Панядзелак — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Езд 1, 1–6
Хто паходзіць з народа Пана, няхай скіруецца ў Ерузалем і пабудуе дом Пана

Пачатак кнігі Ездры.

У першы год панавання персідскага караля Кіра, дзеля спаўнення слова Панскага, абвешчанага вуснамі Ераміі, Пан натхніў персідскага караля Кіра. І ён абвясціў ва ўсім сваім каралеўстве, выдаўшы таксама пісьмова, загад, які наказваў:

Так кажа Кір, кароль Персіі: Пан, Бог нябесны, аддаў мне ўсе каралеўствы свету. Ён загадаў мне ўзнесці Яму дом у юдэйскім Ерузалеме. Хто з вас паходзіць з усяго народа Ягонага, няхай Пан Бог яго будзе з тым. Няхай той скіруецца ў юдэйскі Ерузалем і пабудуе дом Пана, Бога Ізраэля, — Бога, які ёсць у Ерузалеме.

А усім астатнім ва ўсіх месцах, дзе б ні жылі, няхай жыхары месца іхняга дапамогуць срэбрам, золатам, маёмасцю, жывёлаю, а таксама добраахвотнымі ахвяраваннямі на святыню Бога, які ёсць у Ерузалеме.

Тады старэйшыя сем’яў Юды і Бэньяміна, святары, і левіты, і ўсе, каго натхніў Пан, падняліся, каб ісці ў Ерузалем і будаваць святыню Пана, які ёсць у Ерузалеме. І ўсе, хто быў вакол, дапамаглі ім срэбным і залатым начыннем, маёмасцю, жывёлаю, каштоўнасцямі і ў дадатак — добраахвотнымі ахвяраваннямі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 126 (125), 1–2аb. 2cd–3. 4–5. 6 (Р.: 3а)

Рэфрэн: Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас.

1. Калі Пан перамяніў лёс Сіёну, *
мы былі, быццам у сне.
2. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, *
а язык спяваў з радасці.

Рэфрэн:

Тады гаварылі між народамі: *
Вялікія рэчы ўчыніў Пан для іх.
3. Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас, *
і мы ўзрадаваліся.

Рэфрэн:

4. Змяні наш лёс, о Пане, *
як патокі на поўдзень.
5. Хто ў слязах сеяў, *
будзе з радасцю жаць.

Рэфрэн:

6. Хто ідзе і плача, *
несучы насенне, каб сеяць,
вернецца з радасцю, *
несучы снапы свае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі,
каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі
і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ  Лк 8, 16–18
Свечку ставяць на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў народу: Ніхто, запаліўшы свечку, не хавае яе пад начынне і не ставіць пад ложак, але ставіць яе на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася. Таму зважайце, як слухаеце. Бо, хто мае, таму дадасца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць