пятнаццаты дзень месяца кіслеў, сто сорак пятага года, узнеслі на ахвярніку спусташальную агіду, а ў навакольных гарадах юдэйскіх пабудавалі алтары і перад дзвярыма дамоў і на вуліцах прыносілі ахвяру каджэння, і кнігі Закону, якія знаходзілі, рвалі і палілі, а ў каго знаходзілі кнігу запавету, і хто выконваў Закон, таго па загаду караля забівалі.

Але многія сярод Ізраэля заставаліся непахіснымі і цвёрда вырашылі не есці нечыстага. Яны былі гатовыя нават памерці, каб не апаганіцца ежаю і не парушыць святы запавет; і яны памерлі. І вялікі гнеў упаў на Ізраэль.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 53 і 61. 134 і 150. 155 і 158 (Р.: пар. 88)

Рэфрэн: Ажыві мяне, і буду захоўваць Твае наказы.

53. Ахоплівае мяне абурэнне *
з-за грэшнікаў, што пакідаюць Твой Закон.
61. Сеці бязбожнікаў звязалі мяне, *
але я не забыў пра Твой Закон.

Рэфрэн:

134. Уратуй мяне ад людскога ўціску, *
каб мне захоўваць Твае наказы.
150. Набліжаюцца тыя, хто задумвае ліхое, *
яны далёка адышлі ад Твайго Закону.

Рэфрэн:

155. Далёка ад грэшнікаў выратаванне, *
бо яны не шукаюць Тваіх пастановаў.
158. Бачыў здраднікаў я і адчуваў агіду, *
бо не захоўваюць яны Твайго слова.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 18, 35–43
Што хочаш, каб я зрабіў табе? — Пане, каб я зноў бачыў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. І калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: Што хочаш, каб я зрабіў табе? Ён сказаў: Пане, каб я зноў бачыў. Езус сказаў у адказ: Будзь відушчым, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, аддаў хвалу Богу.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.