Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чацвер — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 13 — 20а
Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Дзёрзкія супраць Мяне словы вашыя, — кажа Пан. А вы пытаеце: Што мы кажам супраць Цябе? Вы гаворыце: Марная справа — служыць Богу. Бо якая карысць, што мы захоўвалі Яго наказы і хадзілі ў жалобе перад Панам Магуццяў? А цяпер мы называем шчаслівымі ганарлівых, і тыя, хто чыніць беззаконне, уладкоўваюцца ды выпрабоўваюць Бога, і ўцякаюць. Так казалі адзін аднаму тыя, хто баіцца Бога. Але Пан прыслухаўся і пачуў, і была напісана перад Ім кніга ўспамінаў пра тых, хто баіцца Пана і ўшаноўвае Ягонае імя.

І яны будуць Мае, — кажа Пан Магуццяў, — Маёй уласнасцю ў дзень, які Я ўчыню. І буду літасцівы да іх, як літасцівы чалавек да сына свайго, які служыць яму. І тады зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожным, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму.

Бо вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ; тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень, — кажа Пан Магуццяў, — так што не пакіне ў іх ні карэння, ні галля. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6. (Р.: Пс 40 (39), 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

4. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пар. Дз 16, 14b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Адкрый, Пане, сэрца нашае,
каб мы прыслухоўваліся да словаў Твайго Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 5–13
Прасіце, і будзе дадзена вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.

Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Чацвер

Друкаваць

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Лістапад
    2017

    Тэатр Зніч

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.