Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

ХХXІIІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 31, 10–13, 19–20, 30–31
Ахвотна працуе рукамі сваімі

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе?
Цана яе большая, чым перлаў.
Давярае ёй сэрца мужа яе,
і ён не застанецца без прыбытку.
Яна адплочвае яму дабром, а не злом,
ва ўсе дні ягонага жыцця.
Яна шукае воўну і лён
і ахвотна працуе рукамі сваімі.
Рукі свае працягвае да прáсніцы,
і пальцы яе трымаюць верацяно.
Далонь сваю працягвае ўбогаму
і руку сваю падае няшчаснаму.
Прывабнасць — гэта зман, а прыгажосць — гэта марнасць,
жанчына, якая баіцца Пана, годная пахвалы.
Аддавайце ёй паводле працы рук яе,
няхай хваляць ў брамах чыны яе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5 (Р.: пар. 1)

Рэфрэн:  Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана.

1. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана, *
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
2. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць, *
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.

Рэфрэн:

3. Жонка твая, як урадлівая вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.

Рэфрэн:

4. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, *
які баіцца Пана.
5. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну, *
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема ва ўсе дні жыцця свайго.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 5, 1–6
Каб дзень Пана не застаў вас, як злодзей

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты, бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы.

Калі будуць гаварыць: Мір і бяспека, — тады пагібель неспадзяваная прыйдзе да іх, быццам мукі да парадзіхі, і яны не ўцякуць. Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей; бо ўсе вы сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры.

Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Ян 15, 4а. 5b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас, — кажа Пан.
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 25, 14–15. 19–21
У малым ты быў верны, увайдзі ў радасць гаспадара твайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў.

Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.

Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне; вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Лекцыянарый, Разважанні, Нядзельная школа

Друкаваць