Субота — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёэл 4, 12–21
Пусціце ў рух сярпы, бо жніво саспела

Чытанне кнігі прарока Ёэля.

Так кажа Пан:

Няхай прачнуцца народы і прыйдуць у даліну Язафата, бо там буду сядзець Я, каб судзіць усе народы навокал. Пусціце ў рух сярпы, бо жніво саспела; прыходзьце і спусціцеся, бо давіла поўнае, і з кадзяў праліваецца, бо вялікае зло іхняе.

Натоўпы, натоўпы ў даліне Прысуду, бо дзень Пана блізка да даліны Прысуду. Сонца і месяц пацямнелі, зоркі страцілі свой бляск. Будзе грымець Пан з Сіёну і падыме голас свой з Ерузалема, і затрасуцца нябёсы і зямля, але Пан будзе прыстанішчам для свайго народа і цвярдыняю для сыноў Ізраэля. І даведаецеся, што Я — Пан, Бог ваш, які жыве на Сіёне, Маёй святой гары, і будзе Ерузалем святым, і чужынцы больш не пройдуць праз яго.

І будзе ў той дзень, што горы стануць крапаць маладым віном, і з пагоркаў пацячэ малако, і ўсе рэчышчы юдэйскія напоўняцца вадою, і крыніца пацячэ з дому Пана і напоіць даліну Шэцім. Егіпет ператворыцца ў пустыню, і Эдом — у спустошаны стэп за ўціск сыноў юдэйскіх і праліццё нявіннай крыві на зямлі іхняй. А Юда будзе жыць навекі, і Ерузалем — з пакалення ў пакаленне, бо адпомшчу за кроў іхнюю, за якую яшчэ не адпомсціў, і Пан паселіцца на Сіёне.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 97 (96), 1–2. 5–6. 11–12 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Радуйцеся справядлівыя ў Пану.

1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Воблака і цемра вакол Яго, *
справядлівасць і права — аснова Ягонага трону.

Рэфрэн:

6. Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Рэфрэн:

11. Святло ззяе для справядлівага, *
і радасць — для праведных сэрцам.
12. Радуйцеся, справядлівыя, у Пану *
і дзякуйце на ўспамін Ягонай святасці.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, хто слухае слова Божае
і захоўвае яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 27–28
Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус прамаўляў да народа, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!

А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць