Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Серада — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ён 4, 1–11
Ты шкадуеш расліну, ці ж і Я не пашкадую Нініву, вялікі горад

Чытанне кнігі прарока Ёны.

Калі Бог прабачыў нінівіцянам, гэта вельмі не спадабалася Ёне, і ён абурыўся. І маліўся да Пана, кажучы: Ці ж не гэта казаў я Табе, Пане, калі быў яшчэ на сваёй зямлі? Таму я спрабаваў уцячы ад Цябе ў Тарс. Бо я ведаў, што Ты добры і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы, і літуешся над нядоляй. І цяпер, Пане, прашу Цябе: забяры жыццё маё ад мяне, бо лепш памерці мне, чым жыць далей.

І сказаў Пан: Ці добра ты робіш, што абураешся?

І выйшаў Ёна з горада, сеў на ўсходнім баку горада і зрабіў там сабе будан, і сеў пад ім у цені, каб убачыць, што будзе адбывацца ў горадзе. А Пан Бог узгадаваў расліну, якая ўзнялася над Ёнам, каб быць ценем над ягонай галавою і абараняць яго ад нядолі ягонай. І ўсцешыўся вельмі Ёна гэтай расліне. На наступны дзень на самым світанні Бог учыніў так, што чарвяк падтачыў расліну, і яна засохла.

А калі ўзышло сонца, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер. Сонца стала пячы ў галаву Ёны, і ён знямог, і прасіў для сябе смерці, кажучы: Лепш мне памерці, чым жыць.

І сказаў Бог Ёне: Ці добра робіш, што абураешся з-за расліны? А той адказаў: Я моцна абураюся, ажно да смерці. І сказаў Пан: Ты шкадуеш расліну, дзеля якой ты не працаваў і якой не вырошчваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ноч загінула. Ці ж і Я не пашкадую Нініву, гэты вялікі горад, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія не могуць адрозніць правай рукі сваёй ад левай, і ў якім мноства жывёлы?

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 86 (85), 3–4. 5–6. 9–10 (Р.: 15b)

Рэфрэн: Ты, Пане, шматміласцівы і доўгацярплівы.

3. Змілуйся нада мною, Пане, *
бо ўвесь дзень Цябе я клічу.
4. Узрадуй душу слугі Твайго, *
бо да Цябе, Пане, я ўзношу сваю душу.

Рэфрэн:

5. Бо Ты, Пане, добры і выбачлівы, *
шматміласцівы да ўсіх, хто Цябе заклікае.
6. Пачуй, Пане, малітву маю, *
прыслухайся да голасу майго малення.

Рэфрэн:

9. Усе народы, створаныя Табою, †
прыйдуць і паклоняцца перад Тваім абліччам, Пане,*
і будуць праслаўляць імя Тваё.
10. Бо Ты вялікі і чыніш цуды, *
Ты — Бог, Ты адзіны.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Рым 8, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Мы прынялі Духа ўсынаўлення,
у якім клічам: Абба, Ойча!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 1–4
Пане, навучы нас маліцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў маліцца, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.

Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:
Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Серада

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2017

    Тэатр Зніч

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.

  • Верасень
    2017

    Тэатр Зніч

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.