Панядзелак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 1, 1–7
Мудрасць – гэта чалавекалюбны дух, Дух Пана напаўняе свет
Пачатак кнігі Мудрасці Саламона.
Любіце справядлівасць тыя, хто судзіць зямлю,
разважайце пра Пана ў дабрыні
і ў прастаце сэрца шукайце Яго.
Бо знаходзяць Яго тыя, хто не выпрабоўвае Яго,
і аб’яўляецца Ён тым, хто не зняверыўся ў Ім.
Бо ліхія думкі аддаляюць ад Бога,
і калі выпрабоўваюць Ягоную моц, яна пераконвае неразумных.
Мудрасць не прыйдзе да падступнай душы
і не паселіцца ў целе, што зняволена грахом.
Бо святы Дух выхавання пазбегне падману
і аддаліцца ад неразумных думак,
і засароміцца, калі прыйдзе несправядлівасць.
Мудрасць — гэта чалавекалюбны дух,
але таго, хто блюзніць вуснамі сваімі, яна не пакіне без пакарання,
таму што Бог — сведка ягонага нутра,
праўдзівы дазорац ягонага сэрца
і слухач ягонай мовы.
Бо Дух Пана напаўняе свет,
і той, які ахоплівае разам усё, ведае мову.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 139 (138), 1–3. 4–6. 7–8. 9–10 (Р.: 24b)
Рэфрэн: Скіруй мяне, Пане, на Твой шлях адвечны.
1. Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, *
2. Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі, †
3. Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, *
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Рэфрэн:
4. Яшчэ няма слова на маім языку, †
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё. *
5. З усіх бакоў мяне ахінаеш, і кладзеш на мяне сваю руку.
6. Незвычайнае для мяне разуменне Тваё, *
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.
Рэфрэн:
7. Куды пайду ад Духа Твайго *
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
8. Калі ўзыду на неба, Ты там; *
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Рэфрэн:
9. Калі вазьму крылы зараніцы *
і перасялюся на ўскраіну мора,
10. нават там рука Твая мяне павядзе, *
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 15–16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ззяеце, нібы светачы, у свеце,
трымаючы слова жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 1–6
Калі сем разоў на дзень звернецца да цябе, кажучы: Каюся, — даруй яму
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць. Лепш было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора, чым калі б стаў ён прычынаю падзення аднога з гэтых малых.
Сачыце за сабою. Калі ж брат твой зграшыць супраць цябе, дакары яго, а калі пакаецца, даруй яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: Каюся, — даруй яму.
І сказалі Апосталы Пану: Дадай нам веры. Пан сказаў: Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора, — і яна б паслухалася вас.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні