Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

29 верасня — свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 9–10. 13–14
Тысячы тысячаў служылі Яму

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўні, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

Або:

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 12, 7–12а
Міхал і Анёлы ягоныя ваявалі з цмокам

Чытанне Апакаліпсіса святога Яна.

І ўзнялася вайна на небе: Міхал і Анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў ды ягоныя анёлы. Але не перамаглі і ўжо не знайшлося месца для іх на небе. І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя.

І пачуў я голас моцны, які казаў ў небе: Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым. І яны перамаглі яго, дзякуючы крыві Ягняці і дзякуючы слову сведчання свайго, і не палюбілі жыцця свайго аж да смерці. Таму радуйцеся нябёсы і ўсе, хто насяляе іх.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 4–5 (Р.: 1c)

Рэфрэн: Перад анёламі спяваю Табе, Пане.

1. Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, *
бо пачуў Ты словы вуснаў маіх.
Перад анёламі спяваю Табе, *
2. кланяюся перад святой Тваёй святыняй.

Рэфрэн:

І слаўлю імя Тваё *
за міласэрнасць Тваю і вернасць.
3. У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, *
павялічыў моц маёй душы.

Рэфрэн:

4. Будуць дзякаваць Табе, Пане, усе каралі зямлі,*
бо пачуюць словы Тваіх вуснаў.
5. І заспяваюць пра шляхі Пана, *
бо вялікая слава Пана.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 103 (102), 21

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўляйце Пана ўсе Ягоныя магуцці,
слугі Ягоныя, якія выконваюць Яго волю.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 1, 47–51
Убачыце анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману.

Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне?

Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю.

Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!

Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта.

І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Мы кажам, што існуе дзевяць станаў анёлаў, таму што дзякуючы сведчанню Святога Пісання мы ведаем, што існуюць Анёлы, Арханёлы, Моцы, Валадарствы, Княжанні, Панаванні, Троны, Херувімы і Серафімы [1]. Пра існаванне Анёлаў і Арханёлаў сведчыць амаль кожная старонка Святога Пісання. Пра Херувімаў і Серафімаў, як вядома, часта апавядаюць кнігі прарокаў. Назвы яшчэ чатырох станаў пералічвае апостал Павел, пішучы Эфесцам: “Вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне” [2] (Эф 1:21). Зноў жа, пішучы да Каласянаў, ён казаў: “Ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады” [3] (Клс 1:16). Калі ж да тых чатырох станаў, пра якія ён казаў Эфесцам, дадаць Троны, то атрымаецца пяць станаў. Калі ж да іх дадаць Анёлаў і Арханёлаў, Херувімаў і Серафімаў, то атрымаецца, што анёльскіх станаў дзевяць.

Трэба, аднак, ведаць, што імя Анёла з’яўляецца назвай служэння, а не натуры. Бо гэтыя святыя духі нябеснай айчыны заўсёды з’яўляюцца духамі, але ніякім чынам не могуць усе называцца Анёламі, бо толькі тады яны называюцца Анёламі, калі праз іх іншыя атрымліваюць пасланні. Таму і кажа Псальміст: “Ты сваіх духаў робіш Анёламі”, як быццам кажа: “Тых духаў, што заўсёды маеш пры сабе, Ты, калі пажадаеш, робіш Анёламі”. Тыя, хто абвяшчае меншае, называюцца Анёламі; тыя ж, хто абвяшчае большае, называюцца Арханёламі. Адсюль і атрымліваецца, што да Дзевы Марыі быў пасланы не які-небудзь просты Анёл, бо на гэтае заданне быў годны прыйсці Арханёл, які і абвясціў найвышэйшую вестку. З гэтай прычыны ўласныя імёны даюцца ім так, каб яны паказвалі, у якім служэнні яны моцныя. Міхал азначае “хто ж, як Бог?” Габрыэль азначае “моц Божая”; Рафал жа азначае “лек Божы”.

Кажуць, што кожны раз, калі трэба зрабіць што-небудзь незвычайна магутнае, пасылаецца Міхал, каб гэтым учынкам і ягоным імем даць зразумець, што нішто не можа быць зроблена так, як гэта робіць Бог. Таму і той даўнішні вораг, які ганарыста жадаў быць падобным да Бога, кажучы: “Падымуся на неба, над зоркамі нябеснымі ўзнясу трон свой, буду падобны да Найвышэйшага” (пар. Іс 14:13, 14), калі напрыканцы часоў будзе пакінуты на сваю ўласную моц дзеля знішчэння апошнім пакараннем, будзе біцца з Міхалам Арханёлам, як сказана Янам: “Была бітва з Міхалам Арханёлам” (пар. Ап 12:7). Да Марыі ж пасылаецца Габрыэль, імя якога азначае “моц Божая”, бо ён прыходзіў абвясціць Таго, хто пажадаў з’явіцца ў пакоры дзеля канчатковай перамогі над моцамі цемры [aereas potestates]. Рафал жа, як мы казалі, азначае “лек Божы”, бо ён, нібы лекар, дакрануўся да вачэй Тобія, развеяўшы цемру ягонай слепаты.

[1] Лац.: Angelos, Archángelos, Virtútes, Potestátes, Principátus, Dominatiónes, Thronos, Chérubim atque Séraphim.
[2] Лац.: Supra omnem Principátum, et Potestátem, et Virtútem, et Dominatiónem.
[3] Лац.: Sive Throni, sive Potestátes, sive Principátus, sive Dominatiónes.

Меткі: Свята, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні, Урачыстасць

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.