Аўторак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 2, 23 — 3,9
У вачах неразумных здавалася, што яны памерлі, а яны спачываюць у спакоі
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Бог стварыў чалавека для несмяротнасці,
учыніў яго вобразам сваёй вечнасці.
Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць,
і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел.
Душы справядлівых у руках Бога
і не дакранецца да іх ніякая пакута.
У вачах неразумных здавалася, што яны памерлі,
а іх смерць лічылася няшчасцем,
іх адыход ад нас лічыўся знішчэннем,
а яны спачываюць у спакоі.
Хоць у вачах людзей яны здаваліся пакаранымі,
іх надзея поўная несмяротнасці.
Пасля невялікага пакарання
яны атрымаюць вялікія даброты,
таму што Бог выпрабаваў іх
і прызнаў годнымі сябе.
Выпрабаваў іх, як золата ў печы,
і прыняў іх, як ахвяру ўсеспалення.
Падчас наведвання яны засвецяць
і разыдуцца, як іскры ў трыснягу.
Будуць судзіць людзей і панаваць над народамі,
а Пан Бог будзе над імі валадарыць навекі.
Хто спадзяецца на Яго, той зразумее праўду,
а верныя будуць трываць пры Ім ў любові,
бо ласка і міласэрнасць будзе для Яго выбраных.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 34 (33), 2–3. 16–17. 18–19 (Р.: 2а)
Рэфрэн: Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы.
2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.
Рэфрэн:
16. Вочы Пана звернуты на справядлівых,
і вушы Яго — на іх крык.
17. Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, *
каб памяць пра іх сцерці з зямлі.
Рэфрэн:
18. Яны клічуць, і Пан чуе, *
і ад усіх бедаў іх выбаўляе.
19. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана, *
і зламаных духам Ён збаўляе.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 23
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 7–10
Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў: Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае?
І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні