Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 7, 22 — 8, 1
Гэта ззянне вечнага святла і беззаганнае люстра Божага дзеяння

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Ёсць у мудрасці дух разумны і святы,
адзіны, разнастайны, далікатны,
рухлівы, ясны, беззаганны,
зразумелы, няшкодны, дабралюбны, востры,
нястрыманы, дабрачынны, чалавекалюбны,
пэўны, бяспечны, бесклапотны,
усемагутны і ўсёбачны,
які пранікае ва ўсе духі разумныя, чыстыя і найдалікатнейшыя.
Мудрасць рухлівейшая за ўсякі рух;
праходзіць і пранікае ва ўсё дзеля чысціні сваёй.
Гэта дыханне Божай моцы, чыстае выпраменьванне славы Усемагутнага,
і таму нічога бруднага ў яе не патрапіць.
Гэта ззянне вечнага святла,
і беззаганнае люстра Божага дзеяння,
вобраз дабрыні Ягонай.
Яна адна, але ўсё можа,
заўсёды застаецца сабой, але ўсё аднаўляе,
і праз пакаленні сыходзіць у душы святых,
рыхтуе сяброў Божых і прарокаў.
Бог любіць толькі таго, хто жыве ў мудрасці.
Яна прыгажэйшая ад сонца і ўсялякага сузор’я.
У параўнанні са святлом яна зойме першае месца,
бо за святлом надыходзіць ноч, а зло не пераможа Мудрасці.
Яна магутна разыходзіцца ад краю да краю,
з дабрынёю распараджаецца ўсім.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 89–90. 91 і 130. 135 і 175 (Р.: 89а)

Рэфрэн: Навекі, Пане, устаноўлена Тваё слова.

89. Навекі, Пане, *
устаноўлена Тваё слова ў нябёсах.
90. З пакалення ў пакаленне Твая вернасць, *
Ты ўмацаваў зямлю, і яна трывае.

Рэфрэн:

91. Паводле Тваіх судоў усё стаіць дагэтуль, *
бо ўсё Табе служыць.
130. Адкрыццё словаў Тваіх асвятляе *
і дае разуменне простым.

Рэфрэн:

135. Пакажы слузе Твайму святло свайго аблічча *
і навучы мяне Тваім пастановам.
175. Няхай жыве мая душа і праслаўляе Цябе, *
а Твае суды няхай мне дапамогуць.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 5

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны, — кажа Пан.
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 20–25
Валадарства Божае ёсць унутры вас

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Фарысеі спыталіся ў Езуса, калі прыйдзе Валадарства Божае. І Ён адказаў ім: Не прыйдзе Валадарства Божае прыкметна, і не скажуць: вось тут, — або: там. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас.

Сказаў таксама вучням: Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце. І скажуць вам: вось там, — або: вось тут, — але вы не ідзіце і не ганіцеся. Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень. Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць