Чацвер — дваццаць дзявяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 6, 19–23
Цяпер, вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі Бога

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Кажу паводле чалавечага разумення з-за слабасці цела вашага. Бо як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню і для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці. Бо калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці. Які ж плод мелі вы тады, што цяпер саромеецеся яго? Бо заканчэнне ягонае — смерць.

Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае. Бо расплата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: Пс 40 (39), 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных, †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных *
і між насмешнікаў не засядае;
8. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

9. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

10. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 3, 8–9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я ўсё прызнаю стратай і лічу смеццем,
каб набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 12, 49–53
Прыйшоў даць не спакой, але раздзяленне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
Бацька будзе супраць сына,
і сын супраць бацькі,
маці супраць дачкі,
і дачка супраць маці,
свякроў супраць нявесткі сваёй,
і нявестка супраць свякрові сваёй.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць