Панядзелак — трыццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 12–17
Мы прынялі Духа ўсынаўлення, у якім клічам: Абба, Ойча!
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Мы даўжнікі не цела, каб жыць паводле цела: бо калі жывяце паводле цела, мусіце памерці; а калі духам забіваеце цялесныя ўчынкі, жыць будзеце. Бо ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Бо вы не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 68 (67), 2 і 4. 6–7аb. 20–21 (Р.: 21а)
Рэфрэн: Бог наш ёсць Богам, які збаўляе.
2. Няхай устане Бог, і рассеюцца ворагі Яго, *
няхай ненавіснікі Ягоныя ўцякаюць ад аблічча Яго.
4. А справядлівыя няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца перад Богам, *
і трыумфуюць у радасці.
Рэфрэн:
6. Айцец для сіротаў і суддзя ўдоваў –*
Бог у сваім святым жыллі.
7. Бог рыхтуе дом для самотных, *
вязняў выводзіць да шчасця.
Рэфрэн:
20. Няхай будзе благаслаўлёны Бог ва ўсе дні, *
нашыя цяжары носіць Бог, Ён нашае збаўленне.
21. Бог наш ёсць Богам, які збаўляе, *
у Пану Богу — ратунак ад смерці.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 17, 17ba
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Тваё, Пане, гэта праўда,
асвяці нас праўдаю Тваёю.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 10–17
Гэтую дачку Абрагама, ці не трэба было вызваліць ад путаў у дзень шабату?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус навучаў у суботу ў адной з сінагог. І вось была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала славіць Бога.
Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у суботу, сказаў народу: Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату.
Тады Пан сказаў яму ў адказ: Крывадушнік, ці не адвязвае кожны з вас у суботу вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць? А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?
Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні