Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 3, 1–13
Біскуп павінен быць бездакорным; таксама і дыяканы павінны захоўваць таямніцу веры ў чыстым сумленні

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Гэта слова годнае веры: калі хто прагне біскупства, ён жадае добрай справы. Таму біскуп павінен быць бездакорным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, прыстойным, гасцінным, здольным навучаць, не схільным да п’янства, не сварлівым, але спагадлівым, міралюбным і не прагным да грошай. Ён павінен добра кіраваць уласным домам і мець паслухмяных дзяцей з усёю годнасцю. Бо, калі хто не ўмее кіраваць уласным домам, як жа зможа клапаціцца аб Касцёле Божым?

Ён не павінен быць нэафітам, каб не заганарыўся і не патрапіў пад д’ябальскае асуджэнне. Ён павінен таксама мець добрае сведчанне ад тых, хто звонку, каб не патрапіць у пагарду і пастку д’ябла.

Таксама і дыяканы павінны быць годнымі, не падманлівымі ў мове, не злоўжываць віном і не карыслівымі, павінны захоўваць таямніцу веры ў чыстым сумленні. І такіх трэба спачатку выпрабоўваць, а потым няхай служаць, калі акажуцца бездакорнымі. Жанчыны таксама няхай будуць годнымі, не пляткаркамі, цвярозымі і вернымі ва ўсім.

Няхай дыякан будзе мужам адной жонкі, няхай добра кіруе дзецьмі і ўласным домам. Бо тыя, хто добра служыў дыяканам, здабываюць сабе годнае становішча і вялікую рашучасць веры ў Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 101 (100), 1–2аb. 2cd–3аb. 5. 6. (Р.: пар. 2с)

Рэфрэн: Стану перад Панам з чыстым сэрцам.

1. Я буду апяваць міласэрнасць і правасуддзе; *
буду спяваць Табе, Пане.
2. Буду разважаць над беззаганным шляхам, *
калі ж Ты прыйдзеш да мяне?

Рэфрэн:

Буду паступаць у бязвіннасці свайго сэрца *
пасярод свайго дому.
3. Не пакладу перад сваімі вачыма нікчэмнай рэчы; *
тых, хто паступае злачынна, я ненавіджу.

Рэфрэн:

5. Знішчу таго, *
хто патаемна абгаворвае свайго бліжняга;
ганарлівага вачыма і пыхлівага сэрцам *
не буду цярпець.

Рэфрэн:

6. Вочы мае скіраваны на верных зямлі, *
каб яны заставаліся са мною;
хто ходзіць шляхам беззаганным, *
той будзе мне служыць.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 11–17
Хлопча, кажу табе, устань

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і з Ім ішлі многія вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю.

Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: Не плач.

І падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся. І сказаў: Хлопча, кажу табе, устань.

Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І Езус аддаў яго маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.

І разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.