Аўторак — трыццаць першы звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 12, 5–16b
Мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены. Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: калі гэта прароцтва, мы павінны прарочыць згодна з вераю; калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — павучаць; калі заахвочванне — падбадзёрваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць — быць ласкавымі.
Любоў — некрывадушная. Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці не слабніце, духам палымнейце, служыце Пану; цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя; у патрэбах святых бярыце ўдзел; дбайце пра гасціннасць.
Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце.
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 131 (130), 1. 2. 3
Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.
1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.
Рэфрэн:
2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, — кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 14, 15–24
Ідзі на дарогі і загарадзі і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Адзін з тых, хто ўзляжаў з Езусам, сказаў Яму: Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым.
А Ён сказаў яму: Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. І калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова. І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца. Першы сказаў яму: Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне. Другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне. Іншы сказаў: Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці.
Вярнуўшыся, слуга той расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слузе свайму: Ідзі хутчэй на плошчы і на вуліцы гарадоў і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых. І сказаў слуга: Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца. Гаспадар сказаў слузе: Ідзі на дарогі і загарадзі і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой. Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні