4 кастрычніка — успамін св. Францішка Асізскага
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 6, 14–18
Праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету. Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але толькі новае стварэнне. І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым. Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на целе сваім раны Езуса.
Ласка нашага Пана Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 16 (15), 1–2а і 5. 7–8. 11 (Р.: пар. 5а)
Рэфрэн: Ты, Пане, частка спадчыны маёй.
1. Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся, *
2. Сказаў я Пану: Ты — мой Пан.
5. Пан частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.
Рэфрэн:
7. Благаслаўлю Пана, які дае мне параду, *
бо і ноччу вучыць мяне маё сэрца.
8. Пана я маю заўсёды перад вачыма, *
Ён праваруч мяне, і я не пахіснуся.
Рэфрэн:
11. Ты дарогу жыцця мне пакажаш, *
паўната радасці перад Табою,
вечнае шчасце *
праваруч Цябе.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
што таямніцу Валадарства Ты адкрыў дзецям.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 25–30
Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Францішак нарадзіўся ў Асізі ва Умбрыі і па прыкладзе свайго бацькі ў маладым узросце займаўся гандлем. Ён быў засцігнуты сур’ёзнай хваробай і, калі выздаравеў, пачаў больш аддана займацца справамі міласэрнасці. Бацька ж ягоны абураўся гэтым, і ён пакінуў усе даброты, даючы сабе большае права ў будучыні казаць: “Ойча наш, каторы ёсць у небе”. Пачуўшы ж у Евангеллі наказ аб беднасці апосталаў, ён зняў сандалі і пакінуў сабе толькі адну туніку. Здабыўшы яшчэ дванаццаць паплечнікаў, ён заснаваў ордэн братоў меншых, які пасля папярэджання з неба быў зацверджаны Вярхоўным Пантыфікам Інакенціем ІІІ і цудоўным чынам распаўсюдзіўся па свеце. Пазней ён у адзіноце накіраваўся на гару Альверна, дзе ў дзень Узвышэння святога Крыжа атрымаў святыя стыгматы ад Серафіма, які паміж сваімі крыламі нёс вобраз Укрыжаванага. На ягоных руках, нагах і на баку з’явіліся сляды цвікоў і кап’я. Праз два гады, у чацвёрты дзень да кастрычніцкіх нонаў (4 кастрычніка), пасля сур’ёзнай хваробы ён пабожна аддаў душу ў касцёле Маці Божай Анёльскай, дзе атрымаў ад Бога дух ласкі і дзе заклікаў братоў да беднасці, цярплівасці і трываласці ў веры святога Рымскага Касцёла (з Ютрані Рымскага Брэвіярыя 1961).
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні