Аўторак — трыццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 18–25
Надзея стварэння чакае адкрыцця сыноў Божых

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас. Таму што надзея стварэння чакае адкрыцця сыноў Божых. Стварэнне пакарылася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто пакарыў яго, у надзеі, што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых. Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага. Мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі нехта бачыць, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 126 (125), 1–2ab. 2cd–3. 4–5. 6 (Р.: 3а)

Рэфрэн:  Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас.

1. Калі Пан перамяніў лёс Сіёну, *
мы былі, быццам у сне.
2. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, *
а язык спяваў з радасці.

Рэфрэн:

Тады гаварылі між народамі: *
Вялікія рэчы ўчыніў Пан для іх!
3. Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас, *
і мы ўзрадаваліся.

Рэфрэн:

4. Змяні наш лёс, о Пане, *
як патокі на поўдзень.
5. Хто ў слязах сеяў, *
будзе з радасцю жаць.

Рэфрэн:

6. Хто ідзе і плача, *
несучы насенне, каб сеяць,
вернецца з радасцю, *
несучы снапы свае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пар. Мц 11, 25

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі,
бо таямніцы Валадарства Ты аб’явіў дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 18–21
Вырасла зерне і стала вялікім дрэвам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў: Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у садзе сваім. І вырасла яно, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галлі ягоным.

І зноў сказаў: З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж ўсё скісла.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць