Серада — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 6, 1–11
Слухайце, каралі, навучыцеся мудрасці
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Слухайце, каралі, і разумейце, вучыцеся, суддзі межаў зямных.
Схіліце вуха, вы, якія пануеце над мноствам
і ганарыцеся безліччу народаў.
Ад Пана дадзена вам улада,
а панаванне — ад Найвышэйшага,
які выпрабуе вашы справы і даследуе вашы намеры.
Бо вы, будучы слугамі Ягонага Валадарства, не судзілі справядліва
і не захоўвалі закону, і не ішлі за воляй Божай.
Ён грозна і хутка сыдзе на вас,
бо суровы будзе суд над тымі, хто пануе.
Найменшы праз міласэрнасць атрымае прабачэнне,
але моцныя будуць моцна пакараны.
Бо Валадар усяго не глядзіць на асобу, і не зважае на веліч,
таму што Ён стварыў і малога, і вялікага,
і аднолькава клапоціцца пра ўсіх,
але моцных чакае суровае выпрабаванне.
Да вас, уладары, — мае словы,
каб вы навучыліся мудрасці і не ўпалі.
Бо тыя, хто захоўвае ў святасці святое, асвяцяцца,
і навучаныя гэтаму — знойдуць абарону.
Таму жадайце словаў Маіх, прагніце і будзеце навучаныя.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 82 (81), 3–4. 6–7. (Р.: 8а)
Рэфрэн: Паўстань, о Божа, каб судзіць зямлю.
3. Рассудзіце беднага і сірату, *
апраўдайце прыгнечанага і ўбогага.
4. Вызваляйце беднага і ўбогага, *
вырывайце з рук бязбожных.
Рэфрэн:
6. Я сказаў: Вы — багі, *
і ўсе вы — сыны Найвышэйшага.
7. Але вы памрэце, як людзі, *
паўпадаеце, як кожны з вяльможаў.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Тэс 5, 18
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
За ўсё дзякуйце Богу,
бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 11–19
Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся.
І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні