Аўторак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 8, 20–23
Прыйдуць многія народы, каб шукаць Пана ў Ерузалеме

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Так кажа Пан Магуццяў:

Яшчэ прыйдуць сюды народы і жыхары шматлікіх гарадоў. І жыхары аднаго горада пойдуць да другога, кажучы: Хадземце маліцца перад абліччам Пана і шукаць Пана Магуццяў; пайду і я. І пойдуць многія народы і шматлікія плямёны, каб шукаць Пана Магуццяў у Ерузалеме і маліцца перад абліччам Пана.

Так кажа Пан Магуццяў: У тыя дні возьмуцца дзесяць чалавек з плямёнаў усіх і моваў, возьмуцца за крысо юдэя і будуць казаць: Мы пойдзем з вамі, бо чулі, што з вамі Бог.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 87 (86), 1–3. 4–5. 6–7 (Р.: Зах 8, 23)

Рэфрэн: Мы пойдзем з вамі, бо з вамі Бог.

1. Умацаванне Яго на святых гарах, *
2. любіць Пан брамы Сіёна
больш за ўсе шатры Якуба. *
3. Абвяшчаецца твая хвала, горад Божы.

Рэфрэн:

4. Узгадаю Егіпет і Вавілон сярод тых, хто ведае мяне, *
вось філістымляне і Тыр з Эфіопіяй скажуць: Той там нарадзіўся.
5. А пра Сіён будуць казаць: Кожны чалавек на ім нарадзіўся, *
і Усемагутны яго ўмацаваў.

Рэфрэн:

6. Пан напіша ў перапісе народаў: *
Гэты там нарадзіўся.
7. І ў танцы будуць спяваць: *
У табе ўсе крыніцы мае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 10, 45

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 51–56
Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.

Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць